Да дня супрацоўнікаў спецыяльных устаноў і канвойных падраздзяленняў: Смаргонскі ізалятар часовага ўтрымання

МВД
19.06.2017 12:35
16 чэрвеня 1935 года у сувязі з перафарміраваннем 225-га канвойнага палка ўнутранай аховы і  252-га  асобнага канвойнага дывізіёна ўнутранай аховы функцыі па ахове і канваіраванні асоб, якія знахо-дзяцца пад вартай, былі перададзены органам рабоча-сялянскай міліцыі. Рашэнне аб гэтым прыняў Народны камісарыят унутраных спраў БССР. Але прафесійнае свята пачалі адзначаць з 2010 года. Яно ўжо датычылася не толькі супрацоўнікаў канвойных падраздзяленняў, але і спецыяльных устаноў.

Сморгонь_изолятор_милиция_2.jpg

Начальнік ізалятара часовага ўтрымання Руслан ТКАЧОЎ гутарыць з фельчарам гэтай жа ўстановы Таццянай ГЕДРОЙЦЬ.

 Калі ўзяць, напрыклад, ізалятар часовага ўтрымання райаддзела міліцыі, то ў яго структуры акрамя канвойнага існуе падраздзяленне па нагляду за асобамі, якія ўтрымліваюцца пад вартай у спецыяльнай установе. А канвойнае падраздзяленне займаецца канваіраваннем змешчаных пад варту асоб у суды, дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя, для правядзення следчых дзеянняў па заяўках раённага аддзела Следчага камітэта, суда, іншых зацікаўленых органаў.

Будынак, у якім знаходзіцца ізалятар часовага ўтрымання, быў узведзены ў 1924 годзе. Ён меў рознае прызначэнне і толькі з 1974 года пачаў выкарыстоўвацца для ўтрымання асоб, якія ўчынілі злачынствы.

Як адзначыў начальнік ізалятара часовага ўтрымання Руслан Ткачоў, калектыў гэтага падраздзялення дружны, згуртаваны. Ёсць ветэраны, супрацоўнікі, якія набраліся пэўнага вопыту ў службе, і маладыя. Усе яны разам нясуць службу пры канваіраванні зняволеных альбо ў ізалятары часовага ўтрымання.

Адным з лепшых супрацоўнікаў з’яўляецца Віктар Манчак. Ён ветэран ізалятара часовага ўтрымання, перадае свой багаты службовы вопыт маладым супрацоўнікам. Добра зарэкамендаваў сябе Дзмітрый Кучко, вадзіцель спецыяльнага аўтамабіля, прыстасаванага для перавозкі зняволеных. Паўгода таму перайшоў з ППСМ у ІЧУ Віктар Паховіч, але і за гэты кароткі адрэзак часу ён выйшаў у лідары. Добрых слоў заслугоўвае Сяргей Курмель, які перавёўся ў смаргонскі ізалятар часовага ўтрымання са сталічнай службы аховы. Родам ён з Сыраватак.

Сморгонь_изолятор_милиция_1.jpg

Таццяну Гедройць называюць у ізалятары часовага ўтрымання “легендарным чалавекам”. Яна фельчар і паўнапраўны член мужчынскага калектыву. Калісьці скончыла з залатым медалём школу, з чырвоным дыпломам - Юрацішкаўскае медыцынскае вучылішча. У райаддзеле міліцыі – з 1976 года. 27 гадоў адпрацавала ў медыцынскім выцвярэзніку, амаль 5 – у ізалятары часовага ўтрымання.

Таццяна Мікалаеўна сказала, што ёй падабаецца ў міліцыі, тут дысцыпліна, парадак, годны мужчынскі калектыў.

Фельчар аказвае не толькі медыцынскую дапамогу, яна ўважліва ставіцца да людзей, якія знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання, у выпадку неабходнасці супакоіць, падтрымае. Таму і ў свой адрас жанчына атрымлівае толькі станоўчыя выказванні.

У абавязкі фельчара ізалятара таксама ўваходзіць своечасовае выяўленне сімптомаў інфекцыйных захворванняў, ізаляцыя хворага. Усе зняволеныя абследуюцца на педыкулёз, каб не было распаўсюджвання гэтай хваробы, праводзіцца прафілактычная і санітарна-эпідэміялагічная работа.

Хаця будынак і стары, але тут удаецца падтрымліваць чысціню і парадак. Бялізну мыюць у пральні, якая знаходзіцца на тэрыторыі ЦРБ. Увага надаецца бяспечнаму захоўванню харчовых прадуктаў, якія сваякі прыносяць зняволеным. Для гэтага ёсць халадзільнік.

Нядаўна былі выдзелены грошы для выканання рамонту ў камерах. Дзякуючы будаўнікам яны набываць сучасны выгляд, выразна адрозніваюцца ад памяшканняў, дзе пакуль яшчэ не было рамонту. У адрамантаваных камерах ужо ўстаноўлены двух’ярусныя ложкі, а не нары.

Ягор КАРЫЦКІ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений