Аператыўны канал: інфармацыя Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта

Происшествия
07.09.2017 15:42
У райаддзел міліцыі паступіла паведамленне ад дзяжурнай медсястры прыёмнага пакоя аб тым, што ў рэанімацыйнае аддзяленне ЦРБ з агнястрэльнай ранай брушной поласці і правай рукі з вёскі Гарыдзеняты дастаўлены жыхар Маладзечанскага раёна. Ён атрымаў агнястрэльнае раненне падчас палявання на дзікіх качак на вадаёме, які знаходзіцца паблізу вёскі Андрэеўцы.

Было ўстаноўлена, што пацярпелы прыехаў на паляванне са сваім сябрам, мужчыны мелі пры сабе ліцэнзіі на адстрэл дзікіх качак. Праз нейкі час каля гэтага вадаёма спыніліся яшчэ трое мужчын. Мінчане – паляўнічыя, адзін з якіх мае дачу ў Гаранях, узялі з сабою на паляванне жыхара гэтай жа вёскі. Смаргонец стрэліў у бок качак і трапіў у паляўнічага з першай кампаніі.

Узбуджана крымінальная справа.
mvd_smorgon.jpg

*      *       *

Мужчына знайшоў паляўнічую стрэльбу, як паведаміў на допыце ў міліцыі, на падворку нежылога дома ў вёсцы Лашаны. Са стрэльбы зрабіў абрэз, з якога можна было страляць патронамі 16-га калібру. Зброю незаконна захоўваў.

Аднойчы падчас перазараджання адбыўся выпадковы стрэл, мужчына параніў сабе нагу. З агнястрэльным раненнем яго даставілі ў цэнтральную раённую бальніцу, тады і стала вядома пра абрэз.

*      *       *

Узбуджана крымінальная справа за дачу лжывых паказанняў супраць жыхара Смаргоні, індывідуальнага прадпрымальніка. Дапытаны ў якасці сведкі мужчына быў папярэджаны аб крымінальнай адказнасці, аднак не сказаў праўду аб вядомых яму абставінах абвінавачвання іншага чалавека ва ўчыненні злачынства, хацеў, каб той пазбегнуў адказнасці.

*      *       *

П’яны жыхар Смаргоні падабраў ключ да замка вадзіцельскіх дзвярэй аўтамабіля, залез у салон і, скарыстаўшы пакінуты ў салоне ключ ад замка запальвання, угнаў “Мазду” ад дома па вул. Юбілейнай. Па дарозе ён пашкодзіў два аўтамабілі, а потым учыніў дарожна-транспартнае здарэнне і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

*      *       *

Пракуратура раёна ўзбудзіла крымінальную справу супраць жыхара Смаргоні, які на вул. П. Балыша з хуліганскіх намераў тры разы стрэліў з пнеўматычнага пісталета па дарожных знаках і аўтобусным прыпынку.

*      *       *

Камбайнер адной з гаспадарак раёна на працягу некалькіх месяцаў гэтага года, на той час працуючы машыністам экскаватара, пры дапамозе магнітнай заправачнай карты падчас запраўкі на АЗС украў 1600 літраў дызельнага паліва.

Матэрыяльны ўрон склаў 2121 рубель.

*      *       *

Раней судзімы жыхар нашага горада не захацеў працаўладкоўвацца, на працягу некалькіх месяцаў залазіў у будуемыя прыватныя дамы і краў адтуль электраінструмент, які прадаваў у Маладзечне.

Узбуджана крымінальная справа. Аматара чужога дабра змясцілі пад варту.

*      *       *

Нехта з хуліганскіх намераў пашкодзіў лакафарбавае пакрыццё задніх левых дзвярэй і пярэдняга левага крыла ў аўтамабілі, які з парушэннем Правілаў дарожнага руху быў прыпаркаваны каля краю праезнай часткі вуліцы Кірава ў Смаргоні.

Узбуджана крымінальная справа.

Інфармацыю раённага аддзела Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений