Лета ў «Берандзеі». Сцежкамі бацькаўшчыны

Детский отдых летом
19.07.2019 16:23
491

Вандроўкі, падарожжы… Дзякуючы ім ішло развіццё чалавецтва. Падарожжа дае чалавеку магчымасць не толькі пашыраць кругагляд, займець новых знаёмых, але адпачыць ад штодзённасці і атрымаць зарад бадзёрасці. Не выпадкова дні, праведзеныя ў падарожжах, захоўваюцца ў нашай памяці як самыя шчаслівыя, і туды мы вяртаемся ў сваіх думках і аповедах. А калі падарожнічаць па родным краі і любай Беларусі – гэта ўдвая прыемна. Менавіта таму ў ліпені 40 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў вырашылі правесці незабыўныя дні ў палатачным турысцка-краязнаўчым лагеры «Берандзей». У склад трох груп увайшлі гурткоўцы Смаргонскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і навучэнцы школ раёна.

На працягу дзевяці дзён юныя вандроўнікі прайшлі рознымі маршрутамі роднага краю. Група гісторыкаў-падарожнікаў пад кіраўніцтвам Вольгі Белячыц і Вадзіма Ануфрыева пабывала на азёрах Тушча і Свір, наведалася ў горад Брэст.

Групы, якія апякалі Аляксандр Буко, Віктар Тухто, Яўген Дзевяцень і Наталля Шасцеракова, прайшлі ад Смаргоні да вёскі Вайнідзеняты з наведваннем мемарыяла памяці ахвяр і салдат Першай сусветнай вайны, мемарыяла «Пераправа», пабывалі ў в. Чарняты, дзе захаваліся абарончыя ўмацаванні часоў Першай сусветнай вайны. На працягу 9-ці дзён дзеці атрымлівалі практычныя навыкі па тэхніцы турызма, арыентаванню на мясцовасці, выкарыстанню турысцкага рыштунка. Заняткі на скаладроме, паласа перашкод, майстар-классы ад бывалых турыстаў – усё гэта чакала ўдзельнікаў лагера.

Але самымі запамінальнымі сталі падрыхтоўчыя заняткі на байдарках і наведванне Мінска, атракцыёнаў у парку Чалюскінцаў. Акрамя паходаў, экскурсій і практычных заняткаў па краязнаўстве і турызму дзяцей чакалі розныя прыгоды, конкурсы і спаборніцтвы: сустрэча з Берандзеем, пасвячэнне ў “берандзяты”, начное арыентаванне, футбол, жартоўны піянербол, шашкі, армрэстлінг, дартс, “Форт Баярд па-берандзейску”, скаўцкія і турысцкія гульні, песні ля вогнішча. Хутка праляцелі дні, праведзеныя ў лагеры. Шмат цікавага і карыснага даведаліся дзеці. У сумеснай працы, у агульных перажываннях паходных падзей нарадзіліся сяброўская падтрымка і ўзаемадапамога.

Турызм і краязнаўства – справа клапатлівая, а часам і рызыкоўная. Але менавіта яны пазбаўлены славеснасці, кніжнасці і падмацаваны асабістым вопытам дзяцей, а значыць даюць жаданы вынік. А наперадзе нас чакаюць новыя вандроўкі па краіне.

1.jpg

2.jpg

3.jpg

Аляксандр БУКО,

дырэктар палатачнага  турысцка-краязнаўчага лагера “Берандзей”,

метадыст аддзела турысцка-краязнаўчай работы

ДУА “Смаргонскі РЦТДМ”.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений