“Аварыйка” – на выезд!

 

“Аварыйка” – на выезд!

Общество
31.08.2019
1322
Сёлета ў газавікоў Гродзенскай вобласці два святы. Першае – прафесійнае, а другое звязана з 60-годдзем “Гроднааблгазу”, у які ўваходзяць усе раённыя падраздзяленні гэтай службы.

Працоўны калектыў “Смаргоньгазу” сустракае Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці з добрым настроем. Як адзначыў дырэктар Валянцін Мядзвецкі, сёлетні год складваецца нядрэнна, хаця больш напружаны, чым звычайна, паколькі акрамя выканання звыклых штодзённых абавязкаў па абслугоўванні і рамонце газавага абсталявання неабходна было выканаць работы, звязаныя з падрыхтоўкай нашага горада да правядзення абласных “Дажынак”. Каля адміністрацыйнага будынка мясцовай газавай службы з’явілася нават новая аўтамабільная стаянка, паколькі ранейшая невялікая і не змяшчае ўсе транспартныя сродкі.

IMG_0983.JPG

Дырэктар вытворчага ўпраўлення “Смаргоньгаз”Валянцін МЯДЗВЕЦКІ абмяркоўвае рабочыя пытанні з галоўным інжынерам Аляксандрам ШАРАБАЙКАМ

Добра наладжана ў “Смаргоньгазе” работа па павышэнні прафесіяналізму спецыялістаў газавай службы. Сведчаннем гэтаму - добрыя выступленні камандаў розных падраздзяленняў у абласных аглядах-конкурсах прафесійнага майстэрства. Сёлета яны прывезлі некалькі дыпломаў за 1 месца. Прадстаўнікі “Смаргоньгазу” выступалі і ў рэспубліканскім конкурсе, дзе сталі трэцімі.

Адным з самых адказных падраздзяленняў “Смаргоньгазу” з’яўляецца аператыўна-дыспетчарская служба. З самага ранку прыёмшчык заказаў Вольга Космач адказвала на тэлефанаванні жыхароў горада і сельскай мясцовасці. Звароты тычыліся дастаўкі газавых балонаў, замены пліты, рамонту газавага абсталявання. Не абыходзіцца і без так званых аварыйных заявак.

IMG_0980.JPG

Разам працуюць начальнік аварыйна-дыспетчарскай службы Ігар АЛЬХІМОВІЧ і прыёмшчык заказаў Вольга КОСМАЧ


У штаце аварыйна-дыспетчарскай службы 5 прыёмшчыкаў заказаў, столькі ж вадзіцеляў, слесараў, майстар і начальнік гэтага падраздзялення. У газавых гаспадарках Іўеўскага, Ашмянскага і Астравецкага раёнаў, якія ўваходзяць у структуру вытворчага ўпраўлення “Смаргоньгаз”, таксама ёсць аварыйна-дыспетчарскія службы. Усяго па ўпраўленні 65 “аварыйшчыкаў”.

Начальнік аварыйна-дыспетчарскай службы Ігар Альхімовіч працуе ўвесь час у гэтым падраздзяленні. Спачатку быў майстрам, а з 2011 года ўзначальвае калектыў.

“Прычыны выезду “аварыйкі” розныя, - кажа Ігар Анатольевіч. - Уцечка газу, некарэктная работа газавага абсталявання. На выезд з базы даецца 5 мінут. За гэты час трэба сабрацца, узяць усё неабходнае. Хаця аўтамабіль загадзя ўкамплектаваны патрэбнымі інструментамі. І не толькі імі. У салоне ўстаноўлены камп’ютар, прынтар, ёсць бесправодны інтэрнэт з GPS-сувяззю. У аўтамабілі ўстаноўлены відэакамеры. Гэты транспартны сродак можна назваць аўтаматызаваным цэнтрам, абсталяваным усім неабходным для лакалізацыі аварыйных сітуацый”.

IMG_1071.JPG

Аварыйная служба працуе і днём, і ноччу

Для аварыйнай газавай службы больш работы ў горадзе. З сельскай мясцовасці людзі тэлефануюць не так часта, асабліва пасля таго, як там была праведзена работа па замене старых газавых плітаў на новыя. Тэхнічныя няспраўнасці газавага абсталявання ўхіляюцца хутка. Калі ж адчуваецца пах газу, то прыходзіцца правяраць яго канцэнтрацыю, шукаць месца ўцечкі, абследаваць сумежныя памяшканні. На дварэ вызначаецца 50-метровая зона, пад праверку трапляюць пад’езды, падвалы, калодзежы, грамадскія і адміністрацыйныя будынкі.

“Аварыйку” выклікаюць не толькі днём, але і ноччу. Гэта служба працуе кругласутачна, без выхадных. Хаця выездаў многа, але работнікі падраздзялення спраўляюцца са сваёй задачай. Ім нават прыходзіцца праводзіць прафілактычную работу сярод жыльцоў дамоў. “І гэта самае складанае, - адзначае начальнік аварыйна-дыспетчарскай службы Ігар Альхімовіч, бо некаторыя людзі не хочуць разумець, што мы ад іх патрабуем. А патрабаванні простыя: нельга самім мяняць газавае абсталяванне, неабходна штогод правяраць вентыляцыйныя каналы. Гэта бяспека. І парою не аднаго чалавека”.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Статьи по теме: