Падчас прамой тэлефоннай лініі з Генадзем Харужыкам людзі скардзіліся на працу камунальнай службы

Власть
14.06.2019 12:21
676
У мінулую суботу старшыня райвыканкама Генадзь Харужык правёў прамую тэлефонную лінію. Людзі звярталіся з рознымі пытаннямі.

Так, жыхарка мікрараёна Карані паскардзілася на тое, што ў сродках масавай інфармацыі і на дошках аб’яў у пад’ездах дамоў не было паведамлення абадключэнні РЭС электраэнергіі.

Заўвагі тычыліся і работы камунальнай службы. Па словах жанчыны, у ЖРЭС і ЖКГ не хапае рабочых - электрыкаў, сантэхнікаў. На адзін мікрараён – два чалавекі, якіяпры паступленні вялікай колькасці заявак на ўхіленне няспраўнасцей не могуць своечасова справіцца з гэтай работай. Таму пенсіянерка прапанавала павялічыць колькасць абслуговага персаналу ў камунальнай службе.

Жанчыне паведамілі, што з працоўным калектывам раёна электрасетак будзе праведзена растлумачальная работа аб недапушчэнні адключэння электраэнергіі без папярэдняга інфармавання жыхароў. Што датычыць колькасці работнікаў РУП “ЖКГ” і ЖРЭС, то іх нельга павялічыць згодна з устаноўленымі нарматывамі.

Жыхарка Солаў паскардзілася на нездавальняючую якасць пітной вады. Адказ быў такі: у бліжэйшы час у гэтым аграгарадку плануецца будаўніцтва станцыі абезжалезвання, як, дарэчы, і ў іншых аграгарадках раёна, дзе ёсць такая ж праблема. Другое пытанне жанчыны тычылася падачы гарачай вады ў шматпавярховыя жылыя дамы. Яна падаецца з 17 гадзін. РУП “ЖКГ” было даручана зрабіць разлікі для вызначэння кошту гарачага водазабеспячэння, калі яно будзе ў кватэрах цэлы дзень. На сходзе у жыльцоў неабходна пацікавіцца: згодны яны плаціць павялічаную суму грошай? У выніку сцвярджальнага адказу ўсімі жыльцамі шматпавярховых дамоў кацельня будзе пераведзена на больш працяглы рэжым работы. Бо пры невялікай колькасці спажыўцоў яна прынясе страты ЖКГ.

Яшчэ жанчына закранула добраўпарадкаванне двара, каб там былі зроблены клумбы, пасаджаны маладыя дрэўцы. Але на такія віды работ не выдаткоўваюцца грошы, толькі на капітальны рамонт будынкаў, уборку прыдамавой тэрыторыі. Што датычыць апошняга, то дворнік абавязаны ўбіраць тады, калі з жыльцамі дамоў заключаны адпаведны дагавор. У адваротным выпадку парадак каля шматпавярховак павінны падтрымліваць самі жыльцы.

Старшыня райвыканкама пацікавіўся ў жыхаркі Солаў, чаму ў жыльцоў не ўзнікла жаданне самім пасадзіць дрэўцы. Людзі парою не задумваюцца аб тым, што для таго, каб было прыгожа каля іх дома, трэба самім зрабіць нешта карыснае.

Жыхар Кушлянаў патэлефанаваў наконт рамонту мясцовага Дома культуры. Там працякае дах. Мясцовая ўлада аб гэтым ведае, цяпер разглядаецца пытанне: дзе ўзяць фінансавыя сродкі для рамонту Кушлянскага Дома культуры. Гэта культурная ўстанова працуе, праводзяцца розныя канцэрты, створаны гурткі, мясцовыя жыхары з’яўляюцца  пастаяннымі наведвальнікамі

Паступіла тэлефанаванне з вуліцы Кірава ў Смаргоні. Увага была звернута на тое, што там участак дарожнага палатна з дрэнным асфальтавым пакрыццём. Старшыня райвыканкама Генадзь Харужык адправіў гэтае пытанне ў адміністрацыю РУП “ЖКГ”.

Жыхарка з дома 74Б па вуліцы Трактарнай паведаміла аб тым, што тут паклалі тратуар, але толькі да шматпавярховых дамоў, якія былі нядаўна пабудаваны. А далей, да канторы былой сельгастэхнікі, няма тратуара, і людзям прыходзіцца ісці па праезнай частцы, што вельмі небяспечна, паколькі цяпер на гэтай вуліцы інтэнсіўны рух аўтамабіляў. Кіраўнік раёна запэўніў жанчыну, што будзе адшуквацца магчымасць падаўжэння тратуарнай дарожкі.

Былі іншыя пытанні, якія тычыліся навядзення парадку ў прыватным сектары. Людзям патлумачылі, што згодна з правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў гаспадары павінны ўтрымліваць свае домаўладанні ў належным выглядзе, пры неабходнасці наводзіць там парадак.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений