Людзі Смаргоншчыны: Людміла Глябовіч

Люди Сморгонщины
13.09.2018 15:39
792
Смаргонскаму доследнаму лясгасу Людміла Глябовіч аддала 39 гадоў свайго жыцця, з’яўляецца ветэранам лясной галіны, працуе бухгалтарам.

Людмила ГЛЕБОВИЧ.jpg

Жанчына вельмі добра памятае, як пасля заканчэння навучальнай установы па размеркаванні прыехала ў Смаргонь, выйшла з аўтобуса на аўтавакзале, які знаходзіўся тады на месцы цяперашняй “Журавінкі”, спытала ў некага з прахожых, дзе знаходзіцца лясгас, і пакрочыла з напакаванай сумкай на вуліцу Камсамольскую. Ішла, прыглядалася, каб убачыць будынак з адпаведнай шыльдай, і не заўважыла, як апынулася паблізу чыгуначнага вакзала. Потым пайшла назад, пільна ўглядаючыся ў размешчаныя абапал вуліцы пабудовы і, нарэшце, убачыла патрэбную. Будынак лясгаса быў драўляны, аднапавярховы і нічым не адрозніваўся ад жылых дамоў. А дзяўчына ўяўляла сабе, што ён будзе прыгожы, двухпавярховы, які яна бачыла ва Ушацкім раёне, дзе была на практыцы падчас вучобы ў Полацкім лясным тэхнікуме.

У Смаргонскім лясгасе Людміла Глябовіч атрымала накіраванне ў Крэўскае лясніцтва, працавала там майстрам. Праз нейкі час сям’я пераехала ў Смаргонь.

Людміла Іосіфаўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо ў яе добры муж, радуюць сваімі поспехамі дзеці. Сын вучыцца ў медыцынскім універсітэце на пятым курсе, будзе ваенным урачом. Адна дачка скончыла музычнае вучылішча ў Маладзечне і завочна паступіла ва ўніверсітэт культуры. Другая дачка пасля заканчэння тэхналагічнага інстытута працуе ў  Мінску.

За час працы ў лясгасе Людміла Глябовіч пасадзіла нямала дрэў уласнымі рукамі. І цяпер, калі іншым разам едзе па дарозе каля Наваспаска і Суцькава, з задавальненнем глядзіць на зялёны астравок сасонніку і ўзгадвае далёкі суботнік, на якім работнікі лясгаса саджалі кволыя сасонкі.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений