Людзі Смаргоншчыны: Эдуард і Геня Вештарты. Ужо 50 вёснаў яны сустрэлі разам

 

Людзі Смаргоншчыны: Эдуард і Геня Вештарты. Ужо 50 вёснаў яны сустрэлі разам

Люди Сморгонщины
26.01.2018 09:03
5185
16 студзеня выдалася марозным і сонечным. Такое ж надвор’е, толькі больш снежнае, было ў гэты дзень роўна 50 гадоў назад, калі Эдуард і Геня Вештарты перад Богам і людзьмі далі адзін аднаму свае сардэчныя абяцанні. Сёння, праз паўстагоддзя, усё такія ж закаханыя, яны шчыра глядзяць адзін аднаму ў вочы. А ў тых вачах крыштальна чыстыя слёзы падзякі і радасці, што годна пражылі, што не здрадзілі дадзеным адзін аднаму абяцанням.

Семья Вешторт Сморгонь1.JPG

У сэрцах мужа і жонкі і сёння шчымлівым пачуццём жыве ўспамін пра першую сустрэчу. Была яна невыпадковай. Адслужыўшы ў арміі, Эдуард вярнуўся ў родныя Нястанішкі. Ад сястры, якая працавала паштальёнам, пачуў, што ў вясковую хату-чытальню прыйшла працаваць маладая бібліятэкарка. Была яна не мясцовая, з суседніх Лылойцяў. Эдуард вырашыў пазнаёміцца, і ў адзін з дзён замест  сястры-паштальёнкі павёз у чытальню газеты і часопісы. Ён зайшоў у памяшканне і ўбачыў там яе. Геня разгубілася, бо не чакала ўбачыць на парозе такога прывабнага паштальёна. Сэрца забілася мацней пытаннямі: “Няўжо гэта ён? Той самы?”. Яго, таго самага, высокага, чарнавалосага і кучаравага, яна памятала яшчэ з 8 класа, калі была школьніцай, а Эдвард заходзіў у іх школу. Геня памятае, як усе дзяўчынкі з яе класа ацанілі віднага юнака. І вось праз некалькі гадоў ён стаяў перад ёй і трымаў у руках пошту. Сёння муж і жонка не памятаюць, хто з іх адважыўся загаварыць першым і пра што была тая размова. Жанчына жартуе: “Чыталі разам газеты, часопісы, і вось да вяселля дачыталіся”.

Вешторт.jpg

Вяселле справілі зімой. Гулялі тры дні. Пярсцёнкі купілі ў мясцовага майстра, былі зроблены яны з манеты і каштавалі ўсяго 80 капеек. Сукенку нявеста апранулу тую, што засталася пасля школьнага выпускнога. Сёння, гледзячы на пажаўцелы здымак, з якога весела пазіраюць маладыя, здаецца, што на дварэ не марозны студзень, а цёплы ліпень. Летнія туфелькі, лёгкія шлюбныя ўбранні. Жаніх і нявеста не адчувалі холаду зімы. Абодвух сагравала трапяткое пачуццё ўзаемнага кахання.

Пасля вяселля Эдуард забраў маладую жонку ў бацькоўскую хату. Была яна зусім невялічкай, але паступова сям’я разбудавалася. У ёй загаманілі дзіцячыя галасы. Спачатку на свет з’явілася дзяўчынка, роўна праз год хлопчык, і яшчэ праз чатыры гады другі хлопчык. “Ой, багатая я! – расказвае Геня Іванаўна, – Ужо маю шэсць унукаў і пяць праўнукаў”.

Геня Вештарт усё жыццё адпрацавала ва ўстанове культуры ў Нястанішках, дзе пад адным дахам размяшчаліся і бібліятэка, і клуб. Была яна адначасова і загадчыцай, і бібліятэкарам, і культарганізатарам. Эдуард Баляслававіч свой працоўны шлях прысвяціў калгасу. Быў рознарабочым, выконваў тое, што загадаюць. Жонка адзначае, што муж работай ніколі не грэбаваў, ні на працы, ні дома. Як сапраўдны мужчына, усё жыццё стараўся засцерагчы жонку ад цяжкай працы, даваў магчымасць адпачыць, а часам і сам браўся нават за жаночую работу.

Геня і Эдуард Вештарты ўсё жыццё былі разам. Разам працавалі, разам адпачывалі. Адзін для аднаго яны змаглі стаць не проста мужам і жонкай, а яшчэ і лепшымі сябрамі. Дзеці кажуць, што іх бацькі зусім розныя. Тата больш эмацыянальны, рухавы і хуткі, маці больш стрыманая і ўраўнаважаная. Але адзін у адным яны знайшлі таго самага роднага і блізкага чалавека, якога ў сваім жыцці шукае кожны, але знаходзяць далёка не ўсе.

Зіма адгукае за акном сваёй развітальнай завеяй, і нованароджаны сакавік завітае ў Нястанішкі жвавымі ручайкамі. Будзе ранняй вясна альбо позняй, пакуль невядома. Але ўпарты красавік абавязкова расквеціць пралескамі адталую зямлю. 8 красавіка ў Гені дзень нараджэння. Як і кожны год, прачнуўшыся раней за жонку, Эдуард ціхенька выйдзе з хаты, каб пайсці ў лес і нарваць каханай першых веснавых кветак. Геня любіць пралескі, і муж кожны год радуе яе прыгожым букецікам. Ужо 50 вёснаў яны сустрэлі разам, але ні адну з іх не прамянялі на марнасць дзён, і ні адна з іх не абышлася без блакітнага букеціка, з любоўю нарванага для Гені спрацаванымі, ужо немаладымі рукамі каханага.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара і з сямейнага архіва.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений