Танцуй пад сваё

Год малой родины
29.07.2019 10:11
739
Сёлета Смаргонскі раён прапануе да ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі народную музыку пад назвай “Традыцыйны музычна-інструментальны выканальніцкі стыль смаргонскага міжрэчча Віліі і Гальшанкі”. Набор, на першы погляд, складаных слоў і паняццяў насамрэч тоіць у сабе нешта да глыбіні душы знаёмае, роднае і простае. Гэта народная музыка, пад якую танцавалі нашы дзяды і прадзеды, музыка, якая з 1990-х гадоў стала незапатрабаванай з-за разбуральных наступстваў урбанізацыі, а сёння, дзякуючы руплівай працы яе носьбітаў, адраджаецца і атрымлівае новае дыханне.

Пра гісторыю традыцыйнай музыкі на Смаргоншчыне мы гутарым з метадыстам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Аленай Бобінай.

- Народнае інструментальнае выканальніцтва суправаджала вольны час мясцовых сялян ХХ стагоддзя, - удакладняе наша суразмоўца. - На тэрыторыі смаргонскага міжрэчча Віліі і Гальшанкі народная інструментальная музыка актыўна развівалася на пачатку ХХ стагоддзя, адчула сапраўдны росквіт у 1940-1960-х гадах і працягвала існаваць да 1980-х – пачатку 1990-х гадоў, калі шматлікія і разнастайныя ансамблі народных музыкаў яшчэ былі жывой з’явай мясцовай культуры.

\старый музыкант 1.jpg

Вяселле ў Жодзішках (канец 40-х гадоў)


Гэта музыка ў асноўным танцавальная, з элементамі імправізацыі, вельмі рытмічная, меладычная, камерная, выконвалася весела, бадзёра і ўпэўнена, а музыканты маглі хутка пераходзіць з адной мелодыі на другую. Выканаўцы – музыкі-самавучкі, якія гралі для невялікай аўдыторыі ў вясковых хатах на вяселлях і на танцах. Свой музыкант-саліст або ансамбль быў амаль у кожнай вёсцы.

старый музыкант.jpg

Ян ГУДОВІЧ (канец 40-х гадоў)


Часам у калектыве гралі музыкі з суседніх вёсак. Такія ансамблі называліся капэламі. На Смаргоншчыне іх было шмат. Яны складаліся з саліруючай, вядучай мелодыю скрыпкі, часам – узмоцненай кларнетам; акампануючага, гарманізуючага мелодыю гармоніка ці акардэона; рытмізуючага музычную фактуру барабана. Такая капэла – якасны прыклад феномена так званай «траістай музыкі» - усходнееўрапейскага трохсастаўнага музычна-інструментальнага камернага гурту для суправаджэння традыцыйных танцаў і абрадаў. У 1990-я гады выканальніцкую традыцыю капэлы траістай музыкі пераняў мультыінструменталіст, смаргонец Чэслаў Жых (кіраўнік узорнага ансамбля народнай музыкі “Гулянок”) ад народнага музыканта Уладзіслава Будзько «з рукі на руку» .

IMG_0257.JPG

- А што гэта значыць – “з рукі на руку”?

- Методыка перадачы элемента “з рукі на руку” захавалася з пачатку ХХ стагоддзя. Найгрышы перадаюцца ад носьбітаў да іх вучняў шляхам вуснага пераймання на ўсіх інструментах. Іграючы на слых, пераемнік актывізуе больш слыхавы і разумовы апарат, паглыбляецца ў музычны матэрыял і запамінае яго. Фарміраванне музычна-слыхавых уяўленняў найбольш інтэнсіўна ажыццяўляецца на яскравым музычным матэрыяле. Развіваць эмацыянальную спагадлівасць да музыкі, уменне думаць музычнымі вобразамі – значыць ствараць моцны фундамент для далейшага творчага развіцця.

- Дзе сёння гучаць смаргонскія найгрышы?

- У Смаргоні і ў Жодзішках, дзе працуюць пераемнікі традыцыі, а таксама ў іншых вёсках, напрыклад, жыхары Крэва, Сінькоў, Вішнева, Валэйкавічаў ведаюць і любяць гэту музыку. Найгрышы гучаць на вяселлях, сямейных святах, на народных і дзяржаўных святкаваннях, вечарынах і конкурсах побытавых танцаў, носьбіты ўдзельнічаюць у разнастайных канцэртных праграмах раённых святаў, шматлікіх рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях.

IMG_7152.JPG

Сёння традыцыйны музычна-інструментальны выканальніцкі стыль смаргонскага міжрэчча Віліі і Гальшанкі (у народзе – смаргонскія найгрышы) складаецца з шэрагу мелодый, частка з якіх актыўна выкарыстоўваецца, другая частка захавалася ў форме аўдыязапісаў і знаходзіцца ў стадыі вывучэння, расшыфроўкі і асваення.

Дарэчы, на гэты час у раёне налічваецца 14 носьбітаў элемента, а таксама 11 вучняў і пераемнікаў.

Традыцыйны музычна-інструментальны выканальніцкі стыль смаргонскага міжрэчча Віліі і Гальшанкі – гэта ўзор самабытнага музычна-інструментальнага выканальніцкага лакальнага стылю этнічнай музыкі беларусаў. 3’яўляючыся выбітнай культурнай каштоўнасцю, ён на высокім узроўні прэзентуецца праз творчасць выдатных носьбітаў аўтэнтычных музычна-інструментальных традыцый Гродзенскага Панямоння ў лакальнай частцы міжрэчча Віліі і Гальшанкі – удзельнікаў узорнага ансамбля народнай музыкі «Гулянок» і ўзорнага фальклорнага калектыву «Нальшчаначка».

- Як успрымае смаргонскія найгрышы публіка?

- Мы ствараем умовы для таго, каб смаргонскія найгрышы змаглі зноў гучаць у традыцыйным для сябе асяроддзі - на вяселлях і святах. Музычна-інструментальныя калектывы, якія з’яўляюцца носьбітамі традыцыі, суправаджаюць рэгістрацыі шлюбаў і вясельныя святкаванні, што становіцца папулярным сярод моладзі, якая шануе і паважае традыцыйную культуру. Народная музыка дорыць шмат пазітыўных эмоцый больш сталым удзельнікам свята, бо ўзгадвае іх вясёлую маладосць. Таму знаўцы і аматары народнага фальклору, нацыянальныя патрыёты і ўсе беларусы, якія разумеюць, што без карэння дрэва не будзе трывала стаяць на зямлі, мы сёння маем магчымасць арганізаваць сваё свята ў традыцыйным стылі і не толькі цудоўна правесці час, але і дакрануцца да жывой спадчыны сваіх продкаў, адчуць яднанне з імі. Мы маем заслужанае права ганарыцца сваім народам і сваёй унікальнай, багатай, самабытнай нацыянальнай культурай.

Гутарыла Галіна АНТОНАВА.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений