Былая сувязная Таццяна Раманава пра вайну: “Не баялася смерці, баялася, што замуж не возьмуць”

Общество
11.07.2019 12:35
724
Таццяна Ціханаўна вяжа. Хоць вочы ўжо крыху падводзяць, спрытныя пальцы ўпэўнена накіроўваюць кручок, выводзячы адмысловы ўзор. Услед за прывычнымі рухамі прыходзяць успаміны. Многа іх назбіралася за жыццё: некаторыя прымушаюць усміхнуцца, іншыя працінаюць болем. Бывае, хочацца падзяліцца з дачкой, а калінікалі ўспамінаецца такое, пра што гаварыць немагчыма. Страх не забываецца. Ён прыходзіць у трывожных снах, хапае за горла так, што цяжка дыхаць.

Таццяна Раманава – з прыгожай, дружнай палескай сям’і Дуброўскіх. У яе архіве захаваліся ўнікальныя фатаграфіі: высокія мужчыны ў бялюткіх кашулях, жанчыны ў яркіх спадніцах і каралях, дзеці ў доўгіх ільняных кашулях… Жылі нябедна. У бацькоўскім доме былі і кнігі, і патэфон, і пласцінкі розныя. Калі пачалася вайна, старэйшы брат пайшоў на фронт, яшчэ адна сястра праводзіла на вайну мужа і засталася з малымі дзеткамі. А трое малодшых жылі з бацькам, мама тады памерла.

IMG_9910.JPG

Сям’я ДУБРОЎСКІХ у 20-я гады


Таццяне Ціханаўне было 15 гадоў, калі давялося стаць сувязной у партызанскім атрадзе. Партызаны хаваліся ў глухіх балоцістых лясах. А з імі – стрыечны брат Таццяны. Ён забягаў да іх, каб памыцца, разжыцца сякой-такой ежай. Потым стаў прыходзіць з таварышамі. Нікому не адмаўляў бацька, хоць ведаў, як рызыкуе жыццём уся сям’я.

Пяклі хлеб, палілі лазню. Пазней партызаны аддалі на захаванне радыёпрыёмнік. У лясной сырасці ён пастаянна выходзіў са строю. Таемна слухалі навіны з фронту, пасля Таццяна перадавала зводкі ў лес. З яе атрымалася добрая сувязная: у 15 год яшчэ не ўсведамляеш усёй небяспекі.

“Немцы былі страшныя, але куды горшымі былі свае, паліцаі”, - расказвае Таццяна Ціханаўна. Яна пакрысе выдае ўспаміны, робіць доўгія паўзы, быццам ацэньваючы, ці зможа яна камусьці расказаць пра ўсё, што перажыла. Пасля ўздыхае, выцірае слёзы і працягвае: “Калі атрад рассакрэцілі, партызаны сышлі на Браншчыну, брат мой, старэйшы на два гады, пайшоў з імі, а я засталася. Чаму засталася? Я ж дзяўчынай была. Уявіце: у лесе сотня мужчын і я”.

Аднойчы паліцаі прыйшлі, калі дома была адна Таццяна. Сталі патрабаваць гарэлкі і закускі. Гарэлкі ў хаце не было. Тады яны паставілі дзяўчыну да сцяны і пачалі страляць. Не забіць хацелі, напужаць. Таму і стралялі ўбок. Адна куля трапіла ў сцяну над галавой. Ад жаху Тацця на страціла прытомнасць. Паліцаі вырашылі, што забілі яе і ўцяклі з хаты.

IMG_9918.JPG

Таццяна РАМАНАВА


Таццяна Ціханаўна ўся аддаецца ваенным успамінам. Яна заплюшчвае вочы і ціха, амаль шэптам гаворыць: “Мяне на вайне згвалтавалі. Я тады не баялася за сваё жыццё, баялася, што цяпер мяне замуж не возьмуць”.

А аднойчы Таццяну… пахавалі. Вось, як гэта было. Зусім недалёка ад іх жыў паліцай. Ён і выдаў партызанскую сям’ю. Калі прыйшлі забіраць, бацька прапанаваў: ты бяжы ў адзін бок, я – у другі, абодвух адразу не зловяць. Так і зрабілі. Бацьку схапілі, а па дзяўчыне пачалі страляць. Яна паўзла па рове, а з галавы зляцела і разаслалася па зямлі белая хусцінка. Штосьці ўнутры падказала не падымаць яе, пакінуць. І гэта выратавала жыццё.

Паліцаі стралялі па хусцінцы, вырашылі, што трапілі, а правяраць не сталі. Яшчэ і жанчыны вясковыя памаглі: папрасілі дазволу пахаваць цела. Так Таццяна Ціханаўна два гады лічылася забітай. У вёску не вярталася: жыла то ў радні, то ў знаёмых. Бацьку забралі ў турму, а потым расстралялі. “Калі немцы адыходзілі, спалілі пасёлак ушчэнт (пасёлак Пралетарскі, Чачэрскі раён – аўт.).

У кагосьці з вяскоўцаў лазня засталася, а большасць жыла ў зямлянках. Цесна было, голадна, яшчэ і эпідэмія тыфу. Але немцаў пагналі ўжо, таму ўсе радасныя хадзілі”.

Партызанскай сям’і пасля вайны выдзелілі маленечкі дамок, карову, вярнуўся з фронту муж старэйшай сястры. У гэтым дамку і пасяліліся ўсе разам, туліліся адно аднаго, аплакваючы тых, каго забрала вайна: бацьку, абодвух братоў. Засталіся толькі сёстры. Старэйшая радавалася вяртанню мужа. Сярэдняя пайшла вучыцца. “У яе здароўе зусім слабае было. То бацька мяне прасіў незадоўга да смерці, каб дапамагла ёй вывучыцца. Яна б не вытрымала вясковай працы. Я і памагала”, - расказвае Таццяна Ціханаўна. Сама Таццяна так і засталася з сямігадовай школьнай адукацыяй. Выйшла замуж, разам з мужам працавалі ў калгасе. А праз пару гадоў у яго знайшлі сардэчную хваробу, давялося кідаць працу трактарыстам. Тады ён паступіў у Гарадокскі тэхнікум.

А Таццяна засталася гадаваць чацвярых дзяцей. Дзякуй Богу, муж вывучыўся, нарадзілі яшчэ аднаго сыночка, пражылі доўгае дружнае сямейнае жыццё. Не нажыла Таццяна Раманава багацця, затое стварыла моцную сям’ю. Яна, як тое сонца, вакол якога круцяцца дзеці, унукі, праўнукі. Амаль не ўспамінае пра вайну, не глядзіць ваенных фільмаў. Тыя страшныя гады не прайшлі бясследна: дагэтуль уздрыгвае ад рэзкіх гукаў.

У яе скарбонцы – медалі “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”, “За баявыя заслугі”, медаль Жукава, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. А пасля нараджэння пятага дзіцяці – яшчэ і “Медаль Мацярынства” 14 гадоў таму Таццяна Раманава пераехала з Чачэршчыны ў Смаргонь да дачкі. Цяпер жанчыны быццам памяняліся ролямі: ужо не дачка адпрошваецца пагуляць, а мама пытае дазволу схадзіць да сябровак. “З такой даглядчыцай я і да ста гадоў пражыву”, - смяецца Таццяна Ціханаўна і, развітаўшыся, ідзе ў свой пакой, дзе чакае недачытаная кніга, вядома ж, пра каханне, бо жанчына застаецца жанчынай нават пасля самых страшных выпрабаванняў.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений