Жыві, роднае слова!

 

Жыві, роднае слова!

Общество
19.02.2020
2827
Падрыхтоўчы перыяд да Міжнароднага дня роднай мовы пачаўся яшчэ ў верасні гэтага навучальнага года. Святкаванне Дня беларускага пісьменства і друку адбывалася на працягу тыдня. Было праведзена шмат розных мерапрыемстваў. Адкрыўся тыдзень акцыяй “З кнігай у XXI стагоддзе”,падчас якой гучалі выказванні пра кнігу, літаратуру, пісьменнікаў і мову. Навучэнцы дзяліліся сваімі думкамі пра ролю кнігі і чытання ў сённяшнім свеце. Закончылася незабыўнае падарожжа ў цудоўны свет кнігі тым, што навучэнцы набылі шмат ведаў і навыкаў і зразумелі, што кніга прайшла вялікі і складаны шлях і ставіцца да яе трэба беражліва.

Сучасныя дзеці рэдка чуюць беларускую мову ў штодзённым жыцці, у іх небагаты слоўнікавы запас, таму каб мова родная гучала, у школе працуе клуб “Роднае слова”, які шмат увагі ўдзяляе развіццю беларускага маўлення. Падчас правядзення заняткаў у клубе  школьнікі даведаліся пра прадметы народнага побыту, звычаі і традыцыі, аб берарускай народнай вопратцы, пра звесткі аб паходжанні беларусаў, пазнаёміліся з беларускімі музычнымі кампазіцыямі, прынялі ўдзел у інсцэніроўках народных казак, чытанні беларускіх твораў і разгадванні загадак.

Літаратурна-музычнае падарожжа “Ад прадзедаў спакон вякоў…”, якое адбылося ў лістападзе 2019 года, запрасіла ўдзельнікаў прайсціся сцежкамі малой радзімы мясцовых паэтаў. Адбылося святкаванне юбілейных дат Леаніда Дайнекі і Уладзіміра Караткевіча.

У лютым 2020 года вучні 8-11-х класаў прынялі актыўны ўдзел у раённым конкурсе ўласных вершаў, які быў прысвечаны юбілейнай даце Уладзіміра Караткевіча. Вучань 9 “В” класа Ляшчэвіч Ян паўдзельнічаў у раённым конкурсе “Любовь… Как много в этом слове…” Верш аб каханні быў напісаны на беларускай мове.

Таксама ўласны верш на беларускай мове адправіў на выставу-конкурс “Салют Победы – 75!” вучань 10 “Б” класа Котаў Дзяніс.

На працягу мінулага і бягучага тыдня калектыў нашай установы прымаў удзел у дэкадзе, прысвечанай святкаванню Міжнароднага дня роднай мовы. У гэты перыяд настаўнікі ўсе заняткі з навучэнцамі стараюцца праводзіць па-беларуску. Педагогі размаўляюць на роднай мове як на занятках, так і ў свабоднай дзейнасці, на перапынках.

Прайшлі  інфармацыйныя гадзіны “Знакамітыя імёны Смаргоншчыны”,  “Мае землякі”, “Як да нас прыйшла кніга” і г. д.

Настаўнікі-філолагі правялі мерапрыемствы пад агульнай назвай “Лепшы знаўца роднай мовы”, якія былі накіраваны на выяўленне і развіццё творчых здольнасцей вучняў. Гэта лінгвістычныя спаборніцтвы, віктарыны, конкурсы юных пісьменнікаў і чытачоў мастацкіх твораў “Проба пяра”, “Ліст сябру”, фотавыставы “Краіна мая сінявокая”, выставы малюнкаў. Вучні 5-7 класаў удзельнічалі ў лінгвістычных спаборніцтвах, а старшакласнікі – у конкурсах на лепшага знаўцу беларускай мовы. Кожнаму хацелася паказаць добрыя веды і выказаць любоў да роднай мовы.

IMG_20200219_094812.jpg

Не абышлося і без экскурсіі ў бібліятэку, дзе вучні чыталі беларускія творы і разгадвалі загадкі. У сераду 12 лютага адбылася школьная алімпіяда па беларускай мове, дзе кожны ўдзельнік стараўся паказаць свае веды і здольнасці валодаць беларускім словам.

Хочацца верыць, што Дзень роднай мовы пакінуў незабыўны след у душы кожнага вучня і настаўніка, бо гэта не проста чарговыя пазакласныя мерапрыемствы, а найперш дотык да роднага і спрадвечнага.

Алена ЦЯЛЕГА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ№1.