Шчаслівай восені табе, настаўнік!

Наука и образование
05.10.2018 10:28
2226
“Я не была б той, якая ёсць, каб не было побач мужа, які заўжды падтрымлівае і дае веру ў лепшае, дзяцей, якія запальваюць ува мне агонь дзеяння, бацькоў, якія дагэтуль вучаць мяне ў любой сітуацыі заставацца чалавекам, маёй работы, дзе я магу па-сапраўднаму рэалізаваць сябе, і моцнай веры ў Бога”, - так гаворыць пра сябе Анастасія Яўгенаўна Маршалак.

Маршалок_8850.JPG

Педагог Анастасія Яўгенаўна МАРШАЛАК з выхаванцамі сярэдняй групы сада №9 г. Смаргоні.


Напярэдадні Дня настаўніка хочам расказаць пра дзвюх прыгожых і таленавітых жанчын, адных з лепшых педагогаў Смаргоншчыны. Першая з іх – Анастасія Маршалак, выхавальнік старшай групы крэўскага сада і сярэдняй групы сада №9. Другая – Валянціна Кайрыс, выкладчык беларускай мовы, працуе таксама ў Крэве.

Выпускніца дзявятага класа Насця цвёрда вырашыла не пераходзіць у дзясяты. Вельмі хацелася самастойнасці. Але куды падацца? Ага, недалёка ад роднай Бярозаўкі ёсць Лідскае педвучылішча. Прафесія педагога не асабліва вабіць, але потым разбяромся. Пазней разабрацца не ўдалося. Усе чатыры гады вучобы кожны дзень гаварыла, што праца педагога не для яе. І… размеркавалася ў Крэўскі дзіцячы сад. Першую групу сваю ўспамінае з вялікай любоўю і здзіўленнем. Ну не чакала такога маладзенькая выпускніца: 24 дзіцяці ад года да шасці. Адных трэба было рыхтаваць да школы, іншых – вучыць мыць рукі. Не толькі справілася цяпер ужо не Насця, а Анастасія Яўгенаўна, ды яшчэ і нечакана для сябе задавальненне ад працэсу атрымала.

А потым выйшла замуж і нарадзіла дачушку Дану. Заўважыла, што найбольш падабаюцца маленькай гульні з пацешкамі. Але асабісты запас вершыкаў хутка скончыўся, стала шукаць нешта новенькае ў інтэрнэце, у кнігах. Знойдзенае цалкам не задаволіла. Вырашыла прыдумваць сама. Вынік вельмі спадабаўся. І “склад” творчага матэрыялу рос. Тая, якая не бачыла сябе педагогам, выйшла на работу, калі ледзь мінуў дачушкін годзік. Дану, канешне, узяла ў сваю групу. І ўсё неяк незаўважна закруцілася. Спачатку свае творчыя знаходкі прымяняла Анастасія Маршалак толькі ў садку, потым пачала дзяліцца вопытам з іншымі педагогамі праз прафесійныя выданні: часопіс “Пралеска” і “Настаўніцкую газету”. Без адрыву ад працы паступіла ў магістратуру педуніверсітэта імя М. Танка, паралельна скончыла педагагічны ўніверсітэт імя А. Герцэна ў Расіі, атрымаўшы кваліфікацыю “эксперт якасці дашкольнай адукацыі”. За гэты час яшчэ і сыночка Багдана паспела нарадзіць.

Цяпер Анастасія Яўгенаўна не ўяўляе, што магла абраць для сябе нейкую іншую жыццёвую сцежку. Яна сама стварае вершаваныя гульні для дзяцей, піша беларускамоўныя казкі, па якіх потым ставіць разам з выхаванцамі і іх бацькамі спектаклі. Спачатку яе трошкі непакоіла, што дзеці мала размаўляюць на беларускай мове, ці зразумеюць яны гэтыя казкі. Але ўсё атрымалася. Маленькім акцёрам вельмі падабаецца пераўвасабляцца. Яны з гонарам выходзяць на сцэну. У Крэве выступленняў гэтых артыстаў вельмі чакаюць: дзеці з малодшай групы глядзяць спектаклі ў садку, у клубе таксама збіраецца поўная зала вяскоўцаў. Бацькі выхаванцаў ахвотна адгукаюцца, калі бачаць, што дзеці зацікаўлены. А калі бачыш такую аддачу, хочацца працаваць і тварыць.

Выдавецтва “Аверсэв” рыхтуе да друку зборнік Анастасіі Маршалак “Любімыя казкі з новай завязкай”. А ідэі для сюжэтаў прыходзяць часцей за ўсё ў сне. І дзеці часта падказваюць, як, напрыклад, у казцы “Хатка, дзе мы павінны зрабіць гладка”. Тут расказваецца пра адносіны да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Леонович София_8902.JPG

Сафія: “А я люблю гуляць з Анастасіяй Яўгенаўнай у “Хвосцікі”. І рэпетыцыі спектакляў таксама люблю. На Новы год я іграла пеўніка. А хутка будзе новы спектакль пра агародніну, дзе я буду памідоркай”.

