Чалавек горада

 

Чалавек горада

Общество
11.04.2020
1375
Скрыпка ў жыцці Зоі Якаўлевай (у дзявоцтве - Куліцкая) двойчы сыграла галоўную партыю. У 1959 годзе васьмігадовая дзяўчынка з татам ішла запісвацца ў музычную школу менавіта на гітару.

Аднак настаўнікі выявілі ў малой абсалютны слых - і прапанавалі ёй скрыпку. Гэта быў першы набор на струннае аддзяленне. Набралі толькі чатырох вучняў з выключным слыхам: Зою, Яўгена Дзяругу, Уладзіміра Шоця і Святлану Музычкіну.

Скрыпка іх звязала

Неўзабаве гэты квартэт стане вядомым – будзе выступаць на розных пляцоўках Смаргоні. У 1963 годзе квартэт увойдзе ў цымбальны аркестр і стане яго незаменнай часткай. Дагэтуль скрыпачоў у калектыве не было.

Пяць гадоў адыграе на скрыпцы ў аркестры Валодзя Шоць. Потым Дзяруга прапануе яму кантрабас. І хлопец, нават калі скончыць агульнаадукацыйную школу і паступіць у Мінск, будзе прыязджаць дадому і выступаць з аркестрам. А таксама граць у складзе смаргонскага ВІА (на гітары, іоніцы), удзельнічаць у розных імпрэзах, у тым ліку адкрываць круглую танцпляцоўку ў гарадскім парку. Пры гэтым вучыцца ў тэхнікуме, а пасля і ВНУ тэхнічнай накіраванасці. І там таксама выступаць.

Пазней Уладзімір стане ўдзельнікам хору на заводзе аптычнага станкабудавання. Музыка ніколі не знікне з яго жыцця. Ён і цяпер музыцыруе. Для сябе і сям’і. Зоя Куліцкая ў цымбальным аркестры будзе граць амаль дзесяць гадоў. Нават калі стане настаўніцай музыкі і размяркуецца ў Навагрудак. Аднойчы Зоя атрымае вымову за тое, што не прыехала своечасова са смаргонскага канцэрта на работу (дарэчы, на канікулах). Не выратуе ад пакарання нават пісьмо на імя загадчыка аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама, падпісанае заслужаным дзеячам БССР Аляксандрам Дзяругам.

Кулицкая3.jpg

16-гадовая Зоя КУЛІЦКАЯ. 1969 год


Дырэктар школы, відаць, затоіць крыўду, што не асабіста яму напісаў Дзяруга. Сваё прафесійнае жыццё Зоя не збіралася звязваць з музыкай. Яе вабіла хімія. Планавала паступаць у Ленінградскі хімічны інстытут. Паспяхова ўдзельнічала ў алімпіядах па гэтым прадмеце. Пасля ўрокаў гадзінамі прападала ў лабараторыі. Дырэктар школы Уладзімір Кацнельсон, калі ўбачыў Зою там у чарговы раз, пажартаваў: “Ну, ці хутка школу ўзарвеш?..”

На жаль, настаўніца хіміі, жонка ваеннага, вымушана была звольніцца і паехаць услед за мужам. Прыйшла іншая настаўніца, якая адбіла ў Зоі ўсю любоў да прадмета. Вось тады, у другі раз, скрыпка зноў зайграла галоўную партыю ў жыцці дзяўчыны. У 1968 годзе пяць дзяругавых аркестрантаў, у тым ліку і Зоя, паехалі на ўступныя іспыты ў Маладзечанскае музвучылішча – і ўсе паспяхова іх прайшлі.

Гавораць фотаздымкі

У альбоме маёй гераіні ёсць фотаздымкі, якія гавораць пра высокія мастацкія здольнасці Аляксандра Дзяругі. Яго з поўным правам можна назваць фотамастаком. Аляксандр Анісімавіч любіў прыгажосць ва ўсіх яе праявах і імкнуўся захаваць яе на доўгія гады. Зоя Іванаўна, на жаль, не знайшла ў сваім архіве часопіса “Работніца і сялянка”, дзе быў змешчаны яе фотапартрэт, які зрабіў і адаслаў туды Аляксандр Дзяруга. І гэта быў не адзінкавы фотавыстрал маэстра ў часопісе. Мая суразмоўца прыпомніла фотаэцюд “Белая пуховая хусцінка Надзі Клёмінай”.

У альбоме Уладзіміра Шоця шмат дзяругавых фота, якія яскрава расказваюць пра дружбу Валодзі з двайнятамі Жэням і Таняй Дзяругамі. Першы з іх датаваны 1958 годам. 5-гадовыя дзеці сфатаграфаваныя ў лесе. Крыху пазнейшы – у Вільнюскім заапарку. І на групавых яны разам.

шоть16.jpg

Уладзімір ШОЦЬ. 1960 год


“Мы жылі на адной вуліцы, праз дом. Я часта бываў у Дзяругаў у гасцях. У доме ці ў двары мы творча бавілі час. Ставілі сцэнкі пад мелодыі, якія выконвала Надзея Канстанцінаўна, жонка Дзяругі, - успамінае Уладзімір Казіміравіч. - Бацькі спакойна адпускалі мяне з Дзяругам і на рэчку купацца, і ў Вільнюс на экскурсію, і на выступленне ў Гродна, і ў “Артэк”.

шоть24.jpg

Дый не толькі мае. Бацькі ўсіх удзельнікаў цымбальнага аркестра давяралі Аляксандру  Анісімавічу. А паездкі былі не з лёгкіх. У тое ж Гродна мы дабіраліся на “перакладных”: да Гудагая на “дызелі”, там перасадка – да Вільнюса, пасля – на цягніку “Леніград - Гродна”. Ехалі з рэчамі і музычнымі інструментамі. Тыя ж дзяўчаты-падлеткі цягнулі цымбалы. І ніхто не скардзіўся, што цяжка.

На цягніку мы ездзілі і ў “Артэк”. Нас было 29 чалавек – і Аляксандр Анісімавіч адзін з намі спраўляўся. Ён валодаў неверагоднымі арганізатарскімі здольнасцямі. Без мабільнай сувязі ўсе пытанні вырашаў бездакорна: дзе паесці, дзе пераначаваць, дзе прывесці сябе ў парадак”.

шоть5.jpg

“Мудрасць - гэта розум, злучаны з дабрынёй”

І ў дзяцей Аляксандр Анісімавіч выклікаў давер. Чула неаднойчы, што самым патаемным яны дзяліліся не з бацькамі, а менавіта з Дзяругам. Зоя Куліцкая таксама гэты факт пацвердзіла і расказала гісторыю, якая і здзіўляе, і захапляе адначасова.

Дзяўчына ўжо была навучэнкай Маладзечанскага музвучылішча. Жыла на кватэры з сяброўкай са Смаргоні. Каханы той дзяўчыны аднойчы прызнаўся, што сэрца яго занята… Зояй.

А Зоя неўзабаве стала… зладзейкай. І скрала яна не толькі сэрца юнака. Гаспадыня, дзе жылі дзяўчаты, абвінаваціла Зою ў крадзяжы грошай. Пра сваё гора расказаць бацькам дзяўчына не рашылася, пайшла да Дзяругі. Аляксандр Анісімавіч разам з Зояй вячэрнім цягніком накіраваўся ў Маладзечна. Ён даволі рэзка пагаварыў з гаспадыняй.

“Сустрэнемся ў судзе”, - выгукнуў на развітанне і бразнуў дзвярыма. Жанчына дагнала яго і прызналася, што сяброўка Зоі папрасіла інсцэнаваць сітуацыю, каб адпомсціць за тое, што хлопец пакахаў іншую. Сярод Зоіных кавалераў быў той, каго яна пакахала ўсім сэрцам. Прыгожы асецін, любімчык дзяўчат, таксама выбраў Зою. Яе бацькі-каталікі былі моцна супраць гэтых адносін. “Што рабіць?” – адказ на пытанне дзяўчына знашла не ў рамане Мікалая Чарнышэўскага. Галоўным дарадцам стаў Аляксандр Дзяруга: “Мужоў выбіраюць, іх можа быць і два, і тры. А бацькоў не выбіраюць. Яны адны. І я раю табе іх слухацца”.

шоть4.jpg

Мудрасць Дзяругі… Пра яе гаварылі многія. “Мудрасць – гэта розум, злучаны з дабрынёй. Розум без дабрыні – хітрасць. Хітрасць жа абавязкова рана ці позна абарочваецца супраць самога хітруна. Таму хітрасць вымушана хавацца. Мудрасць жа адкрытая і надзейная. Яна не падманвае іншых, і найперш самога мудрага чалавека. Мудрасць прыносіць мудрацу добрае імя і трывалае шчасце, прыносіць шчасце надзейнае, шматгадоваеі тое спакойнае сумленне, якое самае каштоўнае ў старасці”, - савецкі філолаг, культуролаг, мастацтвазнаўца Дзмітрый Ліхачоў, які быў на пяць гадоў маладзейшы за Аляксандра Дзяругу, у “Письмах о добром и прекрасном”, быццам, ствараў псіхалагічны партрэт Аляксандра Анісімавіча. Уладзімір Шоць да гэтага партрэта зрабіў яшчэ некалькі  штрышкоў:

шоть13.jpg

Валодзя ШОЦЬ, Таня і Жэня ДЗЯРУГІ. 1962 год


“Мой сусед быў асаблівым чалавекам. Гаспадарчыя рэчы яго мала хвалявалі. Хатнюю гаспадаркувялі жонка і памочніца Аня, якая жыла разам з Дзяругамі, у яе быў пакой з асобным уваходам з вуліцы. Цесць Канстанцін Капусцінскі, які часта прыязджаў з Вільнюса, даглядаў сад і пчальнік. Дзяруга быў чалавекам для ўсяго горада. Грамадскай асобай. Ён нібыта ўзвышаўся над усім матэрыяльным. Ствараў для маладога пакалення Смаргоні высокадухоўную атмасферу, бо выдатна разумеў: нічога з таго, што здабываецца ў маладосці, не праходзіць бясследна. Аляксандра Анісімавіча высока цанілі і вядомы беларускі дырыжор, фалькларыст Рыгор Шырма, і музыказнаўца-фалькларыст, этнограф Генадзь Цітовіч. Яны часта прыязджалі ў Смаргонь да Дзяругі. Па просьбе Аляксандра Анісімавіча я часта хадзіў сустракаць іх на чыгуначны вакзал. Ведаеце, якое самае першае пытанне заўсёды задаваў мне Генадзь Цітовіч, калі выходзіў з цягніка? “Дзе тут вуліца Дзяругі? Што? Яшчэ няма?” Дзяруга сапраўды быў вартым таго, каб пры жыцці мець вуліцу, названую ў яго гонар. Тым не менш пазней такая вуліца ў Смаргоні з’явілася – і гэта цудоўна”.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіваў Уладзіміра ШОЦЯ і Зоі ЯКАЎЛЕВАЙ.