Вішнеўскія "Эскулапы"

Люди Сморгонщины
06.11.2015 17:35
1682
- Нашу Алу Станіславаўну ўсе палюбілі. Яна такая абыходлівая, добразычлівая. У амбулаторыю некаторыя прыходзілі, каб з новым доктарам пазнаёміцца. Многія цяпер кажуць, што пасля сустрэчы з ёй настрой павысіўся і самаадчуванне лепшым стала, - вось так ахарактарызавала Любоў Смаленская новую загадчыцу Вішнеўскай амбулаторыі.

Таццяна СЦЕФАНОВІЧ і Ала ШУЛЬВІНСКАЯ (на першым...
- Нашу Алу Станіславаўну ўсе палюбілі. Яна такая абыходлівая, добразычлівая. У амбулаторыю некаторыя прыходзілі, каб з новым доктарам пазнаёміцца. Многія цяпер кажуць, што пасля сустрэчы з ёй настрой павысіўся і самаадчуванне лепшым стала, - вось так ахарактарызавала Любоў Смаленская новую загадчыцу Вішнеўскай амбулаторыі.

Таццяна СЦЕФАНОВІЧ і Ала ШУЛЬВІНСКАЯ (на першым плане), Таццяна МІЛАШ, Галіна СЦЕПАНОВІЧ, Любоў СМАЛЕНСКАЯ. Таццяна СЦЕФАНОВІЧ і Ала ШУЛЬВІНСКАЯ (на першым плане), Таццяна МІЛАШ, Галіна СЦЕПАНОВІЧ, Любоў СМАЛЕНСКАЯ.


Любоў Сяргееўна, можна сказаць, “старажыл”, працуе медсястрой у амбулаторыі з 2007 года, з моманту яе адкрыцця (раней тут быў ФАП).
А літаральна ў жніўні пасля заканчэнння Мінскага дзяржаўнага медуніверсітэта сюды прыйшла працаваць малады спецыяліст Ала Шульвінская, урач агульнай практыкі.

Знайсці свой ключык


- Я адзіная з групы, хто паехаў на працу ў вёску, - кажа Ала Станіславаўна. - Астатнія ўладкаваліся ў Мінску і іншых гарадах. Але я ім не зайздрошчу. Сама вясковая, мае бацькі жывуць у Ракаўцах. Вёска для мяне не з’яўляецца нечым экзатычным. І самае галоўнае: лічу, што менавіта тут, на перыферыі, можна стаць сапраўдным спецыялістам сваёй справы.
Калі ёсць праблемы, чагосьці не ведаю, звяртаюся да старэйшых калег – Марыі Чаславаўны Харужык, урача-пульманолага тэрапеўтычнага аддзялення, дзе праходзіла інтэрнатуру, да загадчыцы аддзялення Таццяны Уладзіміраўны Пятніцкай, іншых вузкіх спецыялістаў. Усе ахвотна адгукаюцца, за што ім вельмі ўдзячная.IMG_1921
Немагчыма не пагадзіцца з маладым спецыялістам наконт таго, што ў вёсцы хутчэй можна стаць сапраўдным профі. Мяркуйце самі: Ала Станіславаўна ў адной асобе і педыятр, і герыятр, і тэрапеўт, і ЛОР… Спіс можна прадаўжаць, бо кожны дзень – новыя людзі са сваімі праблемамі (іх на ўчастку амаль 1200, у тым ліку 158 – ва ўзросце да 17 гадоў). За дзень, бывае, да 40 хворых прымае. І да кожнага трэба падабраць свой ключык. Назначыць не толькі адпаведныя лекі для эфектыўнага лячэння, але і выслухаць хворага, знайсці адпаведныя словы, каб яму адразу хоць крыху палягчэла. Апошняму ў медустановах не вучаць. Альбо вучаць мімаходам. Гэта павінна ісці знутры. У Алы Станіславаўны яно ідзе. Відаць, упіталася з малаком маці. Першае ўражанне – перад намі надзвычай жаночая, пяшчотная, лагодная і ўважлівая маладая асоба.
Доктар прызналася, што вельмі любіць чытаць. Праўда, цяпер у асноўным чытае спецлітаратуру па медыцыне. Апошнім часам усё ж удалося прачытаць “Джэн Эйр” Шарлоты Брантэ, “Ганну Карэніну” Льва Талстога, сваю чаргу чакае “Навальнічны перавал” Эміліі Брантэ. Дык вось адкуль, аказваецца, доктар чэрпае для сябе жаноцкасці.
- Людзі тут харошыя. І прырода прыгожая, - заўважае наша суразмоўца і адразу ж ўдакладняе. – Праўда, адпачыць на возеры яшчэ ні разу не ўдалося. Не было часу. Назіраць за навакольнай прыгажосцю ўдаецца толькі з акна машыны “хуткай дапамогі”, калі выязджаем да хворага.


Цудоўная пяцёрка


Абслугоўваюць вішнеўскія “Эскулапы” насельніцтва з 26 населеных пунктаў Вішнеўскага сельсавета і 3 – Лылойцінскага. Да самых аддаленых вёсак даводзіцца ехаць па 20-25 кіламетраў (і гэта ў адзін бок).
Калектыў Вішнеўскай амбулаторыі – скрозь жаночы. Іх пяць. Нават за рулём “хуткай дапамогі” – слабы пол. Другі год круціць баранку “хуткай” Таццяна Мілаш. Да таго, як прыйшла ў амбулаторыю, дзесяць гадоў працавала сацыяльным работнікам. А яшчэ раней – эканамістам у мясцовым калгасе.IMG_1925
- Тэхніка - мая слабасць, я ў гэтым ужо ўпэўнілася, - усміхаецца Таццяна Любаміраўна. - Магу і сама аўто адрамантаваць, больш складаныя паломкі муж дапамагае ўхіляць.
Яшчэ адна прывабная ўсмешка вішнеўскай медыцыны – санітарачка Галіна Сцепановіч, якая да нядаўняга часу працавала прадаўцом у магазіне, а цяпер вельмі арганічна ўлілася ў жаночую кампанію.
І нарэшце, яшчэ адна прыгажуня, але ў адрозненні ад загадчыцы амбулаторыі ўжо незайздросная нявеста, бо літаральна пару тыдняў таму выйшла замуж - Таццяна Сцефановіч, памочнік урача. Тут яна першы год, а дагэтуль год узначальвала ФАП у Малінавай. “Правая рука” доктара мае дыплом фельчара-акушэра.
Пасля наведвання Вішнева ў каторы раз пераконваемся: тут пануе асаблівая аўра. І ствараецца яна найперш тымі прыгожымі людзьмі, якія жывуць і працуюць у гэтай маляўнічай мясцовасці.


Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений