Дарога да храма: Пост – не мэта, а спосаб наблізіцца да Бога

Духовность
14.03.2019 15:22
258
Гродзеншчына, як ніякі іншы рэгіён Беларусі, славіцца ідэальным балансам каталіцкіх і праваслаўных вернікаў: іх колькасць прыкладна аднолькавая. Даўно ўжо смаргонцы, у сем’ях якіх часта можна сустрэць прадстаўнікоў абодвух веравызнанняў, прывыклі, што галоўныя ўрачыстасці адзначаюцца не па адным разе. А перад Вялікаднём і католікі, і праваслаўныя перажываюць Вялікі пост. Як правільна паводзіць сябе і на што звярнуць асаблівую ўвагу ў гэты час, мы спыталі настаяцеля храма Праабражэння Гасподня протаіерэя Анатоля Рэзановіча і настаяцеля парафіі Святога Міхала Арханёла ксяндза Алега Жураўскага.

Церковь Сморгонь2.JPGКаноны праваслаўныя

“Пакаянне з’яўляецца пачаткам і галоўнай умовай хрысціянскага жыцця, - пачынае айцец Анатоль Рэзановіч. - У праваслаўнай царкве пакаянны перыяд Вялікага посту – гэта час, калі кожнай веруючай душы Божай міласэрнасцю даецца асаблівая магчымасць абудзіцца ад грахоўнага сну, паглыбіўшыся ў сваё сэрца, перамагчы грэх і гэтым зрабіць сябе прыстанкам Святога Духу”.

Святая Чатырохдзясятніца пачынаецца з сырапуснай нядзелі. А першая сядміца Вялікага посту адзначаецца асаблівай строгасцю і працягласцю богаслужэнняў. З панядзелка па чацвер на вялікіх Павячэр’ях ужо на працягу 1300 гадоў чытаецца Пакаянны канон Святога Андрэя Крыцкага. 

“Трэці тыдзень Вялікага посту – крыжапаклонны. Мы выносім крыж на сярэдзіну храма і стараемся больш засяродзіцца на пакутах Хрыста,” - працягвае тлумачыць праваслаўныя традыцыі айцец Анатоль. Асаблівы час таксама – перадвелікодны тыдзень, кожны дзень якога мае сваё адметнае значэнне. Ён пачынаецца Вербнай нядзеляй. У Вялікі Чацвер мы здзяйсняем чын амавення ног, чытаем Евангелле Пакутаў з дванаццаці частак. У Вялікую Пятніцу – выносім Плашчаніцу. Вялікая Субота – дзень смутку, суперажывання.

“Пост цялесны і пост духоўны не могуць ісці асобна”, - нагадвае вернікам настаяцель. “Пост цялесны патрэбны для ўтаймавання плоці, каб умацаваць дух. Без духоўнай часткі будзе ўжо не пост, а дыета”. Айцец Анатоль расказаў, што здаўна ёсць такая традыцыя: праваслаўныя змяншаюць колькасць прадуктаў на сваім стале, каб сэканомленыя грошы ахвяраваць патрабуючым. 

“Чалавек увесь год павінен праяўляць любоў, міласэрнасць, але ў пост на гэтым трэба сканцэнтравацца яшчэ больш”.

Костел Сморгонь.JPGПасцім па-каталіцку

“Каб зразумець, як мы павінны перажываць Вялікі пост, трэба спачатку зразумець, што гэта такое. Падчас Адвэнту мы радасна чакалі нараджэння Збаўцы, а Вялікі пост – гэта час пакаяння. Мы разважаем над мукай і смерцю Хрыста”, - расказвае ксёндз Алег. Святар нагадаў, што ў Евангеллі ў першую нядзелю Вялікага посту расказвалася пра выхад Хрыста ў пустыню. І мы павінны асацыіраваць свой саракадзённы пост з гэтым часам, які Езус правёў у аддаленні ад людзей. Успамінаючы спакусы, якімі д’ябал выпрабоўваў Бога, мы павінны звярнуць увагу на свае штодзённыя спакусы, якім паддаемся. Вялікі пост – гэта час, калі мы разважаем над мукай Пана і знаходзім у сабе сілы прызнаць, як біблейскі мытнік“Божа, я грэшны”. “Важна ўсведамляць, - працягвае ксёндз Алег, - што мука Хрыста – гэта не абстракцыя. Ён памёр канкрэтна за мяне. Гэтая ахвяра была складзена з любові менавіта да мяне. Удзел у асаблівых вялікапосных набажэнствах – песнях жальбы, Дарозе Крыжовай – дапамагае нам глыбей зразумець, якая вялікая ласка нам дадзена. Мы можам пачаць выпраўляць жыццёвыя памылкі толькі тады, калі бачым гэты Боскі Свет з аднаго боку, а сваю недасканаласць - з другога”.

Важна таксама перажыць пост з некаторым утаймаваннем плоці. Гэта могуць быць пэўныя пастанаўленні, якія дапамогуць паглыбіцца ў духоўную барацьбу і стаць новым чалавекам: напрыклад, адмова ад прагляду тэлевізара, ад любімых страў, забаў. Час, які вызваляецца, добра прызначыць для дапамогі бліжнім. Настаяцель звярнуў увагу, што дапамога бліжняму можа быць малітоўнай ці матэрыяльнай. Дапамагчы беднай сям’і, наведаць хворага ці адзінокага чалавека, правесці больш часу з блізкімі, якім асабліва патрэбна наша ўвага. Гэта вельмі дапаможа з поўнай радасцю ўвайсці ў Велікодны час.

Час, які мы цяпер перажываем, - добрая нагода адмовіцца ад шкодных звычак. Самыя строгія моманты посту – Папяльцовая серада і Вялікая Пятніца. У гэтыя дні дазваляецца толькі адзін раз наядацца дасыта і рэкамендуецца больш часу ўдзяліць духоўным разважанням. Як і ўвесь год, поснымі днямі з’яўляюцца пятніцы. 

“Я ўжо казаў, што вельмі добра, калі чалавек бярэ асабістае пастанаўленне штосьці рабіць або не рабіць у пост. Але важна помніць, што сэнс не ў тым, каб нічога не есці, а ў тым, каб звярнуцца да Бога. Можна сорак дзён правесці на хлебе і вадзе, але ні на крок не наблізіцца да Бога”, - сцвярджае ксёндз Алег.

Падчас посту ёсць і святочныя дні. У католікаў гэта Вербная нядзеля, урачыстасць святога Юзафа і Звеставанне. У гэтыя дні мы выказваем шчырую радасць, але памятаем, што пост працягваецца. У многіх людзей на гэты час прыпадаюць сямейныя святы. Можна павіншаваць імянінніка, сабрацца за святочным сталом, але таксама не забываем пра асаблівы час. Аднак ёсць яшчэ адзін момант. Хрысціянін не павінен усім сваім выглядам кожную хвіліну паказваць, што ён пасціцца. Гэта павінны бачыць перш за ўсё не людзі, а Бог.

Віялета ВОЙТКА.

Фота з архіва сайта.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений