Аператыўны канал: інфармацыя Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта

Закон и порядок
12.01.2018 14:23
Бясснежнай зімой у зладзеяў па-ранейшаму карыстаюцца попытам веласіпеды. Аматары чужога дабра адсочваюць пакінутыя без нагляду двухколавыя транспартныя сродкі і ў зручны момант, калі нікога няма паблізу, крадуць іх.
rovd_miliciya_smorgon.jpg

Вось і нядаўна веласіпед беларускай вытворчасці трапіў на вочы нейкаму зладзеяватаму чалавеку. З падворка дома “Бусел” знік за лічаныя хвіліны. Час сутак гэтаму спрыяў – было цёмна.

Пацярпеламу вяскоўцу не пазайздросціш, бо ён з’яўляецца беспрацоўным і не мае за што купіць новы двухколавы транспартны сродак. Але вінаваты сам, бо не трэба пакідаць свае рэчы без нагляду.

*       *       *

Напэўна, у жыхара вёскі Груздава Маладзечанскага раёна многа вольнага часу, хаця працуе ён аператарам машыннага даення ў ААТ “Палачаны”. Нейкім чынам гэты дояр пазнаёміўся з жыхаром Маладзечна, і яны ўдвух пусціліся ў няблізкі шлях. Месцам прыпынку вандроўнікі выбралі вёску Клідзеняты нашага раёна. Але не для таго, каб адпачыць. Іх цікавіла тое, што дрэнна захоўваецца. У выніку крымінальных дзеянняў маладзечанскіх “гасцей” у адным доме не далічыліся маёмасці.

*       *       *

Ці ў жыхара вёскі Слабсны непрыязнасць да ўсіх службовых аўтамабіляў, ці толькі да некаторых з іх, але пакуль што пацярпеў адзін. Ён быў часова пакінуты без нагляду. А калі вадзіцель вярнуўся, каб паехаць па нейкіх сваіх справах, то не змог гэтага зрабіць. Транспартны сродак заводзіўся і нават кранаўся з месца, але з цяжкасцю. Прычына дрэннай рухомасці аўтамабіля была выяўлена хутка: парэзанымі аказаліся два колы.

*       *       *

Жыхар мікрараёна Карані стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі. Яму б быць цішэй вады і ніжэй травы, паколькі трапіў пад прэвентыўны нагляд, бо супрацоўнікі праваахоўных органаў прыедуць і паглядзяць, чым займаецца іх падапечны. Аднойчы ў вызначаны час міліцыянеры не засталі мужчыну дома. Гэтага хапіла для ўзбуджэння крымінальнай справы.

*       *       *

Мужчына з вёскі Завозерцы захацеў абвесці вакол пальца супрацоўніка міліцыі, каб пазбегнуць адказнасці за згублены ваенны білет. Для гэтага была падрыхтавана праўдападобная версія аб тым, што на чыгуначным прыпынку Беласельскі ў яго нехта ўкраў сумку. У ёй знаходзіліся кашалёк, запісная кніжка, ваенны білет, дыплом аб заканчэнні Вілейскага сельскагаспадарчага ліцэя, два сертыфікаты аб навучанні  на катэгорыі “В-С-Е”, вадзіцельская карта, дакументы на аўтамабіль.

Цяпер мужчыну чакаюць непрыемнасці, бо ён загадзя быў папярэджаны аб крымінальнай адказнасці за заведама лжывае паведамленне.

*       *       *

У рамках распараджэння Міністэрства ўнутраных спраў “Аб мерах рэагавання на факты неўстаўных узаемаадносін ваеннаслужачых”  была атрымана інфармацыя  аб тым, што ў адной з вайсковых часцей, якая дыслакуецца на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, камандзір роты дапускаў выпадкі неўстаўных узаемаадносін з падначаленымі.

*       *       *

У садаводчым таварыстве “Вяснянка” злодзей залез праз незачыненае акно ў дачны дом і ўкраў адтуль мікрахвалевую печку і дзве бутэлькі гарэлкі.

Пацярпеламу жыхару Смаргоні быў прычынены матэрыяльны ўрон на агульную суму 40 рублёў.

Інфармацыю раённага аддзела Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений