Смаргонскі раён: першыя крокі

 

Смаргонскі раён: першыя крокі

Общество
15.01.2020
1428
Сваю гісторыю Смаргонскі раён, як адміністрацыйная адзінка, пачынае 15 студзеня 1940 года. Якім быў наш край у той час?

Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі звестак аб тых падзеях захавалася няшмат – усяму віной Вялікая Айчынная вайна, якая забрала не толькі чалавечае жыццё, але таксама і шмат архіўных матэрыялаў.

Гістарычныя крыніцы таго перыяду нам кажуць, што жыццё простых смаргонцаў нельга было назваць лёгкім. Разбураная ўшчэнт войнамі Смаргоншчына ўвайшла ў склад Польшчы. Сацыяльна-эканамічнае становішча нашага краю ў пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя – гэта яркае сведчанне ганебнай палітыкі польскай улады ў дачыненні да “Крэсаў Усходніх”. Паўсюль панавала беззямелле, беспрацоўе, праводзілася актыўная палітыка апалячвання беларусаў. Гісторыкі сведчаць, што Смаргонь, у якой на пачатку ХХ стагоддзя пражывала амаль 17 тысяч чалавек, а сам горад славіўся сваёй скураной вытворчасцю, да 1939 года стаў занядбаным мястэчкам з насельніцтвам крыху больш за 5 тысяч чалавек. Уся прамысловасць Смаргоні – гэта некалькі кустарных прадпрыемстваў ды безліч яўрэйскіх лавак.

Галоўны захавальнік фондаў Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Павел Кар-тавік адзначыў, што большасць насельніцтва Смаргонскага раёна жыло тады па вёсках і хутарах.

Прыход новай улады азначаў карэнную змену ўсяго папярэдняга ладу жыцця. Адразу пачаліся сацыяльнаэканамічныя пераўтварэнні ў Смаргонскім раёне: усе фінансавыя разлікі былі пераведзены на савецкую валюту, а невялікія кустарныя прадпрыемствы былі пераўтвораны ў арцелі.

Змяніўся і вобраз народнай асветы. Большасць школ, якія пачалі працаваць на Смаргоншчыне пасля прыходу савецкай улады, былі беларускамоўнымі. Паўсюль адкрываліся пункты ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У Смаргонскім раёне іх налічвалася 14. Адкрылася перспектыва прафесійнага навучання для моладзі. На міліцыянераў смаргонскія хлопцы ездзілі вучыцца ў Дзісну, на трактарыстаў – у Глыбокае і Клімавічы, на чыгуначнікаў – у Маладзечна.

У Смаргоні пачала працаваць бальніца на 30 ложкаў, радзільны дом на 10 ложкаў, адкрыты раённы Дом культуры. У Крэве было завершана будаўніцтва бальніцы і клуба.

Як бачым, першыя самастойныя крокі па гістарычнай спіралі Смаргонскаму раёну даваліся вельмі цяжка. Але з кожным наступным 10-годдзем хада яго станавілася больш упэўненай.

Сёння Смаргонскі раён – гэта сучасны прамысловы рэгіён Гродзенскай вобласці, які займае пачэснае месца ў эканоміцы Беларусі. Галоўным скарбам яго былі і застаюцца людзі, якія жывуць і працуюць на карысць свайго краю.

Сяргей ЮРЭВІЧ.