73 гады – сярэдняя працягласць жыцця смаргонца

Общество
07.06.2019 15:37
615
Адкрываючы пасяджэнне савета па дэмаграфічнай бяспецы, якое ладзілася на базе цэнтральнай раённай бальніцы, намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко адзначыў, што дэмаграфічная бяспека – справа кожнага чалавека. І, безумоўна ж, дзяржавы. Планаванне сям’і, сацыяльна-культурна-бытавыя ўмовы, якасць медыцынскіх аглядаў, дыспансерызацыя, ранняя прафілактыка захворванняў. Трэба, каб чалавек адказна ставіўся да сябе, сачыў за сваім здароўем, умацоўваў яго. У нас жа некаторыя людзі махаюць на гэта рукой.

Генадзь Паўлавіч адзначыў, што ў далейшым на пасяджэнні дэмаграфічнага савета будуць разглядацца не толькі медыцынскія пытанні, але і ўмовы, якія ствараюцца для пажылых людзей. Гэта таксама мае непасрэднае дачыненне да дэмаграфічнай бяспекі.

Пэўная работа павінна праводзіцца з дзецьмі. Нядрэнна гэта атрымліваецца ў райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Хаця па рабоце з дзецьмі ёсць пытанні. У школьнікаў выяўляюцца выпадкі пагаршэння зроку і паставы. Памяншаецца колькасць юнакоў, якія па стану здароўя годныя да службы ў арміі. Прычым апошнім часам нават па прычыне псіхічных недамаганняў. Гэткія ж расстройствы выяўляюцца і ў падлеткаў, якіх за правапарушэнні выклікаюць на камісію па справах непаўналетніх.

З падрабязнай інфармацыяй аб дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне выступіў выконваючы абавязкі галоўнага ўрача ЦРБ Віталь Круповіч. Ён адзначыў, што напачатку гэтага года крыху павялічылася нараджальнасць і нязначна зменшылася смяротнасць. Яе прычынамі з’яўляюцца інсульты, новаўтварэнні, хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы. Было адзначана, што больш людзей памерла ад захворванняў арганаў стрававання.

Заклапочанасць выклікае немалая колькасць суіцыдаў. Не радуе, што людзі паміраюць у працаздольным узросце па прычынах, якія названыя вышэй. Што датычыць працягласці жыцця, то ў сярэднім за першы квартал гэтага года яна склала 73 гады. Калі браць па палавой прыкмеце, то смаргонскія мужчыны (зноў жа сярэдняя лічба) жывуць на 12 гадоў менш, чым жанчыны. Прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва сталі часцей паміраць ва ўзросце 65 - 69 гадоў. Мужчын у больш маладым узросце нямала гіне ў ДТЗ, на вадаёмах, на вытворчасці, ад п’янства.

Далей размова пайшла аб правядзенні скрынінгаў для выяўлення такой небяспечнай хваробы, як рак, медыцынскіх аглядах работнікаў прадпрыемстваў, аднаўленні дыспансерызацыі кіраўнікоў. Раней існаваў спецыяльны загад, згодна з якім адказныя службовыя асобы былі абавязаны наведваць медыцынскія ўстановы, каб праверыць стан свайго здароўя.

Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко папрасіў членаў савета па дэмаграфічнай бяспецы, у які ўваходзяць медыцынскія работнікі, прадстаўнікі райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, сацыяльнай службы, раённай арганізацыі БРСМ, выказаць свае прапановы па паляпшэнні работы з людзьмі ў плане іх аздараўлення. Увага была звернута на паляпшэнне ўмоў працы, навядзенне парадку і дысцыпліны на прадпрыемствах і ў арганізацыях, стымуляванне работнікаў, якія хочуць весці здаровы лад жыцця, прадаўжэнне інфармацыйнай работы па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых, іншых небяспечных захворванняў, арганізацыю медыцынскіх аглядаў работнікаў. Прычым было заўважана, што на прыём да ўрача людзям лепш звяртацца не зранку, калі вялікія чэргі, а пасля абеду. У гэты час у паліклініцы мала наведвальнікаў.

Галоўны санітарны ўрач раёна Марына Турэйка ўзгадала пра акцыі, падчас якіх у некаторых грамадскіх месцах Смаргоні медработнікі мералі ціск мясцовым жыхарам пераважна сталага ўзросту. Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Іван Кардзіс прапанаваў праводзіць гэту работу на прадпрыемствах, мераць ціск у людзей, якія там працуюць. Прычым падчас гэтага мерапрыемства павінен прысутнічаць нехта з адміністрацыі, каб потым прасачыць, ці звярнуліся работнікі, у якіх павышаны крывяны ціск, да ўрача.

Ягор КАРЫЦКІ.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений