Перапісчык з пасведчаннем і пашпартам

Общество
23.08.2019 16:23
253
Штогод 23 жніўня работнікі статыстычнай службы нашай краіны адзначаюць сваё прафесійнае свята.  Штодня яны падрабязна фіксуюць усе змены сацыяльнага, эканамічнага, культурнага жыцця. Напярэдадні прафесійнага свята мы зазірнулі ў Смаргонскі раённы аддзел статыстыкі, каб бліжэй пазнаёміць нашых чытачоў з тым, над чым сёння шчыруюць уладары лічбаў.

Наша сустрэча з начальнікам аддзела статыстыкі Смаргонскага раёна Дзмітрыем Жываткевічам магла б не адбыцца напярэдадні свята гэтай службы па прычыне таго, што ён збіраўся на некалькі дзён у камандзіроўку. І калі б я патэлефанаваў крыху пазней, то не застаў бы яго на працоўным месцы.

- Еду на навучанне па перапісу насельніцтва, - сказаў Дзмітрый Паўлавіч. – Калі вярнуся, то не супраць буду падзяліцца з вамі больш пашыранай інфармацыяй на гэту тэму.

IMG_0852.JPG

Начальнік аддзела статыстыкі Дзмітрый ЖЫВАТКЕВІЧ, яго намеснік Святлана ЛУКША (злева) і эканаміст Марына БАРКО абмяркоўваюць рабочыя пытанні


Па словах Дзмітрыя Жываткевіча, упершыню для перапісу жыхароў Беларусі будзе задзейнічаны інтэрнэт, таму прадугледжана правядзенне агітацыйнай работы сярод грамадзян, каб як мага большая іх колькасць перадала неабходныя звесткі пры дапамозе камп’ютара.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі перапіс насельніцтва праводзіцца праз 10 гадоў. Цяперашні пройдзе ў трэці раз за незалежную гісторыю нашай краіны. Падчас перапісу насельніцтва ў людзей будуць цікавіцца наяўнасцю хатняй гаспадаркі, вырошчваннем жыўнасці на дачных участках, знаходжаннем на іх пладовых насаджэнняў і г. д.

На падставе звестак перапісу насельніцтва ў далейшым будуць складацца планы развіцця гарадоў і сельскіх населеных пунктаў, будаўніцтва дзіцячых садоў, школ, бальніц, іншых аб’ектаў. Нават рэспубліканскі бюджэт будзе размяркоўвацца з улікам праведзенага перапісу насельніцтва.

Дзмітрый Жываткевіч адзначыў, што інтэрнэт-перапіс насельніцтва пройдзе з 4 па 18 кастрычніка. На працягу ўсяго часу перапісу будуць працаваць стацыянарныя ўчасткі - 3 у  горадзе і 2 у сельскай мясцовасці, у аграгарадках Солы і Залессе. Спецыялісты ў неабходных выпадках дадуць тлумачэнні і акажуць людзям практычную дапамогу па запаўненні анкеты.

Дзмітрый Паўлавіч паведаміў, што падчас сёлетняга перапісу насельніцтва будуць працаваць так званыя мабільныя групы. Такога раней не было. Перапісчыкі наведаюць буйныя прадпрыемствы і арганізацыі, на працоўных месцах апытаюць работнікаў.

Вядома ж, перапісчыкам прыйдзецца пахадзіць і па хатах, бо некаторыя людзі па стану здароўя ці іншых прычынах не змогуць самі падаць аб сабе неабходныя звесткі. Перапіс насельніцтва па месцы жыхарства будзе доўжыцца з 20 па 30 кастрычніка. Каб пазбегнуць непрыемных выпадкаў, людзям трэба ведаць аб тым, што ва ўсіх перапісчыкаў будзе пасведчанне часовага перапіснога персаналу і ў дадатак пашпарт. Калі ўзнікнуць падазрэнні, можна будзе набраць тэлефон статыстычнай службы і паведаміць аб чалавеку, які прыйшоў пад выглядам перапісчыка. Перапісчыкаў забяспечаць планшэтамі, у якія будзе занесена неабходная інфармацыя аб кожным чалавеку. Яе адразу ж перададуць у Белстат.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений