У Смаргоні прайшла чарговая камісія па ахове працы

Охрана труда
06.10.2017 15:17
На камісіі па ахове працы, папярэджанні вытворчага траўматызму і прафесійнай захворваемасці пры райвыканкаме, якую ўзначальвае намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Таццяна Шчэберака, было разгледжана некалькі пытанняў.
охрана труда.jpg

Першае з іх – аб выніках выезду мабільнай групы ў другім і трэцім кварталах і падвядзенні вынікаў месячнікаў у сельгасарганізацыях і будаўніцтве. З інфармацыяй выступіла галоўны спецыяліст аддзела працы і працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Галіна Сухадольская. Яна адзначыла, што ў другім квартале мабільная група па ахове працы выязджала 13 разоў, наведала 17 арганізацый, было выяўлена 311 парушэнняў заканадаўства аб ахове працы. У трэцім квартале такая ж колькасць выездаў мабільнай групы, якая пабывала ў 25 арганізацыях і выявіла 383 парушэнні. А яшчэ ў трэцім квартале былі праведзены 2 месячнікі – адзін у галіне будаўніцтва, другі – у аграпрамысловым комплексе. У 4 будаўнічых арганізацыях члены мабільнай групы па ахове працы выявілі 40 парушэнняў, у 7 сельгасарганізацыях – 160. У сувязі з трагічным выпадкам на Скідальскім цукровым камбінаце мабільная група наведала 16 патэнцыяльна небяспечных аб’ектаў раёна.

Галіна Сухадольская паведаміла, што на ўхіленне выяўленых парушэнняў даецца месяц. Потым суб’екты гаспадарання павінны праінфармаваць адпаведную службу райвыканкама. Але не ўсе ставяцца да гэтага адказна. У трэцім квартале не было атрымана адказу з двух прыватных прадпрыемстваў і сельскай гаспадаркі. У “Саўбеле 2016” 26 заўваг па ахове працы, “АЛБ-імпэксе” - 42 заўвагі і “ЭкПраВуд” – 39. Апошняе прыватнае прадпрыемства мабільная група наведала ў 2016 і сёлета. Летась быў атрыманы адказ, што ўхілена пэўная частка недахопаў. Падчас чарговай праверкі аказалася, што сітуацыя на прадпрыемстве не змя-нілася, а па некаторых пытаннях нават пагоршылася. Прыйшлося мабільнай групе звярнуцца ў міжраённы аддзел інспекцыі працы, каб ён правёў пазапланавую праверку. “АЛБ-імпэкс” павінен быў ухіліць парушэнні да 25 верасня і паведаміць аб гэтым. Аднак адказ з названага вышэй прыватнага прадпрыемства не паступіў у вызначаны тэрмін. Кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў з-за няпростай фінансавай сітуацыі просяць мабільную групу перанесці ўхіленне недахопаў на больш позні тэрмін.

“Падчас правядзення месячніка бяспекі на ўборцы збожжавых культур у “Саўбеле 2016” былі заўвагі па камбайнах, іх выездзе на лінію з жаткамі, рабоце збожжасушыльных комплексаў. Уборка скончана, збожжаўборачныя камбайны пакінулі поле, але ёсць пытанні па пажарнай бяспецы, якія неабходна вырашаць”, - сказала галоўны спецыяліст аддзела працы і працоўных адносін Галіна Сухадольская.

На некаторых прадпрыемствах альбо няма інструкцыі па ахове працы, альбо яна складзена з парушэннем заканадаўства. Ёсць пытанні па праверцы ведаў па ахове працы, часцей за ўсё на малых прадпрыемствах. Многа заўваг па штодзённым, штомесячным і штоквартальным кантролі. Пэўная частка заўваг тычыцца тэхналагічнага абсталявання, найбольш на патэнцыяльна небяспечных прадпрыемствах. Пыл на электраабсталяванні і станках, куткі па ахове працы альбо ў неналежным стане, альбо іх няма ўвогуле. Нямала пытанняў па пажарнай бяспецы – адсутнасць аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі, вогнетушыцеляў. Калі ж яны ёсць, то тэхнічна не асведчаныя. Тое ж самае і са свяцільнямі - альбо няма лямпаў, альбо ахоўных плафонаў. На некаторых прадпрыемствах не выдаюцца сродкі індывідуальнай аховы, найбольш на прыватных і ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу. Ёсць пытанні па правядзенні асведчання работнікаў на ўжыванне імі спіртных напіткаў. То алкатэстаў няма, то яны не павераныя.

Прыйшлося даваць тлумачэнні Дзмітрыю Багацкаму, дырэктару дрэваапрацоўчага прадпрыемства “Белэлітдзверы”. Тут выявілі работнікаў без спецадзення, на нагах у некаторых з іх былі сланцы, на электраабсталяванні і станках ляжаў слой пылу, хаця дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы адносяцца да ліку пажаранебяспечных. Каб прывесці ўсё ў належны парадак, не трэба вялікіх капіталаўкладанняў, неабходна толькі жаданне. Дырэктар прызнаў сваю віну ў тым, што не надаваў належнай увагі ахове працы і паабяцаў у бліжэйшы час выправіць сітуацыю.

Няма належнага парадку і на прыватным прадпрыемстве “АЛБ-імпэкс”, санітарна-бытавыя памяшканні ўтрымліваюцца ў нездавальняючым стане. Сёлета тут здарыліся два няшчасныя выпадкі з работнікамі, якія знаходзіліся ў нецвярозым стане. Мабільная група па ахове працы пры наведанні гэтага прадпрыемства выявіла 42 парушэнні.

Кіраўніцтва “АЛБ-імпэкс” патлумачыла, што хаця цяпер на прадпрыемстве няпростая фінансавая сітуацыя, але пакрысе вырашаюцца пытанні па навядзені належнага санітарнага парадку, да канца года будуць ухілены ўсе недахопы.

Начальнік міжраённай інспекцыі працы Ірына Самайловіч у сваім выступленні адзначыла, што паколькі наймальнікі не заўсёды своечасова выконваюць прадпісанні, то прыходзіцца праводзіць кантрольныя праверкі. У якасці прыкладу яна прывяла “Шутавічы-Агра”, дзе часта мяняліся кіраўнікі, таму ніхто не спяшаўся ўхіляць выяўленыя парушэнні. І толькі з прыходам у гэту гаспадарку новага інжынера па ахове працы сітуацыя пачала мяняцца да лепшага. А ўвогуле, за невыкананне прадпісання спецыялісты міжраённай інспекцыі па ахове працы складаюць на парушальнікаў пратаколы і накіроўваюць іх у суд для прыняцця судовага рашэння ў адпаведнасці з Адміністрацыйным кодэксам.

Аб стане вытворчага траўматызму на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна за другі і трэці кварталы і мерах па яго прафілактыцы расказала намеснік начальніка – начальнік аддзела пра працы і працоўных адносінах упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Харужык. Яна адзначыла, што за студзень-верасень 2017 года ў раёне зарэгістравана 8 выпадкаў траўміравання работнікаў на вытворчасці, пацярпелі 8 чалавек. З іх 2 атрымалі цяжкія траўмы (МПМК-165, Смаргонскі агрэгатны завод).

У параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года колькасць няшчасных выпадкаў з работнікамі, якія выконвалі прафесійныя абавязкі, павялічылася на адзін выпадак. Траўміраванне з цяжкім зыходам паменшылася з 3 да 2 выпадкаў. Не дапушчана смяротнага і групавога траўміравання.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений