Не так гэта проста пражыць дзевяноста

 

Не так гэта проста пражыць дзевяноста

Общество
13.11.2019
1935
Дом, у якім жыве Леанарда Апанасовіч з сынам і нявесткай, - “старажыл” Асінаўшчызны. Пабудове гадоў пад сто, а, можа, і больш. А на выгляд не скажаш – вельмі дагледжаная і прыгожая. У гэтым доме Леанарда Антонаўна нарадзілася. А ёй, між іншым, 90 гадоў споўнілася 12 лістапада.

Раман-газета і вайбер

Ва ўтульным пакойчыку юбіляркі найперш кінуўся ў вочы стос літаратурных часопісаў “Раман-газета”.  Адзін з іх – разгорнуты, наверсе ляжаць акуляры.

- Вы чытаеце ”Раман-газету”? – удакладняю на ўсялякі выпадак.

- Чытае! – апярэджвае маці з адказам дачка Ліля. -  Цэлы стос прачытала, вось другі прывезлі (я налічыла 16 часопісаў з творамі Салжаніцына, Пікуля, Фаўлза – аўт.). Гістарычныя творы асабліва любіць.

IMG_5708.JPG

Я пачынаю здзіўляцца, бо мала бачыла 90-гадовых, якія так актыўна чытаюць класіку. А пасля звяртаю ўвагу на тры тэлефоны каля бабулінага крэсла. Сярод іх смартфон. Аказваецца, Леанарда Антонаўна не па чутках ведае, што такое “вайбер”, актыўна ім карыстаецца: гэта яе галоўны канал зносін  з дачкой, якая жыве ў Таліне.

“Дабівае” мяне здымак, датаваны 1946 года, на якім мая гераіня з сяброўкай Нюшай. У руках юнай Леанадры – мандаліна, у сяброўкі – гітара. Почырк фотамастака Аляксандра Дзяругі чытаецца адразу. А мне цікава: музычныя інструменты – гэта “бутафорыя” ці дзяўчаты сапраўды на іх гралі?

IMG_5417.JPG

Нюша МЕХ і Леанарда АПАНАСОВІЧ (СТАЛЬЧЫНСКАЯ) 1946 год


Леанардзе было толькі дванаццаць гадоў, калі 19-гадовы брат купіў ёй інструмент і сілком адвёў да Івана Мяха, мясцовага музыкі, спасцігаць навуку “мандалінавага” грання. Гэты факт здзіўляе. Бо на той час музіцыраванне лічылася выключна мужчынскай справай, і жанчыны туды не надта дапускаліся, нават калі моцна хацелі.

“А я страшна не хацела, - кажа Леанарда Антонаўна. – Вядзе мяне брат да музыкі, а я плачу. Як гэта мужчына будзе маім настаўнікам? Ён жа ўжо кавалер… Таму і граць хутка навучылася, каб не хадзіць больш на заняткі. Дома, як прыходзіла, гадзінамі мандаліну з рук не выпускала, усе заданні музыкі выконвала…”

Танцпляцоўка ў двары

З  таго часу двор Стальчынскіх (дзявочае прозвішча гераіні) ператварыўся ў міні-танцпляцоўку. ”Сёстры мае ўжо былі дзеўкамі, брат – кавалерам, да іх прыходзілі сябры-таварышы. Я ім грала, а яны танцавалі. Польку, вальс, кракавяк, любую песню на слых развучвала. Палюбіла свой інструмент… Памятаю, як немцы пачалі бамбіць Смаргонь, людзі пабеглі ў бліндаж хавацца. З сабой хто ежу нёс, хто лепшае адзенне, а я мандаліну сваю”, - успамінае мая суразмоўца.

Напрыканцы вайны (Вялікай Айчыннай – аўт.) у Асінаўшчызне з’явіліся маладыя прыгожыя лётчыкі. Недалёка ад вёскі быў аэрадром, дзе пэўны час базіраваліся ваенныя самалёты. Лётчыкі далучыліся да вясковых танцаў пад мандаліну.

“Мне і крыўдна, іншыя дзеўкі з прыгожымі хлопцамі танцуюць, а я граць вымушана… Калі на вуліцы было холадна, танцавалі ў нас дома, - удакладняе Леанарда Антонаўна. – Аднойчы падчас танца ў аднаго лётчыка пісталет выпаў з кабуры і выстраліў! І дзюрку ў столі зрабіў! Вось мы ўжо перапужаліся…”

У жыцці Леанарды былі дзве мандаліны. Першая нядоўга паслужыла, рассохлася. Тады брат купіў яшчэ адну, нямецкую, у Ашмянах на базары. Інструмент мая гераіня зберагла і да гэтага часу. Крыху расстроены, але ў добрым стане: даўно не грала на ім жанчына.

IMG_5720.JPG

Працавіты, але ж бедны

Не трэба думаць, што Леанарда была адзінай у акрузе музыканткай. Тады на ўсё наваколле грымелі “Багданы” – браты Мечык і Зыгмунд, да якіх нярэдка далучаўся Іван Мех. Леанарда сама вельмі любіла танцаваць. А яшчэ больш - яе будучы муж, які польку з прытопваннем да 80 гадоў скакаў.

Прыгажун Эдзік быў сіратой (спачатку маці памерла, пасля - бацька, засталася толькі мачыха). А сям’я Стальчынскіх – заможная, шмат зямлі мела. Хлопец хадзіў па людзях, дапамагаў упраўляцца з гаспадаркай – за ежу і пасцель.  Прыходзіў на дапамогу і Стальчынскім. “Хоць і працавіты, але ж бедны”, - сказаў Антон Стальчынскі, калі ўбачыў зацікаўленасць дачкі да памагатага. “Не хацелі бацькі такога зяця. Але ж дзе дзецца? Прынялі. Мы ж пакахалі адно аднаго. У 1950 годзе павянчаліся і пражылі разам 68 гадоў. Добры муж быў, уважлівы, ніколі бітая ад яго не была”.

IMG_5423.JPG

Працоўная кніжка маёй гераіні расказвае пра яе прафесійную дзейнасць. Леанарда Антонаўна была і падлікоўцам у калгасе, і памочнікам ў непісьменнага брыгадзіра (“пры Польшчы” скончыла чатыры класы польскай школы, а чытаць-пісаць па-руску навучылася яшчэ ад бабулі). Апошнім яе месцам працы стала райветсанцыя.

“Мама суткамі прападала на рабоце, мы яе мала і бачылі. Але дома мелі свае абавязкі, якія трэба было выканаць. Мы раслі самастойнымі і прывучанымі да працы. Безумоўна, гэта дапамагло нам у будучым лягчэй успрымаць любыя жыццёвыя цяжкасці”, - зазначае старэйшая дачка юбіляркі.

Трое дзяцей, чацвёра ўнукаў і сямёра праўнукаў. Цудоўнае адлюстраванне юбіляркі, яе бясцэнны скарб і прыгожае прадаўжэнне. 

Цэлы дзень Леанарда Антонаўна прымала віншаванні. Ад родных, знаёмых, суседзяў, ад старшыні Каранёўскага сельсавета Святланы Гаспадаровай і старшыні прафкама райветстанцыі Галіны Кузьміной. Час ад часу слёзы радасці з’яўляліся на вачах юбіляркі. Не так гэта проста пражыць дзевяноста. Сто – яшчэ цяжэй. Але яна пастараецца. Усе госці яе пра гэта прасілі.

IMG_5692.JPG

90-гадовая юбілярка. 2019 год


Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіва Леанарды АПАНАСОВІЧ.