Яжевская Яна_8897.JPG

Яна: “Анастасія Яўгенаўна вельмі прыгожая. У яе такія цікавыя заняткі! Яна сапраўдная прыдумшчыца. А яшчэ мне падабаецца хадзіць з ёй на фізкультуру.”

Лукашевич Карина_8900.JPG

Карына: “Анастасія Яўгенаўна добрая. Мы з ёй гуляем у розныя гульні. Мая самая любімая - “Мядзведзь у бары”. І ў нас самыя цікавыя ранішнікі.”

 

Пайшла вызначанай дарогай

Валентина Кайрис_Виктория Капыш_8882.JPG

 Педагог Валянціна КАЙРЫС з вучаніцай Вікторыяй КАПЫШ.


Як прыйшла ў галаву ідэя стаць педагогам, Валянціна Кайрыс ужо і не памятае. Здаецца, заўсёды ведала, што будзе настаўніцай. Малой дзяўчынкай збірала іншых дзяцей каля сябе і “вяла ўрокі”. Ужо ў шостым класе вызначылася з навучальнай установай – Ваўкавыскае педвучылішча. І, скончыўшы школу, проста пайшла вызначанай дарогай. Чаму менавіта беларуская мова? Валянціна Іосіфаўна кажа, што трапіла ў хвалю беларусізацыі. Тады, у пачатку 90-х гадоў, на беларускай мове працавалі дзяржаўныя ўстановы, выдаваліся дакументы, вельмі лагічным здавалася выбраць для выкладання менавіта гэты прадмет. І не пашкадавала ні разу. “Любоў да прадмета, - лічыць Валянціна Іосіфаўна, - перадаецца вучням. Ніколі дзеці не будуць імкнуцца да ведаў, калі не ўбачаць асабістую зацікаўленасць настаўніка”. А да роднай мовы педагог адносіцца з вялікім шанаваннем і карыстаецца ў паўсядзённым жыцці толькі ёю.

Так склалася жыццё, што працавала Валянціна Кайрыс толькі ў сельскіх школах. Спачатку на роднай Астравеччыне, потым выйшла замуж і пераехала ў Смаргонскі раён. У Суцькаўскай школе выкладала адразу рускую мову, потым і беларускую. У першыя гады працы атрымала вышэйшую адукацыю.

Сама Валянціна Іосіфаўна лічыць сябе строгай і патрабавальнай. Але дзеці хутка “раскусваюць”, што пад строгасцю хаваецца дабрыня, павага нават да самай маленькай асобы. Менавіта таму яе самыя першыя вучні – цяпер ужо дарослыя – дагэтуль пішуць ёй, цікавяцца справамі і дзеляцца сваімі дасягненнямі.

З вялікай павагай адзываецца пра настаўніцу дырэктар Крэўскай школы Таццяна Капыш: “Валянціна Іосіфаўна працуе над сабой пастаянна. Ніколі не прыхо-дзіць на ўрок са старым планам заняткаў. Да кожнага класа, кожнага вучня ёсць свой падыход”.

Вельмі ганарыцца педагог сваёй вучаніцай Вікторыяй Капыш. Летась яна ўдзельнічала ў абласной алімпіядзе сярод вучняў, на год старэйшых за яе, і заняла там трэцяе месца. Па словах Валянціны Іосіфаўны, Віка – прыклад школьніка, з якім вельмі лёгка і цікава працаваць. Ёй усё цікава, знаходзіць матэрыялы для самастойных заняткаў. Віка не саромеецца размаўляць на беларускай мове, гэта выходзіць у яе вельмі лёгка і прыгожа. І пра любімую настаўніцу расказвае з радасцю: 

“Гэта чалавек, адданы сваёй справе. Калі бачыш, як настаўнік любіць прадмет, міжволі сам пачынаеш цікавіцца ім: што ж такога ў беларускай мове ці літаратуры, што педагог распавядае з такім захапленнем?”

Дворянская_Полина_8896.JPG

Паліна: “І я люблю пасмяяцца з Валянцінай Іосіфаўнай. Але і вучыцца ў яе добра. Яна так цікава тлумачыць розныя тэмы, лягчэй ўсё запамінаецца”.

Виктория Гурштынович_8895.JPG

Вікторыя: “Валянціна Іосіфаўна – вельмі добры настаўнік. Вясёлая такая! Часта жартуе на ўроках. І зусім яна не строгая!”

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений