Гісторыя адной песні

 

Гісторыя адной песні

Общество
11.11.2019
1805
Восень 1964 года. З класным журналам яна ішла па калідоры СШ №2, а ёй насустрач – высокі стройны пажылы чалавек з пышнай сівой шавялюрай. Калі яны параўняліся, мужчына зняў перад ёй, учарашняй студэнткай і зусім зялёнай настаўніцай, свой капялюш.

Такой галантнасці дзяўчына ажно збянтэжылася… У той дзень яны не пазнаёміліся. Разышліся. А яна, безумоўна, пацікавілася ў калег, што за незнаёмы джэнтльмен сярэдніх гадоў ходзіць па школе. Ніхто з настаўнікаў не стаў перабіраць прозвішчы вядомых смаргонскіх джэнтльменаў. Дзяруга. Ён быў такі адзін на ўсю Смаргонь.

гаева7.jpg

Маладая настаўніца Ірына ГАЕВА. 1965 г.


Калі душа ў вачах свеціцца

Аляксандр Анісімавіч часта бываў у другой школе. Асабліва цікавіўся справамі сваіх аркестрантаў: “Як вучацца? Як сябе паводзяць?” Ніколі не праходзіў міма дзяцей, якія біліся.

Спыняўся, мірыў, тлумачыў… “А цяпер папрасі прабачэння”, - мяккім голасам гаварыў мужчына. І завадатар бойкі прасіў. Хлопцы абдымаліся, і канфлікт быў вычарпаны. Вось так працаваў няштатны выхавальнік Аляксандр Дзяруга.

Хутка маладая настаўніца Ірына Гаева пазнаёмілася з мужчынам у капелюшы. Іх знаёмства перарасло ў шчырую дружбу.

“Чалавек ён быў незвычайны, мнагагранны, начытаны, - характарызуе Дзяругу мая суразмоўца. - Меў багатую бібліятэку. Аднойчы прынёс мне кнігу французскага дыпламата графа Армана дэ Каленкура пра ваенную кампанію 1812 года. Я ўпершыню ўбачыла ілюстрацыю карціны “Напалеон пакідае армію ў Смаргоні”.

гаева14.jpg

Маладых дзяўчат Дзяруга часта фатаграфаваў. У фотаальбоме Ірыны Гаевай – больш за дзясятак яе партрэтаў ад фотамастака. Аднойчы яна пацікавілася ў Аляксандра Анісімавіча, чаму ён так часта яе фатаграфуе. “Бо ваша добрая душа ў вачах свеціцца”, - пачула ў ад- каз. Ірына Ніканораўна прызнаецца: “Гэты лаканічны, ёмкі выраз застаўся ў маім сэрцы на ўсё жыццё. Прабачце маё сціплае прызнанне…”

гаева6.jpg

“Аляксандр Анісімавіч быў нашмат маладзейшы за свой біялагічны ўзрост. Магчыма, таму, што пакланяўся прыгажосці ва ўсіх яе праявах. Нямногія ўмеюць заўважаць гэту прыгажосць у штодзённым жыцці і цаніць яе. А ён умеў, - сцвярджае Ірына Ніканораўна.

гаева10.jpg

- Равеснікі Дзяругі не заўсёды разумелі яго, бо, як вядома, пад старасць кола інтарэсаў становіцца іншым. А Аляксандр Анісімавіч заўсёды быў сярод моладзі. На танцпляцоўцы, у школах, у ДК… Ён мысліў прагрэсіўна, цікавіўся навінкамі і заўсёды крочыў у нагу з маладымі. І моладзь яго любіла, цягнулася да яго. Памятаю, я толькі пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Ён запрасіў мяне на танцы. Мы прыйшлі на танцпляцоўку, і яшчэ моцна адно аднаго саромеліся. Там сустрэлі Дзяругу. Ён паказваў і дзецям, і дарослым, як прыгожа, правільна танцаваць. І нас з будучым мужам вучыў прамудрасцям танца”.

гаева3.jpg

гаева2.jpg

Ваша песня не спета. Бо не напісана

У школе Ірына Гаева выкладала геаграфію. Была вельмі творчай асобай. Удзельнічала ў выпуску школьнай сценгазеты, пісала туды вершы, прыдумвала подпісы пад здымкі і малюнкі.

Такім чынам Аляксандр Дзяруга даведаўся пра яе паэтычныя здольнасці і аднойчы прапанаваў сумесную творчую працу. “Хачу напісаць твор пра тых, хто загінуў, вызваляючы Смаргонь.

Песняй увекавечыць помнік загінуўшым воінам. Я напішу музыку, а вы – словы. Мне хочацца, каб твор пачынаўся ўрачыстымі словамі:

“У стен гранитных пьедестала, Огонь бессмертия горит…” А далей прадаўжайце вы…”

“Адмовіць Дзяругу я не магла, - зазначае Ірына Гаева. - Хаця высокую адказнасць адчувала. Пачала паціху пісаць. Аляксандр Анісімавіч мяне не падганяў… Прайшоў пэўны час, верш я дапісала. Пачала цікавіцца, дзе Дзяруга, бо даўно нідзе яго не бачыла. Аказалася, ляжыць у бальніцы…

Назаўсёды ў памяці засталася апошняя сустрэча з Аляксандрам Анісімавічам. У калідоры другой школы. Пасля бальніцы ён быў схуднелы, бледнаваты. Відаць, не надта добра сябе адчуваў: рухаўся павольна, гаварыў, што хутка, мусіць, давядзецца адыходзіць у іншы свет, што песня яго спета.

“Не спяшайцеся, - адказала яму. – Без вас я не ўяўляю Смаргоні. Без вас будзе пуста і няўтульна. Вы – душа Смаргоні, яе сімвал”. Вочы яго ўдзячна засвяціліся. Ён шчыра падзякаваў, сказаў некалькі прыемных слоў для мяне і вось гэта:

“Падрастае моладзь, харошая моладзь. Жыццё будзе прадаўжацца”.

Тады Ірына Ніканораўна паведаміла Дзяругу, што выканала яго просьбу, напісала словы песні. Праўда, з сабой верша не мела. Пачытала, што помніла.

“Добра, вы зразумелі маю думку, - зазначыў Аляксандр Анісімавіч. – Можа, яшчэ крыху палячуся, мне стане лепш, і тады я напішу музыку”.

Хутка Дзяруга адышоў у вечнасць…

Мара Дзяругі здзейснілася

На ўрачыстасці, прысвечанай 9 Мая, Ірына Гаева стаяла каля помніка загінуўшым воінам. І прыпомніла, што Дзяруга вельмі хацеў, каб была песня, прысвечаная смаргонцам, якія не вярнуліся з вайны. Верш ляжаў у яе стале, нікому паэтка яго не паказвала. Сумнявалася, ці варты твор атрымаўся. І вось, нарэшце, яна рашылася паказаць яго знаўцам паэзіі – настаўніцы рускай мовы і літаратуры Марыі Купрыянчык і яе мужу, журналісту Аркадзю Падголу. Іх вердыкт: верш харошы. Тады Ірына Ніканораўна звярнулася да Мікалая Ходаша з прапановай выканаць волю Дзяругі – напісаць музыку да песні.

гаева5.jpg

Святочная калона. 9 мая 1968 года. З удзелам вучняў 9 класа (класны кіраўнік - Ірына ГАЕВА)


“Зробім”, - абнадзеіў музыка, але і ён хутка захварэў і памёр.

“Я хадзіла з цяжарам на душы: не здзейснілася мара Дзяругі, - успамінае былая настаўніца. – Тады я зразумела, што апошняя надзея – Аляксандр Лях. Падышла да яго, растлумачыла сітуацыю.

“Будзем працаваць”, - пачула ў адказ. Хутка музыка паведаміў, што песня гатова і ён пачне з хорам яе развучваць.

Пазней я сустрэлася з Аляксандрам Ляхам. Ён паведаміў, што песню паказаў прафесару Віктару Роўду, і маэстра пахваліў твор.

Аднойчы я пачула, як песня выконвалася каля помніка загінуўшым воінам. І цяжар з душы адышоў…”

Дарэчы, назва песні некалькі раз мянялася. Спачатку яна называлася “Памятник”. Пасля – “Склоняет голову Сморгонь”. Калі Аляксандр Лях напісаў музыку, то назваў песню “Освобожденная Сморгонь”.

Склоняет голову См оргонь

У плит гранитных пьедестала

Огонь бессмертия горит.

Склонившись скорбно и устало

Фигура воина стоит.

Стоит коленопреклонённо:

В земле друзья его лежат.

Он охраняет  сон спокойный,

Глубокий, вечный сон солдат.

Врага коварного изгнали

Они с принеманской земли.

В бою за город наш упали,

Навечно в землю здесь легли.

Священным это место стало,

И стар, и млад его хранит,

Где на высоком пьедестале

Фигура воина стоит.

Сюда цветы приносят люди,

Горит бессмертия огонь.

Всегда их чтить и помнить будет

Освобожденная Сморгонь!

И. Н. Гаева.

Ірына Гаева ўвесь час была чалавекам імклівым. Яе і цяпер запрашаюць выступіць перад моладдзю, пачытаць свае вершы. Яна – удзельніца вакальнага калектыву “Крынічанька”, які працуе на базе цэнтра сацыяльных паслуг “Цёплы дом”. Яе творамі аздабляюцца канцэртныя праграмы. “Дзяруга так любіў самадзейнасць, - усміхаецца мая суразмоўца. - Заўсёды імкнуўся палепшыць самадзейныя нумары. Каб ён цяпер жыў, я ўпэўнена, яму цікава была б наша “Крынічанька”. І яго парады для нас былі б вельмі слушныя”.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Ірыны ГАЕВАЙ.