Аб прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця Смаргонскага раёна на 2018 год

Местное управление и самоуправление
12.01.2018 14:08
На апошнім мінулагоднім сумесным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў былі разгледжаны тры пытанні: “Аб прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2018 год”, “Аб праекце раённага бюджэту на 2018 год” (іх зацвердзілі дэпутаты) і “Аб ходзе выканання мерапрыемстваў па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 гогда №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.
райисполком.JPG

У сумесным пасяджэнні мясцовых выканаўчай і прадстаўнічай уладаў прынялі ўдзел старшыні райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў Генадзь Харужык і Іван Рамановіч, кіраўнікі і спецыялісты аддзелаў і службаў раённага выканаўчага камітэта, іншых устаноў, а таксама намеснік міністра юстыцыі Андрэй Аўдзееў.

З інфармацыяй па першым пытанні выступіла намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Шчэберака. Яна адзначыла, што асноўнымі ключавымі паказчыкамі эфектыўнай работы раённага выканаўчага камітэта ў 2018 годзе будуць з’яўляцца экспарт тавараў, экспарт паслуг і прамыя замежныя інвестыцыі. Дзейнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раённага падпарадкавання будзе ацэньвацца па экспарце тавараў і паслуг (калі суб’екты гаспадарання ажыццяўляюць знешнеэканамічную дзейнасць), рэнтабельнасці продажу, зніжэнні ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі.

У развіццё раёна асноўны ўклад уносіць прамысловы комплекс. І на 2018 год запланавана павелічэнне выпуску прамысловай прадукцыі. Сярод яе найбольшая ўдзельная вага прыпадае на вырабы з дрэва і паперы. Асноўныя таваравытворцы – “Кранаспан”, “Халес” і “Эліс”. На “Кранаспане” будуць уведзены ў эксплуатацыю дзве тэхналагічныя лініі - лінія ламініравання МДФ і лінія ламініравання драўняных пліт. “Халесу” і “Элісу” пастаўлена задача па недапушчэнні зніжэння аб’ёмаў выпуску прадукцыі, забеспячэнні павелічэння вытворчасці ў фактычных цэнах.

Харчовыя прадукты выпускаюць тры прадпрыемствы - малаказавод, хлебазавод і камбінат хлебапрадуктаў. Сёлета на малаказаводзе неабходна стварыць умовы для прыцягнення інвестыцый на тэхнічнае пераўзбраенне вытворчасці, зніжэнне сабекошту выпускаемай прадукцыі, паляпшэнне яе якасці і выхаду на прыбытковую работу. У планах - рэканструкцыя сушыльнай устаноўкі. Хлебазавод і камбінат хлебапрадуктаў таксама прымуць меры па нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці. 

Удзельная вага машын і абсталявання ў аб’ёме вытворчасці прамысловай прадукцыі раёна складае больш за 10 працэнтаў. Асноўны таваравытворца - агрэгатны завод. План гэтаму прадпрыемству сфарміраваны на аснове прагназуемага попыту на сельскагаспадарчую тэхніку. Плануюць павялічыць выпуск прадукцыі завод аптычнага станкабудавання і ліцейна-механічны завод.

Намаганні працоўнага калектыву філіяла “Смаргоньсілікатабетон” ААТ “Краснасельскбудматэрыялы” будуць накіраваны сёлета на  далейшае ўдасканаленне існуючай вытворчасці, павышэнне якасці выпускаемай прадукцыі, эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў, арганізацыю работы з пастаўшчыкамі сыравіны, матэрыялаў і абсталявання, захаванне існуючых і асваенне новых рынкаў збыту.

Развіццё сельскай гаспадаркі плануецца за кошт прыросту прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Прадоўжыцца будаўніцтва жылля, іншых аб’ектаў. У гандлі павелічэнне тавараабароту будзе забяспечана дзеючымі прадпрыемствамі і за кошт адкрыцця новых гандлёвых аб’ектаў.

Сацыяльная накіраванасць бюджэту

Прадстаўляючы праект раённага бюджэту  на 2018 год, начальнік райфінаддзела Галіна Булыга сказала, што падатковая палітыка ў 2018 годзе бу-дзе накіравана на спрашчэнне налічэння і выплаты падаткаў і ўдасканаленне падатковага адміністравання.

Асноўнымі падатковымі кры-ніцамі фарміравання раённага бюджэту з’яўляюцца  падаходны падатак з фізічных асоб, падатак на дабаўленую вартасць, падатак на ўласнасць; паступленні пазападатковых выплат. У гэтым годзе, як і ў папярэдніх гадах, захавана сацыяльная накіраванасць бюджэту – 77,8%. Асноўны яго спажывец - сістэма адукацыі. Грошы будуць выдаткоўвацца на зарплату работнікаў, абнаўленне і падтрымку матэрыяльна-тэхнічнай базы школ і дашкольных устаноў. Пэўная частка бюджэтных фінансавых сродкаў запланавана  на дзейнасць медыцыны ў раёне. 

У раённым бюджэце прадугледжаны расходы на агульнадзяржаўную  дзейнасць. Будуць прафінансаваны органы мясцовага кіравання і самакіравання, архіўныя ўстановы, рэзервовыя фонды, аграрны сектар, кампенсаваны затраты на гарадскіх пасажырскіх перавозках. Пэўныя адлічэнні запланаваны па лініі ЖКГ на капітальны і бягучы рамонт жылфонду,  добраўпарадкаванне населеных пунктаў, на фізкультуру і спорт, утрыманне ўстаноў культуры і правядзенне культурных мерапрыемстваў, захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Каардынацыя дзейнасці

У раёне праводзіцца значная работа па выкананні Дэкрэта №18, прымаюцца меры дзяржаўнай абароны дзяцей у нядобранадзейных сем’ях. Штомесяц абнаўляецца інфармацыя ў банку даных аб непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзецях, якія маюць патрэбу ў абароне, асобах, якія павінны кампенсаваць затрачаныя дзяржавай сродкі на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, ажыццяўляецца аператыўны абмен інфармацыяй паміж зацікаўленымі службамі.

Параўнальны аналіз паказаў, што аператыўнае вывучэнне паступаючай інфармацыі  дазволіла прымаць рашэнні аб своечасовай пастаноўцы на ўлік непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.  Але на фоне пазітыўных тэндэнцый у рабоце па прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці захоўваецца тэндэнцыя да павелічэння сацыяльнага сіроцтва. Ёсць выпадкі шаблоннасці ў складанні планаў ва ўстановах, сустракаюцца выпадкі непрадастаўлення кіраўнікамі арганізацый, дзе працуюць гора-бацькі, мерапрыемстваў па рабоце з данай катэгорыяй грамадзян.

Што датычыць абавязаных асобаў, то  іх працаўладкоўваюць, а тыя, хто ў бягах, аб’яўлены ў вышук. Летась праз мясцовую службу занятасці былі працаўладкаваны ўсе абавязаныя асобы, якіх суд накіраваў для працаўладкавання. Адну жанчыну ў наручніках прыйшлося дастаўляць  на медкамісію ў паліклініку.

Ёсць пытанні па кампенсацыі расходаў асобамі, якія знаходзяцца ў Навагрудскім лячэбна-працоўным прафілакторыі. Там не ўсіх забяспечваюць работай. Некаторыя  зняволеныя, якія знаходзяцца ў турмах, таксама не працуюць і не кампенсуюць фінансавыя затраты дзяржаве, якая ўтрымлівае іх дзяцей. Доўг пастаянна павялічваецца.

Намеснік міністра юстыцыі Андрэй Аўдзееў пацікавіўся ў прысутных, ці патрэбны карэкціроўкі Дэкрэта №18. Было адзначана, што няма дакладнага прававога механізма ў рабоце з асобамі, якія маюць псіхічныя расстройствы, а таксама для адабрання ў экстраным парадку дзяцей з нядобранадзейных сем’яў. Усе заўвагі былі прыняты да ведама.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений