Як выхаванцы смаргонскага дзіцячага сада №8 хадзілі ў госці да мядзведзя

Наши сердца – детям
12.01.2018 15:45
З самай раніцы дзеці хваляваліся: сёння яны ўпершыню пойдуць на экскурсію ў музей. І так распачнецца праект “Вандроўкі па Смаргоні”, які вырашылі рэалізаваць выхаванцы беларускамоўнай групы №12 і іх бацькі. Мэта праекта: вывучэнне роднага горада і яго аб’ектаў, удасканаленне навыкаў беларускага маўлення. І першая вандроўка – у Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе малых чакае тэатралізаваная экскурсія.
1.jpg

У музеі наведвальнікаў гасцінна сустрэла гаспадыня і расказала пра старажытнае мястэчка Смаргонь і яго ваколіцы, пазнаёміла з самымі старымі экспанатамі музея, якія былі знойдзены падчас раскопак Крэўскага замчышча. 

5.jpg

А потым усе апынуліся на сапраўдным кірмашы, дзе можна было паглядзець старадаўні посуд, прылады працы і прадметы побыту. Многія прадметы дзеці ўжо ведалі, бо добра слухалі падчас заняткаў у дзіцячым садзе. Увагу прыцягнуў вялізны кош для захавання вяндліны, малыя адразу ўспомнілі казку пра Машу і мядзведзя, які нёс піражкі бабулі. А зімовы сялянскі вазок нагадаў казачны транспарт Дзеда Мароза. Далей дзяцей да сябе пазвала абаранніца, якая расказала і паказала пра працэс стварэння знакамітых смаргонскіх абаранкаў.

6.jpg

9.jpg

11.jpg

Вочы хлопчыкаў і дзяўчынак загарэліся яшчэ мацней, калі на кірмаш завітаў павадыр са сваім вучоным мядзведзем. Што толькі не вырабляў гэты выпускнік “мядзведжай акадэміі”: крочыў, як салдацік, прыхарошваўся перад люстэркам, як сапраўдная прыгажуня, паказваў, як дзеткі не хочуць уставаць раніцай у дзіцячы сад… Вельмі добры, лагодны, мяккі мядзведзь гуляў з малымі, вучыў іх розным танцавальным рухам, якія сам засвоіў у мядзведжай школе.

8.jpg

13.jpg

15.jpg

7.jpg

Выхаванцы атрымалі шмат уражанняў і станоўчых эмоцый ад наведвання краязнаўчага музея, а ячшэ – “абаранку на зубок”. Таму першае пытанне, якое прагучала пасля цудоўнай экскурсіі: “А калі мы зноў пойдзем у музей?”

Хачу выказаць шчырую падзяку супрацоўнікам Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея за добразычлівасць, гасціннасць, прафесіяналізм, прыгожую беларускую мову падчас аповеду. Вы зрабілі першае наведванне музея для дзяцей сапраўдным святам. Гэта так важна. Цяпер малыя будуць з радасцю хадзіць у музеі, на выставы і заахвочваць сваіх бацькоў.

А нашы вандроўкі працягваюцца...

Эдзіта БРАНЦЭВІЧ, выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА “Яслі-сад №8 г. Смаргоні”.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений