Удзячны ўсім, хто мне дапамагаў

Происшествия
30.10.2015 11:07
1683
Нядаўна пракурорам Смаргонскага раёна быў прызначаны Андрэй КЛЫШЭВІЧ. Карэспандэнты газеты сустрэліся з ім і папрасілі расказаць аб сваім жыццёвым і працоўным шляху.

– Я нарадзіўся ў Ракаўцах, – пачаў размову Андрэй Антонавіч. – Там жа скончыў базавую школу, 10-11 класы заканчваў у Крэўскай СШ. Потым паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя...
Нядаўна пракурорам Смаргонскага раёна быў прызначаны Андрэй КЛЫШЭВІЧ. Карэспандэнты газеты сустрэліся з ім і папрасілі расказаць аб сваім жыццёвым і працоўным шляху.прокурор

– Я нарадзіўся ў Ракаўцах, – пачаў размову Андрэй Антонавіч. – Там жа скончыў базавую школу, 10-11 класы заканчваў у Крэўскай СШ. Потым паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы на юрыдычны факультэт. Пасля яго заканчэння быў накіраваны на працу ў Астравецкі раён. Пачаў працоўную дзейнасць памочнікам пракурора. З 2005 года працаваў у Ашмянах. Быў старшым памочнікам, намеснікам пракурора, амаль 6 гадоў - пракурорам. З нядаўняга часу ўзначальваю пракуратуру Смаргонскага раёна.
– Вы з дзяцінства марылі аб гэтай прафесіі?
– Прафесію пракурора я вы-браў пад уплывам стрыечнага брата, які старэйшы за мяне на 5 гадоў. Ён скончыў універсітэт, працаваў следчым у пракуратуры, расказваў пра сваю работу. Мне стала цікава. Спачатку хацеў стаць следчым. На той час у пракуратуры было следства, расследаваліся самыя складаныя крымінальныя справы. Аднак не знайшлося вакантнай пасады следчага. Хаця і памочнікам пракурора мне падабалася. Пастаянна бываў у судзе, дзе падтрымліваў абвінавачванне.
– Скажыце, у Смаргоні цяжэй працаваць пракурорам, чым у Ашмянах?
– У кожным раёне ёсць свае асаблівасці, але не скажу, што вельмі адрозніваецца работа пракурора ў Смаргоні ад той, якую я выконваў у Ашмянах. Смаргонскі раён больш прамысловы, чым Ашмянскі, у якім таксама працуюць прамысловыя прадпрыемствы. Адрозненне хіба ў тым, што тут ёсць аддзяленне дэпартамента фінансавых расследаванняў, пагранічныя падраздзяленні.
– Калі б прадаставілася магчымасць удасканаліць работу органаў пракуратуры, то з чаго б Вы пачалі?
– І раней казалі, і цяпер можна пачуць размову аб тым, што павінна быць менш наглядных функцый у пракуратуры. У многіх еўрапейскіх краінах і нават былых савецкіх рэспубліках пракуратура не выконвае агульнанаглядную функцыю. У нас таксама, калі і павінен быць агульны пракурорскі нагляд, то больш вузкі, бо хапае іншых кантрольных органаў. Іншым разам нам прыходзіцца праводзіць праверкі ў тых сферах, дзе мы не з’яўляемся спецыялістамі. Таму нічога не застаецца, як запрашаць да гэтай справы прафесіяналаў.
– Андрэй Антонавіч, што дапамагае Вам вытрымліваць немалую працоўную нагрузку?
– Дапамагае, напэўна, прывычка. З самага пачатку, як толькі прыйшоў у пракуратуру маладым памочнікам пракурора, пастаянна быў заняты нейкай справай. Нават у першыя дні не было часу на раскачку. Хаця я быў упэўнены ў тым, што пачнуць вучыць, нешта расказваць, нешта паказваць. Праз тыдзень мяне ўжо накіравалі на першае здарэнне. Быў пажар, загінуў чалавек. Паколькі ў пракуратуры было няшмат работнікаў, да таго ж нехта з іх пайшоў у водпуск, нехта паехаў у камандзіроўку, то акрамя мяне і пасылаць не было каго. Мне ў дапамогу тады далі следчага з міліцыі.
– Сям’я не раўнуе Вас да працы?
– Хаця работы многа, іншым разам прыходзіцца нават затрымацца, каб усё выканаць, але і сям’і імкнуся ўдзяляць пабольш увагі. Жонка таксама працуе, дачка ходзіць у дзіцячы садок. Ёй чатыры з паловай гады. Калі захварэе, пакідаем у бабулі, якая жыве ў Ашмянскім раёне. Ды і я кожны дзень адтуль прыязджаю на працу ў Смаргонь. З сям’ёй праводжу больш часу ў выхадныя.
– Якое Ваша “залатое” правіла ў жыцці і на рабоце?
– Ніколі не задумваўся аб гэтым. Але і на рабоце, і па-за яе межамі люблю пунктуальнасць, каб чалавека падоўгу не чакаць. Сам таксама імкнуся прыйсці на сустрэчу ў строга вызначаны час. Нават ацэньваю чалавека па тым, як ён стрымлівае свае абяцанні. Прычым не важна дзе – на працы ці дома.
– Як адпачываеце?
– Люблю хадзіць па грыбы. Захапляюся гісторыяй, сабіраю старадаўнія манеты, чытаю артыкулы мясцовых краязнаўцаў Аляксандра Камінскага і Уладзіміра Прыхача. Хаця ў школе я больш любіў матэматыку, фізіку, геаметрыю, чарчэнне. Але і да гуманітарных навук былі здольнасці. Нават ездзіў на алімпіяду па біялогіі. І цяпер з удзячнасцю ўспамінаю Зінаіду Мікалаеўну Дурко, якая выкладала гэты прадмет. Іншых настаўнікаў таксама не забываю. Калі ў старэйшых класах вучыўся ў Крэве – маім класным кіраўніком быў Сяргей Леанідавіч Капыш, цяперашні старшыня Крэўскага сельсавета.
– А памятаеце сваю першую настаўніцу?
– Маёй першай настаўніцай была маці. Яна выкладала прадметы ў пачатковых класах. Тата мой працаваў у сельскай гаспадарцы, быў заатэхнікам, галоўным заатэхнікам, намеснікам старшыні калгаса, кіраўніком гаспадаркі ў крэўскай зоне. Тады яна называлася імя А. Неўскага. Бацькі мае не тутэйшыя, прыехалі сюды маладымі спецыялістамі, пажаніліся. Тут нарадзіліся мы з братам. Ён скончыў фізіка-тэхнічны факультэт, працуе ў Гродне.
– Часта наведваецеся ў бацькоўскі дом?
– Бацькі ўжо няма, маці жыве адна, трымае невялікую гаспадарку. На выхадныя да яе прыязджаем я альбо брат, альбо разам. Іншыя нашы сваякі не жывуць тут. Маці родам з Зэльвенскага раёна, а бацька – са Шчучынскага.
– А хто дапамагаў Вам асвойваць азы пракурорскай работы?
– Я ўдзячны Уладзіміру Аляксеевічу Бутрыму, з якім працаваў у Ашмянскім раёне, пасля пераходу туды з Астраўца. Ён мяне шмат чаму навучыў. Наступным маім настаўнікам быў пракурор Мікалай Фёдаравіч Маліноўскі. Ад яго я таксама пачэрпнуў вельмі многа карыснай інфармацыі, якую і цяпер выкарыстоўваю ў сваёй рабоце.

Гутарыў Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений