Людзі Смаргоншчыны: Аляксандр Вярцінскі

Люди Сморгонщины
07.03.2018 14:34
1965
Звычайны невялікі “Форд” даволі хутка распутаў лабірынт мінскіх вуліц, выйшаў на МКАД. Вадзіцель плаўна дабавіў хуткасць, уключыў радыё. Дыктар чытаў выпуск апошніх навін. “Годам малой радзімы вырашана аб’явіць 2018 год у Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод лепшым работнікам аграрнай галіны рэспублікі…”
Міжволі абудзілі памяць шчымліва цёплыя ўспаміны… Малая мілая радзіма. Мой родны кут… Мая, цяпер замеценая снегам, ціхая вёсачка Пашыцы, 14 кіламетраў ад Шчучына. Там нарадзіўся, там птушкай праляцела пасляваеннае дзяцінства. Там сямікласнік Саша Вярцінскі напісаў сваю першую невялікую заметку пра аднавяскоўцаў, працавітых людзей калгаснай брыгады. І спазнаў тое асабліва ўзнёслае пачуццё дзіцячай радасці і гонару. І падсвядома адчуў вялікую сілу слова, калі ўбачыў свой твор у раённай газеце “Савецкая вёска”. Некалькі разоў голасна чытаў-перачытваў ён тую заметку пад загалоўкам “Адзвінелі косы”, а мама прытуліла хлопчыка да сябе і ціха сказала: “Вось і будзе ў нас свой пісьменнік”. 

І потым зноў была радасць ад вялікага ганарару з рэдакцыі газеты: паштальён прынёс Аляксандру 95 капеек. Бацькам за працадзень плацілі тады ў калгасе 20 капеек…Пісьменнікам ён не стаў. Але калі б сабраць і выдаць пад адной вокладкай усе заметкі, замалёўкі, артыкулы, усе матэрыялы іншых жанраў, што ўбачылі свет у розных газетах і часопісах Беларусі пад прозвішчам Аляксандр Вярцінскі, - то была б вельмі важкая і цікавая кніга. 

Далейшы жыццёвы шлях вызначыў Аляксандру рэдактар шчучынскай раённай газеты – запрасіў яго працаваць карэктарам. І праз два гады па-бацькоўску благаславіў талковага, здольнага хлопца на вучобу ў Гродзенскі педінстытут. Экзамены, залікі, творчыя дыскусіі, студэнцкія паходы і вечарыны. А поруч – цікавая і адказная грамадская работа: намеснік сакратара камітэта камсамола інстытута, начальнік штаба студэнцкіх будаўнічых атрадаў пры Гродзенскім абкаме камсамола, камандзір студэнцкага будатрада на “гарачых” аб’ектах вобласці…

І вось трымае бацька ў руках новенькі дыплом сына, настаўніка беларускай мовы і літаратуры. “Гэта ж вельмі добра, што будзеш тут блізка, у сваім раёне, - кажа ён. – Да нас часцей прыязджаць будзеш. Гаспадарка ўжо засталася невялікая, кабанчык ды куры, але і сіла наша ўжо не тая…” 

А яшчэ праз два гады, калі прызначаць Сашу дырэктарам Біцеўскай васьмігодкі, бацька скажа яму: “Не салодкая гэта доля быць начальнікам. Кіраваць, патрабаваць трэба, прымушаць людзей, такіх жа настаўнікаў, як і сам. Але калі рашыўся – няхай жа паможа Бог”. І потым, праз хвілінку роздуму, дадаў: “Толькі не рабі, сынок, людзям нічога дрэннага, ніякай злосці. Жыві сумленна, шануй у сэрцы Бога.”

…Вадзіцель зірнуў на гадзіннік. Паслухмяны “Форд” ужо адмераў ад сталіцы крыху больш за сотню. Праз 20 хвілін адкрылася наперадзе дзевяціпавярховая панарама Усходняга мікрараёна Смаргоні. І выразна ўспомнілася, як ехаў ён сюды, у гэты незнаёмы горад, роўна 40 год таму, у далёкім 1978-м. Позні вячэрні аўтобус выкаціўся на месца цяперашняй кальцавой развязкі на заходняй ускраіне горада, і першае, што кінулася тады ў вочы Вярцінскаму, - усяго некалькі жоўтых вулічных ліхтароў на Савецкай ды такія ж жоўтыя квадрацікі вокнаў крайняй ДАСаўскай пяціпавярхоўкі.Падумалася: маленькі, ціхі гарадок. Як Шчучын. 

Генеральны дырэктар вытворчага аб’яднання “Смаргоньсілікатабетон” Іван Іванавіч Забоцін паклікаў у кабінет сакратара парткама Дзмітрыя Варвінскага і старшыню прафкама Рычарда Раманоўскага, прадставіў ім новага чалавека і яго пасаду: Аляксандр Эдмундавіч Вярцінскі, мой намеснік па кадрах і быту. Найпершую задачу новаму работніку акрэсліў коратка: добраўпарадкаванне мікрараёна сілікатчыкаў у Смаргоні, будаўніцтва новага жылля. Праз год выканкам райсавета дэпутатаў прызнае мікрараён сілікатчыкаў лепшым па добраўпарадкаванні і будзе выдадзена спецыяльная лістоўка з асвятленнем вопыту арганізацыі гэтай работы. А неўзабаве распачнуцца будаўніцтва 121-кватэрнага жылога дома па завулку Святлянскім і падрыхтоўчыя работы пад узвядзенне інтэрната на 395 месцаў па вуліцы В. Сінкевіч.

Працоўны калектыў аб’яднання некалькі разоў вылучаў Аляксандра Вярцінскага кандыдатам у народныя дэпутаты Залескага сельскага і Смаргонскага гарадскога Саветаў. І кожны раз дружным галасаваннем людзі пацвярджалі яму той высокі давер. А калі ў 1986-м годзе ў структуры мясцовай улады ўтварыўся Смаргонскі гарвыканкам, дэпутаты выбралі Вярцінскага намеснікам старшыні выканкама. І даручылі яму бадай што самую праблемную, сацыяльную сферу жыццядзейнасці горада: адукацыю і ахову здароўя, культуру і гандаль, бытоўку ды яшчэ і жыллёва-камунальную гаспадарку. Абмежаванасць газетнай плошчы, на жаль, не дазваляе паказаць шырокі маштаб і напружанне той паўсядзённай работы канкрэтнага чалавека Аляксандра Вярцінскага. 

Затое ёсць адно красамоўнае лагічнае сведчанне: 5 мая 1990 года ён выбраны народным дэпутатам Беларускай ССР па Смаргонскай гарадской выбарчай акрузе №269. Выбраны на альтэрнатыўнай аснове з трох таксама дастойных кандыдатур і са значнай перавагай галасоў. 

5 копия.jpg

Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР XII склікання ад Смаргоншчыны Аляксандр ВЯРЦІНСКІ і Анатоль ЯНЕЦ у зале пасяджэнняў Вярхоўнага Савета 

Мандат таго высокага даверу атрымаў Аляксандр Вярцінскі падчас сапраўды гістарычных перамен на Смаргоншчыне, на сваёй, па сутнасці, другой малой радзіме. Непадалёку горада распачалася і шпарка разгортвалася будоўля саюзнага маштабу: узводзіліся вытворчыя карпусы буйнога філіяла МТЗ, шматлікія аб’екты дапаможнага прызначэння, сацыяльнай сферы. З усіх куткоў Савецкага Саюза ехалі людзі ў Смаргонь ажыццяўляць нашу прыгожую перспектыву. Іх трэба было па-чалавечы сустрэць, прыняць, даць прытулак і ўсё самае неабходнае. Асабліва не хапала жылля – пайшла пад шчыльны інтэрнат новая гарадская гасцініца. Не лягчэй было і з харчаваннем. У магазінах прадавалі “па блату” кавалак варанай каўбасы. Раз у месяц, а то і часцей, на плошчы перад Домам Саветаў выстройваліся бліскучыя лімузіны сакратароў ЦК Кампартыі Беларусі, міністраў і розных іншых ніжэйшых рангам чыноўнікаў.77

2 копия.jpg

Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР XII склікання ад Гродзенскай вобласці. Злева направа: Аляксандр КАЛОДКА, Аляксандр ВЯРЦІНСКІ, Іван МАШКО, Вінцэнт КАЗЯК

Планёркі былі жорсткімі. І, бадай, на кожнай з іх, калі больш, а калі менш даставалася “стрэлачнікам”, кіраўнікам мясцовай улады. Але ні першы сакратар гаркама партыі Іосіф Велькашынскі, ні старшыні гаррайвыканкамаў Ілья Рак і Анатоль Янец, ні Аляксандр Вярцінскі не збеглі з гэтага гарачага пярэдняга краю, - самаадда-
на і годна рабілі яны даручаную кожнаму важную справу.

4 копия.jpg

Провады зімы ў Смаргоні, 1989 год. Старшыня гарвыканкама Ілья Іванавіч РАК (злева)

Каля 200 новых кватэр здавалася штогод пад засяленне. Прыблізна 500 дзетак нараджалася штогод у горадзе. Усё выразней акрэсліваліся контуры прывабнай сацыяльна-эканамічнай перспектывы… На жаль, святочным жнівеньскім днём 91-га раптоўна скалыхнуўся ад мацнейшага палітычнага крызісу непарушны Савецкі Саюз. І пайшло-пакацілася ўсё зусім па іншай каляіне…

Калі скончыўся тэрмін дэпутацкіх паўнамоцтваў, Аляксандру Вярцінскаму прапанавалі работу ў Сакратарыяце Вярхоўнага Савета. Спярша – галоўным спецыялістам, затым – загадчыкам сектара арганізацыйнага ўпраўлення. І ў 1997 годзе быў пераведзены на новую, высокую і адказную пасаду начальніка ўпраўлення арганізацыйнай работы Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Паступіў і паспяхова скончыў Беларускі інстытут правазнаўства.
Сям’я пераехала са Смаргоні ў Мінск. …

Чыстае, зыркае полымя кастра, запаленага шчырай дружбай і любоўю Сашы і Марыі ў далёкім юнацтве, вось ужо 43 гады асвятляе сямейнае жыццё Вярцінскіх. Марыя Казіміраўна таксама скончыла Гродзенскі педінстытут. Амаль 20 гадоў выкладала родную мову і літаратуру ў чацвёртай школе, цяпер гімназіі Смаргоні, стварыла там цудоўнае літаратурнае аб’яднанне “Крынічка” – жыватворную плынь адраджэння і ўзвышэння нашай роднай мовы, гісторыі і культуры беларускага
народа, яго гістарычных і духоўных каштоўнасцей. Пад разумнай, нязмушанай апекай гадаваліся і прымяралі на сябе бацькоўскія клопаты, справы, учынкі Віталь і Алёна. Абое скончылі юрфак БДУ. Алёна – з адзнакай, а затым – таксама з адзнакай - аспірантуру Інстытута дзяржавы і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Працуюць сын і дачка па абраных прафесіях, ладзіцца сямейнае жыццё. А бабулю і дзядулю радуюць чацвёра ўнукаў.

1 копия.jpg
Простае шчасце людское… З жонкай Марыяй Казіміраўнай

…Наступным днём Аляксандр Вярцінскі пакідаў Смаргонь, сваю другую малую радзіму. Рушыў на Крэва – дарога добрая, прывабны, маляўнічы краявід. Праз 15 мінут “Форд” выкаціўся на аўтатрасу Вільнюс – Мінск. Аляксандр паслухаў прагноз надвор’я, выключыў радыё. У рэшце рэшт змагло прабіцца праз нізкія аблокі зыркае сонца, час пайшоў на вясну. Яго сямідзясятую вясну. І будзе сёлета ранні Вялікдзень. І гэты ж надзейны “Форд” прывязе яго з Марыяй у Пашыцы, каб пакланіцца на могілках бацькоўскім курганкам. І скажа ён там два словы: “Прабачце нас”. 

Іван ЛАЗУТА.
Фота з архіва Аляксандра ВЯРЦІНСКАГА.
Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений