Людзі Смаргоншчыны: Іна Савіцкая

Наука и образование
07.09.2018 07:46
2967
8 верасня для дырэктара СШ №2 Іны Савіцкай селёта не проста дзень нараджэння, а юбілей. Калі шчыра, то гэта малажавая, зграбная жанчына не выглядае на свае гады. Хіба толькі згадаць яе багаты працоўны стаж, якога можа хапіць на некалькі жыццяў.

Инна Савицкая, сш2.jpg

Калі бацькі Іны Клямяты перабраліся на пастаяннае месцажыхарства ў Смаргонскі раён, адкуль паходзіў яе тата Васіль Мікалаевіч, дзяўчына вучылася на геаграфічным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Яе малой радзімай, як і радзімай яе маці, была Мядзельшчына. Але так сталася, што Смаргоншчына стала для ўсіх Клямятаў другой прыхільнай і любячай радзімай. Відаць таму, што і яны, як бацькі, так і тры сястры, добрасумленна і дбайна працавалі і працуюць кожны на сваім месцы.

Инна Савицкая, детство.jpg

Инна Савицкая, первый класс.jpg

Яна была старэйшай ў сям’і, што выхавала ў характары адказнасць, засяроджанасць, працавітасць. А яшчэ прывіло педагагічныя якасці – ураўнаважанасць, аб’ектыўнасць, уважлівасць, імкненне ўдаскальвацца і дзяліцца ведамі. Пры выбары прафесіі ваганняў не было – яна хацела быць настаўніцай, вось толькі з выбарам прадмета ўзніклі сумнівы. Любіла матэматыку, захаплялася гісторыяй, мела схільнасці да біялогіі. А ў выніку выбар спыніла на геаграфіі. Перамагло жаданне падарожнічаць. 

Инна Савицкая, 10 класс, выпускница.jpg

Падчас студэнцтва было шмат вандровак – так званая дальняя практыка. А працаваць пачала настаўніцай у Сольскай СШ. У першы ж год праявіла сябе як добры арганізатар і лідар – каманда Сольскай школы прывезла кубак пераможцаў з раённага турыстычнага злёту.

Выйшаўшы замуж, Іна Васільеўна пераехала ў Смаргонь і пачала працаваць у дзіцячым садку. Няўрымслівая, прагная да ведаў яна адчувала інтэлектуальны голад, таму паступіла і паспяхова закончыла Акадэмію паслядыпломнай адукацыі, атрымаўшы спецыяльнасці педагога-псіхолага. Новыя веды выкарыстоўвала, працуючы спачатку ў СШ №1, а затым у сацыяльна-педагагічным цэнтры. Менавіта ў цэнтры прайшла ўсе прыступкі службовай лесвіцы і з пасады дырэктара СПЦ была накіравана намеснікам начальніка ўпраўлення адукацыі райвыканкама. З абавязкамі спраўлялася, з людзьмі кантактавала і мела аўтарытэт, але маральнага задавальнення не атрымліваў педагог, які трывала ўкараніўся ў яе душы.

Инна Савицкая, три поколения.jpg

Для многіх было дзіўным, калі па ўласным жаданні Іна Савіцкая сышла з работы ў выканкаме. Як і меркавалася – пачалі нараджацца розныя плёткі. А яна свяцілася шчасцем, бо вярнулася ў свой камфортны асяродак, дзе яе атуляла вірлівае школьнае жыццё, натхнялі ясныя вочкі вучняў, можна было ажыццяўляць свае задумы па ўкараненні новых метадаў як у навучальны працэс, так і ў пазакласныя мерапрыемствы. Кожная сталая ўстанова адукацыі мае свае традыцыі, якія хоць і добрыя, але часцяком атрымліваюць развіццё, супрацьстаяць укараненню новага, прагрэсіўнага. Поўная энтузіязму, яна здолела аб’яднаць каманду педагогаў школы, наладзіць стасункі з бацькамі і зацікавіць навучэнцаў для аднаўлення щстановы і ў прамым, і ў пераносным сэнсе.

Напачатку была перагледжана і прынята наноў з істотнымі папраўкамі калектыўная дамова, якой у значнай ступені стымулявалася праца настаўнікаў. У выніку на новы ўзровень падняўся алімпіядны рух, актывізавалася работа па ўдзелу ў вучнёўскай навукова-даследчай дзейнасці. Два гады запар ва ўрачыснай абстаноўцы лепшыя з лепшых атрымліваюць новаўведзеную прэмію “Прызнанне” і права пасадзіць дрэўца ў школьным садзе ігруш.

Наперадзе шмат спраў, для здзяйснення  якіх ёсць пэўныя захады кіраўніка і падтрымка педкалектыву і бацькоў. Будынак патрабуе капітальнага рамонту. Але старая і невялікая па колькасці навучэнцаў установа не можа разлічваць на бюджэтныя ўліванні, таму большасць работ выконваецца за пазабюджэтныя сродкі і фінансы спонсараў – часта колішніх выпускнікоў.

Зрабіць школу камфортнай, утульнай, з адпаведнай інфраструктурай – мара Іны Васільеўны. А яшчэ яна марыць больш часу праводзіць са сваёй сям’ёй і двума ўнучкамі. Хочацца падарожнічаць, паглядзець свет, лепш даведацца пра рарытэты сваёй краіны. А пакуль ёсць жаданні – жыццё чалавека поўнае, цікавае, радаснае.

Ала КЛЕМЯНОК.

Фота аўтара і з архіва сям’і Клямятаў. 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений