Якім бізнесам заняцца, кожны вырашае сам

Трудоустройство
07.03.2019 13:48
562
У чарговым кірмашы вакансій прынялі ўдзел прадстаўнікі кадравых службаў завода аптычнага станкабудавання, трэста №41, агрэгатнага завода, “Белагратэрмінала”, ліцейна-механічнага завода, політэхнічнага ліцэя, дырэктар цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва, галоўны спецыяліст упраўлення эканомікі, гандлю і паслуг райвыканкама. У гэтым мерапрыемстве запрасілі паўдзельнічаць выпускную групу ліцэістаў і беспрацоўных.

Центр занятости.jpg

Начальнік мясцовай дзяржаўнай службы занятасці Тамара Рамановіч расказала аб сітуацыі, якая склалася на рынку працы. На пачатак гэтага года на ўліку былі 94 беспрацоўныя, пераважна мужчыны. Узровень беспрацоўя складаў 0,4% ад эканамічна актыўных жыхароў раёна.

Паколькі сярод беспрацоўных былі і такія, хто не меў спецыяльнасці, то служба занятасці займалася прафесійным навучаннем гэтых людзей з улікам патрэбнасці рынку працы. Летась самымі запатрабаванымі спецыяльнасцямі былі прадавец, повар, качагар, машыніст кацельні, электрагазазваршчык.

Накіроўвалі беспрацоўных на вучобу за межы нашага раёна. Іх навучалі на аператара ЭВМ з веданнем праграмы “1С: бухгалтэрыя”, машыніста аўтакрана, вальшчыка лесу, вадзіцеля пагрузчыка, цырульніка, майстра па манікюры і педыкюры. Прафесіі падбіраюцца з улікам пажаданняў беспрацоўных і патрэбнасці наймальнікаў у пэўных спецыялістах.

Так, ад службы занятасці 17 чалавек былі абучаны на качагараў. 16 выпускнікоў курсаў адразу ж узялі на працу арганізацыі, найбольшую колькасць – РУП “ЖКГ”, дзе многа кацельняў, работнікі па ўзросце ідуць на пенсію, таму ўзнікае патрэбнасць у качагарах.

Тамара Аляксееўна адзначыла, што цяпер у базе даных 503 вакансіі. З іх 58% складаюць рабочыя прафесіі. Запатрабаваны грузчыкі, дворнікі, падсобныя рабочыя, муляры, тынкоўшчыкі, бетоншчыкі, цесляры, вальшчыкі
лесу, повары, электрагазазваршчыкі, прадаўцы, вадзіцелі аўтамабіля і г. д.

Неабходную інфармацыю можна паглядзець у інфакіёску і на сайце дзяржаўнай службы занятасці. Прычым вакансіі не толькі па нашым раёне, але і па Беларусі.

Дзяржаўная служба занятасці дапамагае беспрацоўным, якія прайшлі адпаведнае навучанне, у адкрыцці індывідуальнага прадпрымальніцтва. Для гэтага выдаткоўваюцца бязвыплатныя субсідыі.  Для тых, хто хоча наладзіць сваю справу ў горадзе, прадугледжаны 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, у сельскай мясцовасці – 15. У выпадку, калі чалавек вырашыў заняцца навуковымі вынаходніцтвамі і распрацоўкамі, то памер субсідыі павялічваецца да 20 бюджэтаў пражытачнага мінімуму.

Летась субсідыямі скарысталіся 12 чалавек. Сёлета прайшлі навучанне на курсах асноў прадпрымальніцкай дзейнасці 4 беспрацоўныя, і такая ж колькасць людзей запісалася ў наступную групу, каб прайсці навучанне і потым атрымаць субсідыі, адкрыць сваю справу.

Беспрацоўныя ў асноўным адкрываюць сваю справу па аказанні паслуг – будаўнічых, рамонтных, цырульных, таксі. Некаторыя з гэтых людзей хочуць займацца гандлёва-закупачнай дзейнасцю.

Перад беспрацоўнымі выступілі прадстаўнікі кадравых службаў прадпрыемстваў, арганізацый і назвалі вакансіі. Агрэгатны завод зацікаўлены ў токарах высокага разраду, аператарах станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, шліфоўшчыках, слесарах-рамонтніках, слесарах-інструментальшчыках. Ёсць тут вакансіі інжынерна-тэхнічных работнікаў: майстра, інжынера, намесніка начальніка аддзела капітальнага будаўніцтва.

На САЗе можна прайсці перанавучанне па адпаведнай праграме. Цяпер тут навучаюцца 6 чалавек. З іх 4 асвойваюць прафесію аператара станкоў з ЛПК, 2 – токара.  Праз пэўны час гэтым людзям будзе прысвоены 3 разрад, і яны прыступяць да работы.

На заводзе аптычнага станкабудавання таксама не хапае рабочых у сувязі з тым, што заключаны новыя, у тым ліку і замежныя кантракты на выпуск пэўнай прадукцыі. Патрэбны варшчыкі, электрыкі, токары, слесары-інструментальшчыкі. Магчыма перанавучанне прынятых на работу людзей на працоўных месцах.

Слесары рамонтнікі і механізатары на пагрузачна-разгрузачныя работы неабходны “Белагратэрміналу”. І хаця цяпер некаторыя вакансіі занятыя, потым яны могуць быць свабодныя.

Адзін мужчына звярнуўся да дырэктара цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва Ільі Петунова, каб ён парэкамендаваў, якім бізнесам можна заняцца ў нашым раёне. Адказ быў такі: “Ініцыятыва павінна зыходзіць ад самога чалавека. Спачатку неабходна вывучыць рынак працы, пралічыць, каб выбраны занятак прынёс прыбытак”.

Начальнік мясцовай дзяржаўнай службы занятасці Тамара Рамановіч дадала, што можна яшчэ знайсці нішу на рынку працы, пакуль не ўсе яны занятыя ў нашым раёне.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений