90 год – як адно імгненне

Общество
15.06.2019 12:10
537
У госці да Надзеі Дудко з Залесся я завітала напярэдадні Дня медыцынскага работніка. Ветэран працы, яна не адзін дзясятак гадоў аддала вясковай бальніцы: была і санітаркай, і сястрой-гаспадыняй, і ў лабараторыі паспела папрацаваць. Ды не заўважыла, як размова ад прафесійных тэм перайшла на жыццёвыя. Надзея Міхайлаўна – вельмі цікавы расказчык. Трапна, дасціпна, з гумарам выдавала яна ўспаміны са свайго жыцця. “Як адно імгненне яно прамільгнула”, - кажа яна. Пра некаторыя часцінкі гэтага “імгнення” даўжынёю ў 90 год я раскажу ў сваім артыкуле.

Рэчка замест тэлевізара

Нарадзілася Надзея Міхайлаўна ў Алянцы. Сумаваць не даводзілася: вёска тады вялікая была, дзяцей многа, а дзеці - народ такі: як гуртам збяруцца, заўсёды забаву знойдуць. “З намі некалі ўрач адзін працаваў. Калі не спалася, ён заўсёды казаў, каб успаміналі дзяцінства. Яно не бывае нешчаслівым, - апавядае Надзея Дудко, - І праўда, вельмі спакойна рабілася ад гэтых успамінаў. Галоўная забава – Вілія. Яна была нам і інтэрнэтам, і тэлевізарам.

Як цяпер бачу: бабы з дзецьмі ідуць да ракі, лугу наробяць (луг – сродак для мыцця валасоў з попелу – аўт.), мыюцца. У нядзелю не працавалі. Багата не жылі ніколі, сям’я рана страціла бацьку. А ўдаву з чатырма дзецьмі і крыўдзілі, бывала, і падманвалі.

Усе палітычныя перамены не давалі дзецям вучыцца: топольская праграма, то савецкая, то вайна… Першыя немцы з’явіліся ў вёсцы на веласіпедах. Форма ў іх прыгожая была, модная, з шыйнымі хусцінкамі. Яны ўсё хваліліся, што праз чатыры дні каля Масквы будуць. Памятае Надзея Міхайлаўна, як хадзілі ў бежанцы. Смяецца, што далёка ўцякаць не прыходзілася – метраў 300 ад вёскі. Самае каштоўнае хавалі ў ямы – не грошы, а прасніцы, калаўроты. Адкуль тыя грошы ў вяскоўцаў? А калі ёсць інструмент, будзеш і сыты, і надзеты.

У Алянец немцы зноў завіталі, як адступалі. Ні ў кога не пытаючыся, размясціліся ў вёсцы. Бацькоўскую хату Надзеі Дудко раздзялілі роўна папалам.

“Глядзім, як яны адгароджваюцца дошкамі, потым закрываюць сцяну паперай, зверху яшчэ коўдрамі. Мы дзівіліся, чаго гэта яны так хаваюцца. А немец адзін бачыць наша здзіўленне і лапоча: “Рускі блёх, рускі блёх”. Блохаў яны, значыць, гэтак баяліся”.

Гады вайны аказаліся як бы выкінутымі з жыцця. Равеснікі Надзеі Дудко ўжо падлеткамі былі, а лічыліся малымі. Але ўсё аджывала, падрасталі і дзеці.

“За вадзіцеля замуж не пайшла б…”

Надзея Міхайлаўна паспела скончыць сем класаў. Тады гэта лічылася прыстойнай адукацыяй. З сяброўкай Ірынай вырашылі паспрабаваць гарадскога хлеба.

“Паехалі мы ў горад (у Маладзечна – аўт.) – і проста пайшлі па канторах пытацца, ці трэба ім работнікі. Усюды адмовы, а потым знайшлося месца ў судзе сакратаром. Там жанчына ў дэкрэт сыходзіла. Тады дэкрэт зусім невялікі быў, 58 дзён усяго. Але Надзея Міхайлаўна ўнікала ў працу з усёй адданасцю, распытвала суддзю пра ўсё, што не разумела. Тая жанчына хутка выйшла і заняла сваё працоўнае месца. Давялося шукаць іншае, хоць і не хацелі яе адпускаць. Ужо ўладкавалася на паштамт, ды былы начальнік усё ж угаварыў пачакаць, пакуль яшчэ адна жанчына пойдзе ў дэкрэт, і вярнуцца ў суд.

Самае вялікае ўражанне ад судовых спраў – як вадзіцелі аўтамабіляў нясуць адказнасць за

давераную маёмасць. Судзілі іх нават за тое, у чым не вінаватыя былі. “Каб і закахалася, не пайшла б замуж за вадзіцеля, гэта ж усё жыццё не спаць спакойна”, - смяецца Надзея Дудко. А замуж выйшла за трактарыста, толькі гэта пачатак зусім новай гісторыі, якая адбывалася ў Залессі.

Хата талакою

З будучым мужам Надзя пазнаёмілася на танцах. “Добрая пара была. Усю ноч танцавалі: вальсы, полькі, кракавякі… А раніцай сумачку ўзяла – і на работу”. Дзесьці паміж вальсамі і кракавякамі сустрэла дзяўчына свайго трактарыста. Жылі спачатку з раднёй мужа. Але цесна было, сям’я вялікая. Таму вырашылі будаваць сваю хату.

А як будаваць без грошай? Узялі пазыку ў калгасе, купілі старое гумно, дрэва для будаўніцтва па Віліі сплаўлялі. Талакою за пару месяцаў хату паставілі! Якая шчаслівая была маладая жонка, калі прынесла сыночка Валодзю ў свой дом.

Залессе паступова разрасталася, увесь час з’яўлялася нешта новае. Электрычнасць, напрыклад. Танцы ў клубе пры керасінках былі, а тут лямпачкі запалілі. Усе стаялі і смяяліся, вельмі дзіўна было бачыць твары вакол. І ўся вёска быццам ажыла: агеньчыкі ў вокнах загарэліся. Радыё правялі! “Зрабілі мы прыёмнік з нейкай талеркі, схавалі яго за фатаграфію на сцяне, слухаем разам з суседзямі. А сусед і кажа: “Ведаеце, што я чуў? Радыё, во, толькі гаворыць. А мне казалі, што яшчэ некалі і паказваць будуць!” Усе на яго рукамі замахалі, маўляў, брэшаш ты. Як гэта, каб і гаварылі, і паказвалі?”

А потым і тэлевізары з’явіліся. Слухаць Надзею Дудко надзвычай цікава. Яе памяць захавала мілыя падрабязнасці, якія быццам карціну малююць. “Цяпер усе памерам тэлевізараў мераюцца. А тады антэнамі: у каго большая і прыгажэйшая. Нашу дванаццаць мужыкоў з двума трактарамі ставілі. І дагэтуль не ведаем, як яе зняць”. Надзея Міхайлаўна нават першую ўбачаную тэлевізійную перадачу памятае: дзяўчынкі танцавалі.

У канцы 50-х у Залессі адкрылі бальніцу. Надзея Дудко прыйшла туды ў 1962. Спачатку дапамагала ў лабараторыі. Там галоўнай была Марыя Ліс. А памочніцы даводзілася дзе падагрэць, дзе падкруціць, прабіркі пракіпяціць. А потым стала сястрой-гаспадыняй, галоўнай па інвентары. “Тады ў Залессі добра лячылі: 25 ложкаў было. І радзільнае аддзяленне, і дзіцячая палата. Надзея Дудко дагэтуль узгадвае прозвішчы медыкаў: Франц Шчуроўскі, Аляксандра Лубнеўская, Юрый Чапёлкін…

Але самае вялікае ўражанне пакінуў прыезд на работу Франца Шчуроўскага. З’явіўся на матацыкле, валасы доўгія, а касцюм які дзіўны: па руках і па нагах махры звісалі. Мы ажно да вокнаў усе прыліплі”.

Са смехам успамінае жанчына свае паездкі ў Вільнюс па пакупкі. І дыван адтуль прывезла на цягніку, і бочку пластыкавую. І прадуктаў заўсёды поўныя сумкі. Да размовы далучаецца Алена, дачка Надзеі Дудко: “Як мы школу заканчвалі, на бацькоўскім схо дзе парэкамендавалі дзецям лепш харчавацца, каб добра здаць экзамены. А ў нас і карова, і свінні былі, і агародніна розная.

А мама за лепшым харчаваннем у Вільнюс паехала. І прывезла адтуль… сасісак. Тады гэта здавалася амаль высокай кухняй”. “Падумаць толькі, я і пры паляках жыла, і пры саветах, і цяпер! Якое доўгае жыццё! А ўсё адно – як імгненне праляцела”, - кажа Надзея Міхайлаўна. “На могілкі хаджу, як на сяло: і муж там, і сяброўкі мае. Ніколі не думала, што столькі пражыву”.

Надзея Дудко крыху хмурнее, але потым зноў усміхаецца: “Я і да хворых заўсёды з дабрынёй старалася адносіцца. Загадвала, як я да іх, так і да мяне хворай будуць адносіцца. Мабыць заслужыла, што цяпер дзеці мяне так добра глядзяць”.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений