Людзі Смаргоншчыны: загадчыца раённай паліклінікі Ганна Пешкур

Люди Сморгонщины
15.06.2017 14:34
Класічны афарызм, які адносіцца да людзей медыцынскіх прафесій, – людзі ў белых халатах –  страчвае пакрысе свой першапачатковы сэнс. З аднаго боку, урачы і медперсанал апошнім часам аддаюць перавагу спецадзенню іншых колераў. А з другога – у белыя халаты даўно апранаюцца спецыялісты іншых галін: повары, кулінары, навукоўцы-даследчыкі, спецыялісты электратэхнічнай прамысловасці і інш.

Пешкур.jpg

Белы колер як прыкмета стэрыльнай чысціні і як сімвал пачатку застаецца для медыцынскіх устаноў толькі архаічнай адметнасцю. Але гэты ахраматычны колер можна раскласці на спектр разнастайных сонечных фарбаў. Для загадчыцы раённай паліклінікі Ганны Пешкур (на здымку) такі цуд зрабілі яе самыя блізкія і родныя людзі ў дзень нараджэння. Усе колеры вясёлкі заззялі ў букеце руж!

У школьныя гады, як многія яе рамантычна настроеныя равесніцы, Ганна марыла быць лётчыцай. Але аднойчы, апынуўшыся на вышыні, адчула страх і галавакружэнне. Дзяўчына зразумела, што трэба выбіраць нешта іншае. Прафесія ўрача, якой яна сябе прысвяціла, не выклікала галавакружэнняў ні ад поспехаў, ні ад расчараванняў. А вось пачуццё страху за пацыентаў час ад часу агортвала яе.

Упершыню гэта трывога апанавала яе за маленькае дзіця, калі падпрацоўвала медсястрой у абласной дзіцячай бальніцы. Студэнтка пятага курса Гродзенскага медыцынскага інстытута пабегла шукаць больш вопытнага калегу. Так і пазнаёмілася з Галінай Тронзай, якая на той час праходзіла інтэрнатуру ў дзіцячым аддзяленні. Потым, нават набраўшыся вопыту і дакладна ведаючы, чым і як дапамагчы хвораму чалавеку, Ганна Антонаўна не аднойчы адчувала душэўнае хваляванне перад пачаткам свайго дзяжурства. Толькі зайшоўшы ў палату і сустрэўшы добразычлівыя погляды пацыентаў, супакойвалася.

институт.jpg

У Смаргонь Ганна Пешкур прыехала па размеркаванні ў 1980 годзе. Восем гадоў адпрацавала ўчастковым тэрапеўтам. Затым была прызначана на пасаду загадчыцы прыёмнага аддзялення раённай бальніцы. З 2008 года яна ўзначальвае раённую паліклініку ў Каранях. Сфера медыцыны, можа, і не самая экстрэмальная, але, пага-дзіцеся, 850 наведвальнікаў штодзённа – гэта патрабуе асаблівай вытрымкі і ўвагі. Пры ёй пачалі ўкараняцца новыя арганізацыйныя інтэрнэт-тэхналогіі, дзякуючы якім стала магчымым замовіць талон да ўрача-спецыяліста праз інтэрнэт. Адбылося падключэнне да праграмы па камп’ютарнай выпісцы рэцэптаў. Клапацілася заўжды Ганна Антонаўна і пра стварэнне камфортных умоў для сваіх калег, абсталяваны харошы пакой адпачынку для супрацоўнікаў паліклінікі.

Шмат гадоў запар Ганну Пешкур абіралі старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. За 17 гадоў, якія Ганна Антонаўна на грамадскай пасадзе, ЦРБ выходзіла пераможцай у розных намінацыях. У 2011 годзе работа прафкама была прызнана лепшай па арганізацыі аховы працы. У 2014 і 2015 пярвічка была пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва.

Часта да Ганны Антонаўны звяртаюцца смаргонцы не толькі па пытаннях здароўя, але і як да дэпутата раённага Савета дэпутатаў па Каранёўскай акрузе. Хаця не ўсе дэпутацкія запыты задаволены, але яна працягвае адстойваць інтарэсы жыхароў мікрараёна.

Сёлета Ганна Пешкур адсвяткавала свой чарговы жыццёвы юбілей. Матулю, жонку і бабулю павіншавалі дзеці, муж, унукі. У шэры зімовы дзень яе дом напоўніўся дзіцячымі галасамі і вясновым пахам руж. Вялікі рознакаляровы букет, па прызнанні самой віноўніцы ўрачыстасці, стаў самым яркім момантам яе жыцця і  падзякай за сумленнае і прыстойнае жыццё.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота з сямейнага архіва Ганны Пешкур.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений