Людзі Смаргоншчыны: Віктар Дамуць

Люди Сморгонщины
09.01.2018 16:10
1368
У раённым аддзеле Следчага камітэта новы кіраўнік. Віктар Дамуць са Смаргоншчыны, нарадзіўся ў вёсцы Старая Рудня. Пасля заканчэння Жодзішкаўскай сярэдняй школы паступіў у Брэсцкі педагагічны інстытут на факультэт фізічнага выхавання. У вучобе быў перапынак на два гады – юнака прызвалі на тэрміновую службу ў арміі. Служыў у Туркестанскай ваеннай акрузе непадалёку ад Ташкента.
Дамуть 2.jpg

Закончыўшы факультэт фізвыхавання, Віктар Дамуць прыехаў працаваць на радзіму, у Смаргонскі раён. Працоўную дзейнасць пачаў у гарадской спартыўнай школе, нейкі час быў інструктарам па плаванні ў дзіцячым садку №13. Неўзабаве скарацілі гэту пасаду. І тады Віктару Дамуцю паступіла прапанова паспрабаваць сябе на службе ў міліцыі.

Першая пасада міліцыянера Дамуця - інспектар па справах непаўналетніх. Потым былі іншыя – інспектар па дазнанні, следчы следчага аддзялення РАУС, якое тады ўзначальваў Валерый Тарасенка.

Віктар Вікенцьевіч скончыў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў, паступова падымаўся ўверх па службовай лесвіцы. У студзені 2012 года Віктара Дамуця прызначылі начальнікам Ашмянскага раённага аддзела Следчага камітэта.

У снежні 2017 года Віктара Вікенцьевіча перавялі ў Смаргонь. У Смаргонскім раённым аддзеле Следчага камітэта вопытныя, адказныя супрацоўнікі, якія своечасова і ў поўным аб’ёме выконваюць пастаўленыя перад імі задачы.

У кожнага следчага – свая спецыялізацыя. Нехта вельмі добра расследуе эканамічныя злачынствы, нехта – вайсковыя. Следчым, якія расследуюць дарожна-транспартныя здарэнні, неабходна разбірацца ў тэхніцы, добра ведаць Правілы дарожнага руху. Сур’ёзнага падыходу патрабуюць расследаванні злачынстваў супраць асобы, учыненых забойстваў, прычынення цяжкіх цялесных траўм. Няпроста расследаваць злачынствы, якія ўчыняюць непаўналетнія. Следчаму неабходна высветліць, хто і як займаўся выхаваннем дзіцяці, што прывяло да ўчынення злачынства.

“Маладыя следчыя тэарэтычна адукаваныя, - кажа Віктар Вікенцьевіч, - толькі ім неабходна практыка, а яшчэ - пазбаўленне шаблоннасці мыслення. Трэба, каб яны гля дзелі шырэй у сваёй прафесійнай дзейнасці, а не выконвалі толькі тое, што сказаў начальнік”.

Віктар Дамуць лічыць следства адной з самых інтэлектуальных службаў. Ён схіляецца да таго, што праваахоўныя органы павінны выконваць не толькі карную, але і выхаваўчую функцыю. Калі чалавек учыніў дробнае злачынства ўпершыню, то можна абысціся без прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці. І закон прадугледжвае такі варыянт.

А яшчэ за час службы ў праваахоўных органах Віктар Вікенцьевіч прыйшоў да высновы, што перш чым нешта сказаць, трэба добра падумаць. Асабліва калі ты кіраўнік. На прыём прыходзяць людзі са сваімі праблемамі, таму неабходна быць юрыдычна адукаваным, каб правільна адказаць на іх пытанні, даць параду, за якую не будзе потым сорамна.

У новага начальніка Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь невялікая сям’я - жонка і дачка. Хаця сам ён з сям’і, дзе было чацвёра дзяцей (у Віктара Вікенцьевіча тры сястры). Бацька працаваў руславым манцёрам у меліярацыі, маці да выхаду на пенсію - прадаўцом у сельскім магазіне.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений