Да Дня работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці

Люди Сморгонщины
12.10.2017 15:39
Загадчыца аптэкі №242 Ніна Уладзіміраўна Бугай, у адрозненні ад свайго юнага калегі Ільі Мукасея, мела больш магчымасцей адчуць сябе чараўніцай, таму што напачатку працоўнай дзейнасці ў большай ступені займалася прыгатаваннем лекавых сродкаў. Пэўны час яна працавала менавіта ў асістэнцкім пакоі, спачатку фасаўшчыком, потым асістэнтам. Улюблёная ў хімію, жанчына з задавальненнем выконвала сваю работу, ведаючы, як правільна, у якім парадку і якім чынам зрабіць пэўную лекавую форму, напрыклад: кроплі для вачэй, мазі для вонкавага прымянення, парашкі і г. д.

Фармацевт_10.jpg

Правізар-аналітык Вера ЧАПЁЛКІНА (1978 г.)


Слова “фармакі” ў перакладзе з егіпецкай мовы азначае – той, што дорыць збаўленне або бяспеку. Ад гэтага запазычанага слова і атрымала назву цэлая галіна па вывучэнні і вытворчасці лякарстваў. Вось толькі вытворчасць у сучасным разуменні з насычанымі мадэрновым абсталяваннем заводамі і фабрыкамі ў нашай краіне з’явілася адносна нядаўна. Таму гарадскія і раённыя аптэкі былі адначасова міні-фабрыкамі, дзе фармацэўты займаліся прыгатаваннем мазей, лекавых сродкаў, раствораў для ін’екцый. Ніна Уладзіміраўна атрымала прафесійную адукацыю ў Ленінградзе. У Смаргоні працавала ў аптэцы ЦРБ, цэнтральнай аптэцы, а цяпер загадвае новай аптэкай, што размясцілася ля магазіна “Капеечка”. Яе працоўны стаж налічвае больш за 40 гадоў.

Малады спецыяліст, выпускнік Мінскага медыцынскага каледжа Ілья Мукасей у жніўні ўзначаліў аптэку №183. У радні Ільі шмат прадстаўнікоў медыцынскіх прафесій, таму яго выбар не быў выпадковым. У планах маладога чалавека – далейшая вучоба ў медыцынскім універсітэце, а пакуль ён набывае практычныя веды і вучыцца стасункам з людзьмі.

На маё пытанне, што падабаецца найбольш у прафесіі і якім чынам памяняліся функцыянальныя абавязкі работніка аптэкі з цягам часу, кожны з суразмоўцаў адказаў па-свойму. Ніна Уладзіміраўна з пэўнай доляй прыязнай зайздрасці да цяперашніх аптэкараў згадала, як у ранейшыя часы мела небяспеку атрымаць прафесійнае захворванне ад штодзённых кантактаў з небяспечнымі прэпаратамі, выпарэннямі і сыпучымі хімічнымі рэчывамі. А Ілья Мукасей са шкадаваннем адзначыў, што цяперашнія правізары займаюцца больш гандлем, чым практычным прымяненнем сваіх ведаў у галіне хіміі, біялогіі і медыцыны. Разам з тым, абое запэўнілі мяне, што кансультацыі адносна многіх лекаў і парады па прымяненні менш шкоднах для дзетак яны даюць штодзённа, нават калі іх не просяць. Бо прафесійны гонар і веданне сапраўдных складальнікаў многіх таблетак або мікстур не дазваляе ім заставацца проста прадаўцамі.

Фармацевт_1.jpg

“Малая механізацыя” ў аптэцы – апарат для фасоўкі.


У самаробным альбоме, які днямі прынесла ў рэдакцыю газеты Вера Чапёлкіна, захаваліся старыя фотакартачкі, на якіх адлюстраваны працэс прыгатавання, фасоўкі і продажу лякарстваў. На пажоўклых ад часу фотакартках электрамяшалкі, апараты фільтрацыі ін’екцыйных раствораў, шпрыцоў-дазатараў для вадкасцей, тытравальная ўстаноўка і іншыя прыстасаванні, што выкарыстоўваліся для механізацыі працы асістэнта, забеспячэння большай дакладнасці і надзейнасці, а таксама для аблягчэння працы фармацэўта. Пра ўсё гэта студэнты медустаноў даведваюцца з гісторыі развіцця медыцыны і фармацыі.

Па сведчанні маіх суразмоўцаў, сёння ў аптэкі, якія знахо-дзяцца на перыферыі, звяртаюцца больш як 100 наведвальнікаў у дзень. Не кожны прыходзіць з рэцэптам, выпісаным урачом, многія просяць лякарствы ад хвароб, дыягназ для якіх часам самі сабе паставілі. Таму фармацэўты або самі кансультуюць пакупнікоў перш чым прадаць лекі, або раяць уважліва прачытаць анатацыю. Калі патрэбнага прэпарата няма ў аптэцы, то праз інтэрнэт можна пашукаць яго ў іншых дзяржаўных аптэках, што фармацэўты і робяць часцяком. А каб радзей хварэць, то ў кожнай такой установе вам прапануюць прафілактычныя меры і шырокі выбар вітамінаў і мікраэлементаў, біялагічна актыўных дабавак.

Аптека_Сморгонь.jpg

Ніна БУГАЙ і яе калега, малады спецыяліст Ілья МУКАСЕЙ.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара і з архіва В. ЧАПЁЛКІНАЙ. 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений