Людзі Смаргоншчыны: Віталь Івашка

Общество
17.05.2019 12:29
609
Добра памятаю, як многа гадоў таму падчас адной з урачыстасцей, якая праходзіла ў Доме культуры, на сцэну з віншаваннямі адзін за адным выходзілі розныя выступоўцы. Зала гучна вітала кожнага. Але калі вядучыя аб’явілі, што да мікрафона запрашаецца старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь Івашка, глядзельная зала літаральна ўзарвалася апладысментамі. “Вось яны: народная любоў і павага!” – падумала я ў той момант. І на працягу ўсяго гэтага часу, як супрацоўнічаю з прафсаюзам АПК, кожны раз пераконвалася ў непамылковасці сваёй думкі.

Віталь Іванавіч Івашка – гэта той чалавек, якога ў працоўных калектывах людзі прывыклі бачыць з кветкамі, падарункамі і шчырай усмешкай на твары.

Як лідар прафсаюза, ён ніколі не забывае павіншаваць юбіляраў і падзякаваць ім за працу. А вось у пачатку мая віншаванні з юбілеем і шчырыя словы ад калег прымаў сам Віталь Іванавіч. У гэтым годзе яму споўнілася 60. Цяжка суаднесці гэту лічбу з рухавасцю, бадзёрасцю і бясконцай душэўнай маладосцю героя нашай публікацыі.

IMG_4645.JPG

Віталь ІВАШКА (другі злева)


“Дзе тая электрастанцыя, ад якой вы бераце падсілкоўванне,” – з гумарам не раз пыталася ў Віталя Іванавіча. І заўсёды атрымлівала розныя, не менш гумарыстычныя адказы. Здаецца, што гэта чалавек, які, беручыся за тысячу спраў, усё паспявае. Але, насамрэч, усё не зусім так, з адценнем суму адкажа мужчына, калі ўжо не без гумару, а на поўным сур’ёзе ў яго запытацца не пра людзей, не аб прафсаюзе, а пра яго ўласнае, асабістае.

- У школьным узросце ў мяне была мара. Думаў: уладкуюся на працу, атрымаю першую зарплату і адразу куплю фотаапарат, ружжо і вудачку. На жаль, з усяго гэтага я купіў толькі фотаапарат. Ружжо і вудачку так і не прыдбаў, бо ні на рыбалоўства, ні на паляванне ніколі не было вольнага часу, - расказвае падчас інтэрв’ю Віталь Іванавіч.

Тэма ружжа і вудачкі падма цоўваецца ўспамінамі пра дзяцінства. Нарадзіўся Віталь Іванавіч на хутары побач з Васілевічамі. Дзяцей у сям’і было трое. Віталь – сярэдні. Маці была хатняй гаспадыняй. Бацька працаваў электраманцёрам. Спачатку ў цэнтральнай раённай бальніцы, а пасля вымушаны быў перайсці ў калгас. Каб не пазбавіцца сельгасугоддзяў, галава сям’і ўладкаваўся ў калгас імя Леніна і там працаваў да пенсіі.

Пасля пятага класа ў суседні саўгас “Смаргонскі” зарабляць свой першы хлеб прыйшоў хлопчык Віталік. Адвозка саломы, відавая праполка і іншыя работы ў тое лета прынеслі яму сумленна заробленыя 48 рублёў. “Куплю веласіпед!” – цешыў сябе надзеяй падлетак. Але грошы прыйшлося аддаць бацькам, і гэтыя, і ўсе тыя, якія зарабляў у наступных сезонах. З кожным годам сталення “сталелі” і абавязкі Віталя, які замацаваўся на зернесушылцы ў калгасе Леніна (ААТ “Шутавічы-агра).

Пачынаў з падмятання склада, пасля на вучыўся ўключаць “петкусы” і шнэкі, а ўжо з 8 класа тры сезоны запар быў паўнацэнным зернесушыльшчыкам і нават падчас “Дажынак” атрымліваў узнагароды.

Віталь Іванавіч не утойвае, што з дзяцінства яму падабалася будаўніцтва. Памятае, як дапамагаў бацьку перабудоўваць хату: аббіваць сцены, перакрываць саламяны дах. У Віталя і яго сяброў былі і ўласныя будынкі. У сасонніку за Васілевічамі мясцовыя дзеці разгарнулі цэлую базу адпачынку: пабудавалі зямлянкі, змайстравалі арэлі і каруселі. Сюды прыходзіла бавіць свой во льны час дзетвара з Шутавічаў, Свірыдавічаў і Ляўкоў.

Так склалася, што пасля заканчэння школы і службы ў войску маці параіла Віталю паступаць у Віцебскі інстытут, дзе вучыўся брат. І сын прыслухаўся да матчынай парады. Пасля заканчэння ветэрынарнай установы меў магчымасць выбіраць месца працаўладкавання у адным са шматлікіх раёнаў, але вырашыў вярнуцца ў родную гаспадарку імя Леніна, дзе яго прызначылі старшым ветурачом. На той час у маладога спецыяліста ўжо была сям’я: жонка і дачушка.

У калгасе Віталь Івашка працаваў і галоўным ветурачом, і намеснікам старшыні. Два гады ўзначальваў раённую ветстанцыю, чатыры - працаваў намеснікам начальніка райсельгасупраўлення.

Віталь Івашка заўсёды быў сярод людзей, нават з’яўляючыся кіраўніком, умеў размаўляць з чалавекам па-чалавечы. І гэта не магло застацца незаўважаным. У 2004 годзе яму прапанавалі ўзначаліць райкам прафсаюза работнікаў АПК. І вось ужо на працягу 15 гадоў ён застаецца яго старшынёю. На працягу 30 гадоў Віталь Іванавіч з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.

Дзесяцігоддзямі людзі без крывадушша аддаюць яму свае галасы на выбарах. Яшчэ раз паўтаруся: вось яны – народная любоў і людская павага.

Віталь Івашка мае шмат узнарагод, сярод якіх Падзячнае пісьмо Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, медалі «100 год прафсаюзнаму руху Беларусі», «За заслугі».

І калі ўсё ж вярнуцца да юнацкай схільнасці да будаўніцтва, то смела зазначу, што ў пэўнай ступені Віталь Івашка ўсё ж стаў будаўніком. Будаўніком людскіх адносін, стваральнікам добразычлівай атмасферы ў калектывах, майстрам шчырага слова і прамяністай усмешкі.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений