Прэс-тур па Карэліцкай зямлі

Власть
08.07.2019 16:10
677
На мінулым тыдні Карэліцкая зямля прымала журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.

У пачатку прэс-тура старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак расказаў пра мінулае і сучаснае раёна. Адметна, што свой аповед старшыня распачаў не з гутаркі пра эканамічныя паказчыкі. У першую чаргу ён расказаў пра развіццё сацыяльнай сферы, прыгадаў імёны знакамітых землякоў. І толькі пасля пайшла гутарка пра развіццё сельскай гаспадаркі і прамысловасці.

Як адзначыў Віктар Шайбак, па многіх паказчыках развіцця сельскагаспадарчай галіны Карэліцкі раён значна абыходзіць шматлікія іншыя раёны вобласці. Карэлічы займаюць перадавыя пазіцыі па вытворчасці мяса і малака, раслінаводстве. Сярэднесутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы за 2018 год склалі 721 грам. Гэты паказчык з'яўляецца другім вынікам сярод раёнаў Гродзенскай вобласці і вышэй за сярэднеабласны на 81 грам. Вытворчасць у жывой вазе свіней у 2018 годзе склала 7400,6 тоны, У цэлым па раёне сярэднесутачныя прывагі свіней дасягнулі 696 грамаў, што на 85 грам больш за ўзровень 2017 года. Гэта чацвёрты паказчык па выніках працы за 2018 год сярод раёнаў Гродзенскай вобласці.

Пасля гутаркі са старшынёй райвыканкама ўдзельнікі прас-тура наведалі шматлікія цікавыя аб’екты. Першым пунктам маршрута стаў Карэліцкі маслацэх ААТ "Навагрудскія дары". Журналістам паказалі, што ўяўляе сабой вытворчасць некаторых відаў сыроў, а пасля запрасілі на дэгустацыю. Сыры духмяны “Каралеўскі”, “Сулугуні класічны”, “Maasdam elit”, звышцвёрды “Пармезан” і іншыя ўсмакаваліся ўдзельнікам. На агульным фоне сыроў тыповай жоўтай афарбоўкі кідаліся ў вочы элітныя сыры зялёнага і парпуровага колераў – апошнія распрацоўкі прадпрыемства.

У Карэлічах удзельнікі наведалі таксама мясцовы загс, а пасля адправіліся ў падарожжа па Міры – яшчэ аднаму гарадскому пасёлку Карэліцкага раёна. Тут журналістам паказалі новы, выдатна абсталяваны дзіцячы сад, гасцінічны комплекс “Мірскі пасад” і музей-сядзібу. Завяршыўся прэс-тур у Мірскім замку, дзе старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў правёў прэс-канферэнцыю. Спачатку кіраўнік абласной вертыкалі ўлады расказаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Гродзеншчыны, а пасля адказаў на пытанні журналістаў.

Уладзімір Краўцоў адразу звярнуў увагу на тое, што Мірскі замак - адзін з трох аб'ектаў у вобласці, уключаных у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Аб’ект заўсёды прыцягвае турыстаў. За апошнія 9 гадоў яго наведалі больш за два мільёны гасцей.

Разважаючы пра сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці, Уладзімір Краўцоў адзначыў, што ключавыя паказчыкі за студзень-май 2019 года выконваюцца, назіраецца рост валавога рэгіянальнага прадукту. На вызывае заклапочанасці сітуацыя з беспрацоўем. Наадварот, у раёнах па-ранейшаму адчуваецца недахоп людзей рабочых спецыяльнасцей.

Шмат тэм было абмеркавана падчас ажыўленага дыялогу з журналістамі. Прадстаўнікоў СМІ цікавілі многія пытанні: ад экалагічных праблем да пытанняў трансгранічнага супрацоўніцтва.

Першае пытанне, якое прагучала з залы, тычылася надыходзячай уборачнай кампаніі і відаў на ўраджай. Уладзімір Краўцоў адзначыў, што ў гэтым годзе надвор’е не было спрыяльным для збожжавых культур. Распачаць жніво плануецца ў сярэдзіне ліпеня. У параўнанні з мінулым годам сёлета прагназуецца больш высокая ўраджайнасць. Добры ўраджай павінна даць кукуруза. Сёлета ў раёнах вобласці яе было пасеяна на 12 тысяч гектараў больш, чым летась.

Адказваючы на пытанне, якое тычылася трансгранічнага супрацоўніцтва, старшыня аблвыканкама адзначыў, што Гродзеншчына актыўна працуе ў гэтым напрамку. Па праграмам трансгранічнага супрацоўніцтва ў 2014-2020 гадах будзе рэалізавана амаль 60 праектаў у розных сферах на суму каля 30 мільёнаў еўра. Інвестпраекты рэалізуюцца ў Лідзе, Смаргоні, Мастах. У жніўні мінулага года да іх дадалася новая пляцоўка - у Свіслацкім раёне агульнай плошчай звыш 400 гектараў.

Журналістаў цікавілі таксама пытанні летняй аздараўленчай кампаніі, стан павярховых водаў, а таксама развіццё галіны спорту. На ўсе пытанні Уладзімір Краўцоў даў вычарпальныя адказы. Завершылася прэс-канферэнцыя прыемным момантам. Былі названы і ўзнагароджаны пераможцы абласнога спаборніцтва сярод газет, тэле- і радыёпраграм, а таксама журналістаў СМІ Гродзеншчыны.

IMG_9203.JPG

IMG_9210.JPG

IMG_9214.JPG

IMG_9215.JPG

IMG_9219.JPG

IMG_9225.JPG

IMG_9235.JPG

IMG_9236.JPG

IMG_9237.JPG

IMG_9239.JPG

IMG_9255.JPG

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений