Сэрца энергасістэмы Смаргонскага раёна

Праздник
22.12.2018 12:55
582
22 снежня  – Дзень энергетыка.

Александр ТеЛЕГо и Александр ШАРКО.jpg

Электраманцёры размеркавальных электрасетак Аляксандр ЦЯЛЕГА і Аляксандр ШАРКО.


Асноўная задача службы электрасетак – надзейнае, бесперабойнае забеспячэнне спажыўцоў электрычнасцю, каб яна паступала кругласутачна ў дамы і на прадпрыемствы. Гэтым і заняты працоўны калектыў, які складаецца са 108 чалавек.

У РЭСе ёсць 4 лінейныя брыгады па эксплуатацыі паветраных ліній электраперадачы, адна брыгада па абслугоўванні кабельных падземных ліній у горадзе і за яго межамі, спецыялізаваная брыгада па рамонце закрытых трансфарматарных падстанцый і яшчэ адна такая ж - па абслугоўванні вулічнага асвятлення ў сельскай мясцовасці. У горадзе гэтай справай займаецца РУП “ЖКГ” і ЖРЭС. У структуру раёна электрасетак таксама ўваходзіць і брыгада па абслугоўванні сродкаў уліку, якая па-іншаму называецца “энергазбыт”.

Ну, а сэрца электрасетак раёна – аператыўна-дыспетчарская група. Тут працуюць 5 дыспетчараў. Тры чалавекі пастаянна знаходзяцца ў змене. А ўсяго невялікі калектыў налічвае 14 чалавек. У іх абавязкі ўваходзіць лакалізацыя і ліквідацыя аварыйных адключэнняў электраэнергіі. Калі вышэй названыя брыгады выконваюць планавыя работы, то аператыўна-дыспетчарская група працуе па заяўках прадпрыемстваў і насельніцтва.

Якімі б надзейнымі ні былі электрасеткі, яны ўсё роўна залежаць ад пагодных умоў, з-за чаго іншым разам узнікае кароткае замыканне. І для таго, каб у сціслы тэрмін ліквідаваць перапынак у электразабеспячэнні, калісьці стварылі аператыўна-дыспетчарскаю групу. У яе складзе дзяжурны дыспетчар і два электраманцёры. Апошнія спецыялісты пасля паведамлення выязджаюць на службовым аўтамабілі на месца пашкоджання электралініі. Калі сваімі сіламі не могуць ухіліць няспраўнасць, то на дапамогу прыязджае брыгада. Трэба адзначыць, што дзяжурства аператыўна-дыспетчарскай групы арганізавана кругласутачна.

У памяшканні дыспетчарскай на ўсю сцяну – вялізны шчыт, на якім змешчана мнемасхема. Яна складаецца з мноства маленькіх лямпачак, ліній рознага колеру. Гэта ўся энергасістэма раёна. Аднак лямпачка не пакажа канкрэтнае месца пашкоджання, толькі лінію электраперадачы, дзе парушылася падача электраэнергіі. Хаця апошнім часам на дыспетчарскіх пунктах пачалі выкарыстоўвацца новыя тэхналогіі тэлекіравання і тэлесігналізацыі, якія дазва­ляюць аперыраваць пэўнымі ўчасткамі электрасетак прама з пульта кіравання. Гэта вельмі добра як для РЭСа, так і спажыўцоў. Калі ў ручным рэжыме аператыўная брыгада ліквідуе гадзіну-паўтары няспраўнасць на лініі электраперадачы, то ў аўтаматычным усё гэта будзе зведзена да 10-15 мінут. Пашкоджаную лінію адразу  ж пераключаць на рэзервовую.

Сергей ЖУРАвлев и Дмитрий МАКСиМЕНКо..jpg

Электраманцёр аператыўна-выязной брыгады Сяргей ЖУРАЎЛЁЎ і дыспетчар раёна электрасетак Дзмітрый МАКСІМЕНКА.


Начальнік раёна электрычных сетак Ігар Козел адзначыў, што РЭС пакрысе рыхтуецца да абласных “Дажынак”, якія ў наступным годзе пройдуць у Смаргоні. Ужо распрацавана вялікая праграма па капітальным будаўніцтве. Акрамя штатных пытанняў па рэканструкцыі ліній электраперадачы ўвага будзе нададзена праграме аўтаматызацыі кіравання электрасеткамі.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений