Ціха слова роднае ў сэрцы спяліць…

 

Ціха слова роднае ў сэрцы спяліць…

Общество
06.10.2019
2789
Да знаёмства з выхавацелькай беларускамоўнай групы дзіцячага садка №8 я ведала толькі адну жанчыну з іменем Эдзіта. Не буду арыгінальнай – Эдзіту П’еху. Ну, і яшчэ Эдзіт Піаф. У Смаргоні ж  ёсць свая славутасць – Эдзіта Бранцэвіч.
Калі б мне давялося адказаць на пытанне, што аб’ядноўвае гэтых жанчын, адзначыла б: найперш прыемны голас. Яны велічныя, ведаюць сабе цану і любяць тое, чым займаюцца.

коўч ­ гэта гучыць... загадкава

Эдзіта родам з Астравеччыны, з Міхалішак. Скончыла Лідскае педвучылішча, беларускае аддзяленне філфака БДПУ імя Максіма Танка. Адзінаццаць гадоў адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў. А пасля зрабіла перапынак у педагагічнай дзейнасці – дачушка пачала хварэць,
і на сямейным савеце вырашылі, што маці павінна больш увагі надаць свайму дзіцяці. Але гэты перапынак не быў застоем для Эдзіты-асобы, Эдзіты-педагога. Яна скончыла курсы коўча, і праз інтэрнэт пачала кансультаваць людзей.

эдзита.jpg

“Коўч” азначае “асабісты трэнер”, “рэпетытар”, які літаральна цягне падапечнага да поспеху. Галоўная задача коўчынгу – не развіццё асобы, а вызначэнне мэтаў і стварэнне плана для іх дасягнення. Коўч не вучыць, не фарміруе, не развівае, ён накіроўвае мысленне чалавека так, што той знаходзіць сам адказы на свае пытанні і варыянты рашэння праблем.

“Я стала працаваць з дарослымі і зразумела, што практычна ўсе іх праблемы родам з дзяцінства, - кажа суразмоўца, - і гэты факт, у нейкай ступені, вызначыў мой далейшы педагагічны шлях. Калі дачка падрасла, я вярнулася да дзяцей, толькі не ў школу, а ў садок. Вырашыла, што буду працаваць з маленькімі выхаванцамі, якія пакуль, як чысты ліст паперы. На 3-6-гадовае дзіця можна яшчэ моцна паўплываць, каб яно вырасла  шчаслівым дарослым, упэўненым у сабе. І бацькі, калі дзіця малое, таксама яшчэ гатовы працаваць над сваім светапоглядам у адносінах да яго. Чатыры гады я адпрацавала ў садку і магу сказаць, што наша ўзаемная праца дала свой плён”.

з дзецьмі  ­ па­беларуску

Эдзіце прапанавалі беларускамоўную групу, яна з радасцю пагадзілася і тут жа стала думаць, як зацікавіць дзяцей гаварыць на роднай мове, як разнастаіць іх дашкольныя будні. Што ж найперш зрабіла выхавацелька? Стала шукаць асяродак, дзе гучыць не “калькаваная” беларуская мова, а жывая, сакавітая, дзе можна сваю мову ўдасканальваць. І знайшла. Аказалася, такіх людзей шмат у Беларусі.

эдзита 1.jpg

А пасля Эдзіта Бранцэвіч стала ствараць
аўтарскія праекты. Дзеці пачалі не толькі размаўляць па-беларуску, але і спяваць беларускія песні, танцаваць народныя танцы, гуляць у народныя гульні, забаўляцца трапнымі беларускімі прымаўкамі, “Гукаць вясну”, разам з бацькамі ствараць
казкі, цікавыя, змястоўныя, і, самае галоўнае, – з адметнымі менавіта нашай, беларускай, культуры героямі і персанажамі.

Выхавацелька вывела дзяцей за межы дашкольнай установы, туды, дзе таксама гучыць беларуская мова. Разам яны пабывалі ў гісторыка-краязнаўчым музеі, касцёле Святога Міхала Арханёла, народным гісторыка-этнаграфічным музеі у СШ №5, “Зімовым садзе” ў Смаргонскім політэхнічным ліцэі… Эдзіта Эдуардаўна наведала ні адну цырульню з просьбай правесці там экскурсію па-беларуску. Толькі ў адной пагадзілася прыняць юных наведвальнікаў у дзень роднай мовы і правесці для іх майстар-клас па доглядзе за валасамі. Такім чынам, дзеці і іх бацькі, якія пастаянна ўдзельнічаюць у праектах Эдзіты Бранцэвіч, яшчэ раз пераканаліся, што беларуская мова жыве не толькі ў вершах і песнях, як гістарычная з’ява, яна прыгожа і арганічна акружае нас у паўсядзённым жыцці.

Калі планавалася паездка ў Крэва, Эдзіта Эдуардаўна склала цэлую ілюстраваную кнігу “Нізка гісторый, адаптаваных для дзяцей дашкольнага ўзросту”. Дзеці малявалі, канструявалі, гулялі ў Крэўскі замак, правяралі веды ў бацькоў па гісторыі Крэва.

эдзита 2.jpg

этнапедагогіка ў дапамогу

“Любоў, міласць, пачуццё гонару і павагі да Радзімы – не пустыя словы. Гэтыя пачуцці растуць разам з людзьмі з самага дзяцінства, варта іх толькі абудзіць, - упэўнена Эдзіта Бранцэвіч. -  Менавіта з маленства дзіця вучыцца цаніць важныя чалавечыя якасці: працавітасць, кемлівасць, сціпласць, дбайнасць, ашчаднасць, гаспадарлівасць.  Каб іх выхоўваць, мне вельмі дапамагаюць
веды па этнапедагогіцы.

Адзін з самых сур’ёзных праектаў Эдзіты Бранцэвіч – “Дзіцячыя строі ХІХ стагоддзя смаргонскай зямлі”. Гэта не імітацыя, не разважанне “на тэму”, гэта дакладна вывучаны матэрыял і ўвасоблены ў рэальнасць. Шэсць відаў вілейскіх строяў (менавіта такія насілі на Смаргоншчыне), у адпаведнасці з узростам дзіцяці, распрацавала разам з дачкой, будучым дызайнерам адзення, а спецыяліст з садка пашыла.

Сама Эдзіта Эдуардаўна вельмі актыўна прапагандуе наш рэгіянальны строй, які стварыла разам з дачкой. Часта наведвае розныя мерапрыемствы фальклорна-этнаграфічнай тэматыкі, якія ла­дзяцца на Смаргоншчыне і за яе межамі. Добра танцуе беларускія традыцыйныя танцы.

эдита4.jpg

Яна заняла пачэснае месца на нашым смаргонскім педагагічным небасхіле. Зрабіла так, што бацькі аддаюць перавагу менавіта і гэтай выхавацельцы, і роднай мове.

Галіна АНТОНАВА.

Статьи по теме: