Дружба не знікне, пакуль жыве памяць

Общество
11.07.2019 12:07
350
Упершыню маскоўскія госці - ветэраны 3-га гвардзейскага Сталінградскага механізаванага корпуса – прыехалі ў Смаргонь у 1980 годзе па запрашэнні педагагічнага і вучнёўскага калектываў школы №4, цяпер гімназіі. З той пары і пачалося вялікае сяброўства з тымі, хто вызваляў наш горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На тэрыторыі гімназіі расце дрэва памяці, якое пасадзілі падчас першай сустрэчы.

У святы ветэраны корпуса атрымліваюць віншаванні ад работнікаў і вучняў гімназіі, а праз кожныя пяць гадоў яны прыязджаюць на беларускую зямлю, каб пабачыць, як расце і харашэе горад, як, нягледзячы на бег часу, тут шануюць памяць загінуўшых у Другой сусветнай вайне. Вось і сёлета 2 ліпеня ў гімназіі віталі сваіх даўніх сяброў: Юрыя Спектара, Рудольфа Рагожына і Алену Аруцюнян. А разам з імі – вучняў кадэцкага класа 1566 школы горада Масквы.

IMG_0384.JPG

Падчас сустрэчы ў райвыканкаме


Юрый Міхайлавіч і Рудольф Мітрафанавіч – актывісты савета ветэранаў 3-га гвардзейскага Сталінградскага механізаванага корпуса. А Алена Мікалаеўна – дачка Мікалая Палякова, удзельніка баёў за Смаргонь, якога, на жаль, няма ў жывых.

З задавальненнем усе разам: вучні, настаўнікі і госці глядзелі фотаздымкі, зробленыя падчас мінулых сустрэч. Дарослыя не стрымлівалі слёз - яшчэ гадоў 15 таму людзі не змяшчаліся ў аб’ектыў фотаапарата. Але час няўмольны, ён забірае сяброў, не пытаючы дазволу.

Гімназісты і артысты калектыву “Мішутка” парадавалі сваімі выступленнямі, тым жа адказалі гаспадарам сустрэчы і кадэты. Дырэктар гімназіі Ірына Дурэйка выказала надзею, што кадэцка-гімназічная дружба працягнецца, з’явяцца агульныя напрацоўкі і навуковыя даследаванні, а дзеці яшчэ не раз сустрэнуцца на рознага кшталту мерапрыемствах. Юрый Спектар падзяліўся: “Мы хочам, каб была жывая сувязь пакаленняў і народаў. Мы спадзяёмся, што дзеці заменяць нас у гэтай справе. Калі мы не зможам больш сюды прыязджаць, яны змогуць працягваць дружбу паміж нашымі гарадамі і краінамі”. Акрамя гімназіі расіяне наведалі Смаргонскую пагранічную групу і кіналагічны цэнтр.

3 ліпеня дзень нашых гасцей пачаўся з сустрэчы ў кабінеце старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзя Харужыка. Падчас шчырай і цёплай размовы яны падзяліліся ўражаннямі ад Беларусі: “Куды б мы ні прыйшлі, усюды такая добрая атмасфера: у магазінах, на вакзалах, у гасцініцы. З Беларуссю многае нас звязвае. Нашы воіны змагаліся тут. Падчас вызваленчай аперацыі пад Віцебскам загінуў бацька Рудольфа Мітрафанавіча. А Смаргонь для нас – не проста горад. З 1980 года мы лічым яго родным”. Ветэраны падарылі раённаму выканаўчаму камітэту кнігу Аляксея Бурдзейнага “У баях за вызваленне Беларусі”, якая была выдадзена невялікім тыражом за кошт прыватных ахвяраванняў. Генадзь Харужык паабяцаў, што кнігай будуць з удзячнасцю карыстацца для навучання школьнікаў.

IMG_0424.JPG

Беларускія афіцэры і расійскія кадэты на святочным мітынгу


Таксама ў гэты дзень госці прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах Дня Незалежнасці і наведалі яшчэ аднаго даўняга сябра - ветэрана вайны Уладзіміра Мускага. А 4 ліпеня паўдзельнічалі ў адкрыцці помніка воінам-ракетчыкам, з’ездзілі ў музей-сядзібу імя М. К. Агінскага. Гімназісты запрасілі кадэтаў на памятнае месца часоў Першай Сусветнай вайны – “Залатую горку”.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений