Успаміны, што грэюць душу

Общество
04.02.2016 14:04
988
Няма, напэўна, чалавека, які б не ўспамінаў сваю родную школу, сваіх настаўнікаў і школьных таварышаў. Напярэдадні такіх знакавых падзей, як свята апошняга званка, выпускныя балі, сустрэчы выпускнікоў, Дзень ведаў, у маёй памяці аднаўляюцца асабістыя эмоцыі і колішнія хваляванні.

Хутка вечар сустрэчы з аднакласнікамі. На вуліцы неспрыяльнае надвор’е, а ў маёй хатцы...
Няма, напэўна, чалавека, які б не ўспамінаў сваю родную школу, сваіх настаўнікаў і школьных таварышаў. Напярэдадні такіх знакавых падзей, як свята апошняга званка, выпускныя балі, сустрэчы выпускнікоў, Дзень ведаў, у маёй памяці аднаўляюцца асабістыя эмоцыі і колішнія хваляванні.IMG_2957

Хутка вечар сустрэчы з аднакласнікамі. На вуліцы неспрыяльнае надвор’е, а ў маёй хатцы паліцца печка, патрэскваюць дровы, і так хораша думаецца і ўспамінаецца школьнае жыццё, любімыя настаўнікі, дарагія сэрцу аднакласнікі. Што не кажыце, а жыццё само па сабе ёсць радасць, бясцэнны дар, асабліва, калі чакаеш чагосьці прыемнага і маеш магчымасць сустракацца з сябрамі юнацтва.
Мы закончылі школу ў 1968 годзе. Спачатку сустракаліся не вельмі часта. У 2008 годзе на юбілей выпуску па ініцыятыве нашай актывісткі Яніны Загорскай мы сабраліся пад дахам роднай Крэўскай школы. Нас было многа, з’ехалася большая палова класа. Яшчэ былі жывыя многія нашы настаўнікі. Успаміналі цікавыя эпізоды з жыцця класа, падарожжы, экскурсіі, вечарыны. Колькі было разнастайных мерапрыемстваў, якія ініцыіраваў наш настаўнік М. В. Усік, асабліва выступленні агітбрыгады. Лепшымі дарадчыкамі, натхняльнікамі былі выдатныя педагогі Тамара Андрэеўна Гарбарчук, Ніна Іванаўна Несцяронак, Уладзімір Канстанцінавіч Страх, Дзіна Фёдараўна Табакова, Алена Канстанцінаўна Страх, Раіса Аляксееўна Капыш, Раіса Сцяпанаўна Страх і іншыя. Яны давалі нам трывалыя веды і пуцёўку ў дарослае жыццё. Дзякуючы гэтаму многія мае аднакласнікі прадоўжылі вучобу, набылі патрэбная грамадству прафесіі. Сярод нас многа медыцынскіх работнікаў, настаўнікаў, ёсць святары і прадстаўнікі іншых спецыяльнасцей.
Мы былі бязмежна рады сустрэчы. Спявалі, танцавалі, дзяліліся ўспамінамі, марылі сабрацца зноў на 50-годдзе заканчэння школы. Вельмі хочацца верыць, што задуманае здзейсніцца. А пакуль хачу праз газету перадаць прывітанне і найлепшыя пажаданні настаўнікам і ветэранам-педагогам Крэўскай школы.
Алена СТРАХ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений