Супербабуля на арбіце

Люди Сморгонщины
03.10.2014 08:00
1184
“Залатым фондам” і “скарбніцай мудрасці, з якой можна чэрпаць адказы на жыццёвыя пытанні”, назваў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко пажылых людзей падчас віншавання іх з надыходзячым святам. Адбылося гэта ў мінулы панядзелак у раённым Доме культуры.
Не ў хусцінках, а з прычоскамі, не ў зручных пантофлях, а ў туфлях на абцасах....

“Залатым фондам” і “скарбніцай мудрасці, з якой можна чэрпаць адказы на жыццёвыя пытанні”, назваў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко пажылых людзей падчас віншавання іх з надыходзячым святам. Адбылося гэта ў мінулы панядзелак у раённым Доме культуры.


Не ў хусцінках, а з прычоскамі, не ў зручных пантофлях, а ў туфлях на абцасах. Маладыя, бадзёрыя, экспрэсіўныя, прыгожыя. Нягоршыя за галівудскіх “зорак”. Вось такія яны, удзельніцы конкурсу “Супербабуля”, які арганізавалі супрацоўнікі цэнтра сацыяльных паслуг “Цёплы дом” і РДК напярэдадні Дня пажылога чалавека.
Супербабулі на сцэне не губляліся. Пастараліся прадэманстраваць свае самыя найлепшыя якасці: крэатыўнасць, артыстызм, інтэлект, кулінарныя здольнасці. Крысціна Бальцэвіч цудоўна спявае і гатуе ежу, Соф’я Раіннік прыгожа чытае вершы і вырошчвае смачныя памідоры, Зінаіда Фурс добра ведае дзіцячыя казкі і вяжа цёплыя шкарпэткі. Усё гэта дае ім магчымасць заставацца для сваіх унукаў любімымі і цікавымі бабулямі. Дарэчы, актыўнымі ўдзельніцамі конкурсу аказаліся і ўнучкі: дзесяцікласніца Карына, дашкольніца Марта і другакласніца Ліза.
Журы не стала вылучаць пераможцу і прызёраў. Усе “супербабулі” атрымалі падарункавыя сертыфікаты, а іх унучкі – сувеніры.
У перапынках паміж конкурсамі выступілі маладосць і сталасць: пенсіянерка Яўгенія Анісава і навучэнка політэхнічнага ліцэя Дзіяна Юазялітэ, тэатр пакаленняў, які працуе на базе “Цёплага дома”, танцоркі гуртка “Усходнія казкі” з РДК і салісткі ўзорнай вакальнай групы “Радасць” з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Лізавета Волкава паказала, як звычайная хусцінка можа арыгінальна аздобіць убранне. Заключным акордам свята стаў танцавальны вечар “Для тых, каму за…”


Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений