Аператыўны канал: інфармацыя Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта

Происшествия
05.10.2017 15:40
Узбуджана крымінальная справа супраць жыхара Смаргоні, які працуе бетоншчыкам на аб’екце асаблівай дзяржаўнай важнасці ў Астравецкім раёне.
rovd_miliciya_smorgon.jpg

Нядаўна высветлілася, што ў верасні 2014 года гэты мужчына прадаставіў у аддзел кадраў “Белэнергабуда”, філіяла ўпраўлення будаўніцтвам Беларускай АЭС, заведама фіктыўнае пасведчанне аб прысваенні яму 4 кваліфікацыйнага разраду па прафесіі “бетоншчык”. Зламыснік атрымаў яго за пэўнае ўзнагароджанне, звярнуўшыся на курсы павышэння кваліфікацыі ў Астраўцы.

*       *       *

Работніца ДРБУ-134 раніцай села ў гарадскі аўтобус і паехала на працу. У дарожна-будаўнічай арганізацыі яна паставіла сваю сумачку на столік і прынялася за выкананне службовых абавязкаў. Праз нейкі час жанчыне спатрэбіўся кашалёк, але яна не знайшла яго ў сваёй сумачцы. У кашальку знаходзіліся пластыкавая банкаўская картка і пін-код.

Пазней стала вядома, што з гэтай карткі нехта зняў немалую суму грошай. Па факце ўчыненага злачынства ўзбуджана крымінальная справа. Вырашаецца пытанне аб узбуджэнні яшчэ адной крымінальнай справы за крадзеж кашалька.

*       *       *

Госці – гэта не толькі радасць, але і галаўны боль. У гэтым пераканаўся жыхар дома па вул. Савецкай у Смаргоні. Ён распіваў спіртныя напіткі з выпадкова знаёмымі мужчынамі, потым на некалькі мінут выйшаў з пакоя. Прапажу 400 рублёў з партаманета, які ляжаў без нагляду на відным месцы, гаспадар заўважыў, калі госці пакінулі жытло.

*       *       *

З будуемага дома па вул. Маладзёжнай у вёсцы Клідзеняты нехта ўкраў 10 радыятараў ацяплення, цеплавую пушку, лесвіцу, тачыльны станок, а з гаража, які знаходзіцца на падворку, - зварачны апарат, маску зваршчыка, электраінструмент, аўтамагнітолу, электрычны падаўжальнік.

*       *       *

Двум мужчынам без пэўных заняткаў спатрэбіўся будаўнічы матэрыял. У магазін яны не пайшлі, укралі рубероід з чужога хлява.

*       *       *

Мясцовы мужчына адчуў сябе Атэлам, а ў сваёй жонцы ўбачыў Дэздэмону. І як герой з вядомага мастацкага твора, мужчына пачаў душыць ні ў чым не вінаватую жанчыну, сціскаў рукамі яе шыю, пагражаў забойствам.

Пракуратура раёна расцаніла гэтыя дзеянні як супрацьзаконныя і ўзбудзіла крымінальную справу.

*       *       *

Пакуль прадавец камісійнага магазіна “Добры майстар” абслугоўваў пакупніка, раней судзімы мужчына непрыкметна зняў са стэлажа наўтбук, схаваў яго пад адзенне і вынес з памяшкання.

Супрацоўнікі міліцыі хутка ўстанавілі і затрымалі злодзея, наўтбук у яго забралі і вярнулі ў магазін. Аматара чужога дабра чакае суровае пакаранне.

*       *       *

Раней судзімы мужчына вырашыў зрабіць сабе свята, пабіў акно і залез у дачны дом, які знаходзіцца ў Крэве. Неўзабаве да святочнага стала ў мужчыны ўжо былі бутэлька гарэлкі бутэлька шампанскага і харчовыя прадукты.

*       *       *

Мужчына сустрэў у Смаргоні наглядна знаёмых аматараў выпіць, якія дрэнна сябе адчувалі без папраўкі здароўя. Гараджанін вырашыў “палячыць” бедалагаў і запрасіў іх у свой дом. Госці ўкралі не толькі бутэльку бальзаму, але і 75 рублёў з сумачкі гаспадара, калі ён рыхтаваў пачастунак.

Інфармацыю раённага аддзела Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ. 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений