Чым жыве Сольскі сельсавет

Люди Сморгонщины
30.10.2017 16:32
Для галоўнага агранома ДП “АграСолы” Юрыя Сташкевіча не бывае дрэннага надвор’я або лепшай ці горшай пары года. Ён любіць раннюю вясну з яе надзеямі і маладой рунню, спякотнае лета з клопатамі хлебароба і ўдзячнасцю выспяваючых палёў, ураджайную восень з яе багатымі дарамі і нават зіму. Зіму не таму, што для хлебаробаў гэта самы спакойны час, а таму, што гэтай парой Юрый Эдуардавіч, нарэшце, можа прысвяціць сябе паляванню – любімаму занятку ў вольны час.

Солы 005.jpg

Галоўны аграном ДП “АграСолы”, ураджэнец Солаў Юрый СТАШКЕВІЧ.


Жыццё кідала яго па розных мясцінах і гаспадарках Смаргоншчыны, але ўсё роўна ён вяртаўся да сольскіх абсягаў, у родны кут, дзе яго душа спявае пад мелодыю шапацення жытнёвых палёў, пад гукі трактароў і камбайнаў, што з нястомным аптымізмам ідуць за новым ураджаем. Тут яго сэрца б’ецца роўна і спакойны, бо тут ён дома.

У яго паслужным спісе праца на розных пасадах у гаспадарках раёна. Там ён, выпускнік Гродзенскага сельгасінстытута, набіраўся вопыту і вучыўся стасункам з аграрыямі. Ад бацькоў, якія працавалі ў сельскай гаспадарцы (маці – галоўным заатэхнікам, бацька – загадчыкам участка) пераняў Юрый Сташкевіч павагу да зямлі і да людзей, якія на ёй працуюць. Нікуды не паехаў з родных мясцін і яго сын, які, закончыўшы Віцебскую ветакадэмію, працуе на Сольскай птушкафабрыцы.

Два гады запар па выніках работы ў раслінаводстве сольская гаспадарка атрымлівае пераходны кубак імя А. Карнея. Сёлета таксама ёсць чым ганарыцца і можна разлічваць на заслужаную ўзнагароду. Нарыхтавана больш за 33 тысячы сіласа, 15598 тон сенажу, 1415 тон сена. Гэта значыць, што накормленымі будуць каровы і цёлкі. Закладзены добры падмурак для ўраджаю наступнага года: праведзена хімпраполка і падкормка азімых, на 1408 гектарах праведзены пад’ём зябліва, даведзена да пасяўных кандыцый насенне яравых. Адначасова завяршаецца ўборка цукровых буракоў і кукурузы.

А з пешым снегам галоўны аграном атрымае магчымасць парадаваць душу стасункамі з прыродай на паляванні. Ізноў будзе спяваць душа чалавека, які ўмее радавацца кожнаму дню і вынікам сваёй працы.

Дэбют Людмілы

Усяго толькі месяц прайшоў са дня, калі Людміла Барысоўская была прызначана на пасаду загадчыцы Сольскага Дома культуры і адпачынку. А столькі цікавых мерыпрыемстваў праведзена за гэты кароткі час. Людміла Сяргееўна лічыць, што ўсё ўдаецца таму, што побач з ёй жывуць і працуюць неабыякавыя, таленавітыя і актыўныя людзі. Пакуль яна была на курсах павышэння кваліфікацыі, яе калегі не драмалі, а рыхтавалі святочныя імпрэзы, згуртоўвалі аматараў мастацкай творчасці. Акампаніятар Аляксандр Хвастэнка і самадзейная спявачка Таццяна Дзмітрук заўжды гатовы дапамагчы парадай і справай.

Солы 013.jpg

Загадчыца Дома культуры і адпачынку Людміла БАРЫСОЎСКАЯ ля восеньскай выставы.


Акрамя штосуботніх дыскатэк, праведзены ў клубе свята чая “Мы за чаем не скучаем”, канцэрт “Мелодыі залатой восені”, свята бабулінага пірага, выстава “Восень прыйшла – багаты ўраджай прынесла”. Не забыліся клубныя работнікі павіншаваць работнікаў пошты з прафесійным святам і матуль у Дзень маці.

Людміла Барысоўская прызнаецца, што мае шмат задум і мар аб тым, як зрабіць жыццё і адпачынак аднавяскоўцаў больш цікавым, змястоўным, як прыцягнуць дзетак і моладзь да ўдзелу ў музычнай творчасці, спевах, сумесным плённым правядзенні вольнага часу. Яна ўпэўнена, што сумесна з кіраўніцтвам сельвыканкама і Сольскай сярэдняй школы ёй удасца ажыццявіць усе задумы.

Змястоўныя заняткі і канікулы

У Сольскай сярэдняй школе цяпер навучаецца 199 вучняў. Да двух соцен не дацягнулі, бо шмат дзяцей пакінулі школу пасля 9 класа і працягваюць навучанне ў прафесійных навучальных установах. З-за ратацыі: сыходу настаўнікаў-пенсіянераў і прыходу маладых спецыялістаў, знізіўся і працэнт узроўню кваліфікацыі педагогаў. Але не знізілася якасць навучання. Пра гэта сведчыць рост пераможцаў прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, колькасць прызёраў вучнёўскіх навуковых канферэнцый. Ды й маладыя настаўнікі імкнуцца павысіць катэгорыю, паспяхова здаюць кваліфікацыйныя экзамены.

Солы 018.jpg

Дырэктар Сольскай СШ Аляксандр СІВІЦКІ і яго намесніцы Жанна РАДЗЕВІЧ і Наталля ФЕТКЕВІЧ.


Выдатна абаранілі групавую работу на канферэнцыі пачатковых класаў выхаванцы Ірыны Ядзевіч. На працягу апошніх гадоў зборная школы ў прызёрах круглагадзічнай спартакіяды. Дзве вучаніцы абаранялі гонар школы і раёна на абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, а Юля Урбановіч увайшла ў зборную вобласці і выступала на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Спартыўным поспехам школьнікаў спрыяюць заняткі ў секцыях па лёгкай і цяжкай атлетыцы, футболу і дзюдо. Адораныя музычнымі талентамі дзеткі маюць магчымасць асвойваць ігру на розных інструментах і авалодваць майстэрствам мастака ў школе мастацтваў, якая працуе на базе СШ.

Кіраўніцтва школы цесна супрацоўнічае з сельвыканкамам, мясцовымі святарамі, культурнымі ўстановамі. Кожная чацвёртая субота ў школе – бацькоўская. Прычым, бацькі - не пасіўныя гледачы, а ўдзельнікі сямейных мерапрыемстваў, спаборніцтваў, імпрэз. Добрым сябрам школы стаў і былы яе выпускнік, а цяпер участковы інспектар РАУС Уладзімір Залескі. Дзякуючы агульнай выхаваўчай рабоце на тэрыторыі сельсавета змяншаецца колькасць неблаганадзейных сем’яў. Тыя тры сям’і, што застаюцца на ўліку, на думку дырэктара школы Аляксандра Сівіцкага, хуткім часам будуць зняты з уліку.

Вакацыі – час змястоўнага адпачынку для дзяцей. Таму і на восеньскіх канікулах запланаваны прафарыентацыйная паездка ў Ашмяны, наведванне інфармацыйнага цэнтра Астравецкай атамнай электрастацыі і экскурсія ў Полацк.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара. 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений