Эстэтыка плюс якасць

Наука и образование
25.07.2014 13:20
1004
Хочаце атрымаць задавальненне ад шопінгу перад новым навучальным годам? Тады вам сюды! Прычым атрымаеце задавальненне з працягам, калі набудзеце для сваіх дзяцей вырабы беларускага вытворцы. Асабіста я шчыра пашкадавала, што не маю пакуль унучкі-школьніцы, калі пабачыла цудоўныя спаднічкі, сарафанчыкі, шыкоўныя блузкі швейнай фабрыкі “Калінка”. А які выдатны камплект-тройка: пінжачок са...

Хочаце атрымаць задавальненне ад шопінгу перад новым навучальным годам? Тады вам сюды! Прычым атрымаеце задавальненне з працягам, калі набудзеце для сваіх дзяцей вырабы беларускага вытворцы. Асабіста я шчыра пашкадавала, што не маю пакуль унучкі-школьніцы, калі пабачыла цудоўныя спаднічкі, сарафанчыкі, шыкоўныя блузкі швейнай фабрыкі “Калінка”. А які выдатны камплект-тройка: пінжачок са спаднічкай-плісэ і штонікамі! Ёсць вялікі выбар школьнай формы і для хлопчыкаў. І кошт даволі прыймальны. Важна тое, што пашыта ўсё гэта з тканіны якаснай, з аптымальна нізкай дабаўкай полістыролу. Напрыклад, кашулька хлапечая на 60 працэнтаў з хлопку. Бацькі, якія клапоцяцца пра здароўе сваіх дзяцей, могуць быць упэўнены, што ў вопратцы беларускай вытворчасці будзе камфортна і бяспечна іх нашчадкам.


Сёлета традыцыйны школьны базар будзе працаваць на базе ГУМа. Як расказала яго дырэктар Таццяна Булыга, да гэтага моманту работнікі гандлю, таваразнаўцы пачалі рыхтавацца задоўга, а дакладна - яшчэ з мінулага года. Для вынаснога гандлю набыты палатка і спецыяльнае абсталяванне, якое не будзе псаваць ні эстэтыку гарадскога цэнтра, ні прэстыж магазіна. Нават рэкламныя шчыты спецыяльна заказалі на “Сіндзікалоры”, каб усё адпавядала святочнасці і вытанчанаму густу. Пакупнікоў парадуе шырокі асартымент швейных вырабаў, абутку, разнастайных школьных прыналежнасцей. Галоўнае, на што рабілі акцэнт спецыялісты гандлю - якасныя, “здаровыя”, адпавядаючыя модным тэндэнцыям мадэлі.
Яшчэ ў красавіку закупілі школьную форму розных памераў і мадыфікацый. Па словах Таццяны Мікалаеўны, зрабіць правільны выбар, каб дагадзіць патрабаванням пакупнікоў, дапамагаюць штогадовыя выставы-кірмашы, якія ладзяцца па лініі міністэрства лёгкай прамысловасці. Загадзя можна азнаёміцца з таварамі, што вырабляюцца на беларускіх швейных і абуткавых фабрыках, вызначыцца з пастаўшчыкамі. Напрацаваныя гадамі сувязі з беларускімі вытворцамі дапамагаюць зрабіць правільны выбар. Асабліва што датычыцца натуральных і якасных матэрыялаў. Аўтарытэтам на рынках збыту карыстаецца прадукцыя Магілёўскай, Гродзенскай, Лідскай абуткавых фабрык. З любоўю да дзяцей зроблены туфелькі, боцікі, баціначкі, прычым усё з натуральных матэрыялаў. Тавары гэтых вытворцаў будуць шырока прадстаўлены на смаргонскім школьным базары. Традыцыйныя пастаўшчыкі панчошных вырабаў – брэсцкі камбінат і гомельскае ААТ “8 Марта”.
Не павінна ўзнікаць праблем з набыццём ранцаў, школьных прыналежнасцей, большасць з якіх таксама беларускай вытворчасці.
Наведвальнікаў школьнага базару чакаюць цікавыя паказы швейных вырабаў. На пляцоўцы каля аддзела бялізны будзе працаваць вынасны буфет, дзе можна пачаставацца марожаным, дэсертамі і напіткамі. Працаваць базар будзе з 10.00 да 18.00. Выхадны дзень - панядзелак.
Вядома, можна знайсці таннейшыя касцюмы і ранцы. Але ці надоўга вы падорыце задавальненне ад пакупкі свайму дзіцяці, ці не давядзецца патраціцца ўдвая больш, сэканоміўшы напачатку. Рашаць вам. Таццяна Булыга разам са сваімі калегамі рэкамендуе якасныя, з натуральных матэрыялаў тавары айчынных вытворцаў. Нават дэвіз сёлетняму базару прыдумалі. Не люблю лозунгаў, але гэты сабе дазволю: “Любіце сваіх дзяцей і сваю Радзіму!”


Ала СТРАШЫНСКАЯ.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений