Людзі Смаргоншчыны: дырэктар гасцініцы “Смаргонь” Ніна Жабінская

Люди Сморгонщины
13.03.2018 09:42
1618
Напачатку лютага Ніну Жабінскую зацвердзілі на пасадзе дырэктара гасцініцы “Смаргонь”, раней яна выконвала тут абавязкі кіраўніка. І ўжо тады ў яе галаве было многа думак.

Директор гостиницы Сморгонь Жабинская.jpg

Дырэктар гасцініцы Ніна ЖАБІНСКАЯ (злева) гутарыць са старшым адміністратарам Аленай БУЦЯ.


Няма сталовай, а яна патрэбна, каб пастаяльцы тут жа, на месцы, маглі паснедаць, паабедаць, павячэраць. Неабходна выканаць нямала рамонтных работ, яшчэ да рамонту фасада замяніць вокны ў будынку гасцініцы. Фасад будынка плануецца абнавіць поўнасцю, дзе неабходна, уцяпліць яго, бо ў некаторых нумарах прахалодна.

Тым самым можна будзе сэканоміць на паліве.

Ніна Барысаўна разумее, што на ўсё гэта спатрэбіцца многа грошай, спадзяецца на дапамогу з раённага бюджэту, інакш няпроста будзе адрамантаваць увесь фасад. Вядома ж, на рамонт трэба зарабляць грошы і працоўнаму калектыву гасцініцы.

Людзі, якіх камандзіруюць у Смаргонь, тэлефануюць у гасцініцу, цікавяцца ўмовамі пражывання. 

“І нам трэба задаволіць іх пажаданні, каб людзі, пажыўшы ў гасцініцы адзін раз, захацелі засяліцца сюды зноў і пры гэтым расказалі сваім знаёмым аб тым, якія тут добрыя ўмовы пражывання”, - падкрэсліла Ніна Жабінская.

Неабходна прыводзіць у належны парадак 6-ы і 7-ы паверхі. Тым больш, што ў 2019 годзе ў Смаргоні пройдуць абласныя “Дажынкі”, прыедзе многа людзей, іх неабходна будзе засяляць у гасцініцу. Таму на выкананне рамонтных работ застаецца не так многа часу. Гэта добра разумее Ніна Барысаўна. Менш складаныя рамонтныя работы будуць выконвацца сваімі сіламі, але, напэўна, не абысціся без падрадчыкаў.

Дырэктар Ніна Жабінская – чалавек новы ў гасцінічнай справе, раней працавала на камбінаце хлебапрадуктаў, 9 гадоў - начальнікам аддзела маркетынгу і рэалізацыі гатовай прадукцыі, а ўсяго аддала гэтаму прадпрыемству 19 гадоў свайго жыцця. Вядома ж, работа, якую выконвала там, адрознівалася ад цяперашняй. Але прызналася: калі прыйшла працаваць у гасцініцу, то страх адчула толькі ў першы дзень, а потым пакрысе пачала ўваходзіць у курс справы. Бухгалтэрыю ведае, бо калісьці працавала бухгалтарам, а яшчэ раней - эканамістам. Ніна Барысаўна сказала, што прытрымліваецца правіла: кліент заўсёды правы, і да яго неабходны індывідуальны падыход. А яшчэ трэба быць добрым псіхолагам, бо ў гасцініцу засяляюцца розныя людзі, у кожнага свой характар.

Ніна Жабінская не шкадуе, што памяняла работу. У такіх выпадках па-іншаму глядзіш на прывычныя рэчы. Раней Ніна Барысаўна ніколі не была ў смаргонскай гасцініцы. І калі прапанавалі ўзначаліць яе, то спачатку зведала панічны страх. Хаця сваякі і знаёмыя сказалі: “Ты справішся”. Тры тыдні не магла рашыцца, потым згадзілася.

“У гасцініцы зладжаны працоўны калектыў, адладжаны рытм работы, таму буду старацца, каб усё ў мяне атрымалася, - сказала дырэктар. - Заўважыла, што мне на новай рабоце з кожным днём усё цікавей. Прыязджаюць з прапановамі спецыялісты і па вокнах, і па відэаназіранні, і па вывесцы. Вывеска павінна быць на гасцініцы з двух бакоў, каб было бачна здалёк. І каб яна свяцілася ноччу і прыцягвала да сябе ўвагу, пры гэтым не спажывала многа электраэнергіі. Але гэта пазней, калі будуць адрамантаваны гасцінічныя нумары і фасад будынка”.

Ніна Жабінская прызналася, што ёй хочацца, каб гасцініца стала візітнай карткай горада, паколькі гэта адзін з самых высокіх будынкаў у цэнтральнай частцы Смаргоні.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений