Вучні смаргонскай сярэдняй школы №7 разам са сваімі бацькамі і настаўнікамі наведалі Хатынь

Беларусь помнит!
04.04.2018 16:33
1
2174
«Ніхто не забыты, нішто не забыта…»
Над спаленай вёскай,
Адзетай жалобным гранітам,
Званы абзываюцца
Рэхам вайны незабытым.

Аркадзь Куляшоў.

СШ7 Сморгонь Хатынь2.jpg

22 сакавіка – жалобная дата для ўсяго беларускага народа. Ужо 75 гадоў таму назад фашысцкімі карнікамі была знішчана беларуская вёска Хатынь, якая знаходзілася ў Лагойскім раёне, пад Мінскам. Знішчана разам з яе жыхарамі. Гітлераўцы не пашкадавалі нікога: ні старых, ні дзяцей, ні жанчын. 179 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей, малодшаму з якіх было ўсяготолькі сем тыдняў, згарэлі жывымі ў гумне. А тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі ва ўпор з аўтаматаў.

Зараз на месцы гэтай вёсачкі размешчаны мемарыяльны комплекс у памяць аб нявінных ахвярах вайны.

Сюды, у Хатынь, напрыканцы сакавіка і накіраваліся вучні 5«В», 6«А» і 6«Г» класаў разам з класнымі кіраўнікамі і бацькамі, каб яшчэ раз пакланіцца хатынцам, чыё жыццё абарвалася так трагічна.

СШ7 Сморгонь Хатынь3.jpg

СШ7 Сморгонь Хатынь4.jpg

Дзень выдаўся сонечны. Але настрой ва ўсіх быў не зусім вясёлы, бо мы ведалі, што накіроўваемся ў такое месца, дзе пануе смутак і боль, дзе паветра напоўнена жалем і горыччу. Многія з вучняў ехалі сюды ўпершыню, таму адчувалі незвычайнае хваляванне: убачаць на свае вочы тое месца, пра якое чыталі не адзін раз у кнігах або чулі ад бацькоў ці настаўнікаў.

І вось мы ўжо ў Хатыні. Нас прыветна сустракае экскурсавод і вядзе па асфальтаванай дарозе ў былую вёску. Далей дарога пераходзіць у брук, вымашчаны няроўным каменнем. Па словах экскурсавода, многія з наведвальнікаў скардзяцца на такія нязручнасці, але брукаваная вуліца была спецыяльна задумана аўтарамі мемарыяла. Асцярожна ступаючы па камянях, кожны чалавек яшчэ раз схіляе галаву перад ахвярамі вайны.

У гэтым сапраўды святым куточку Беларусі, куды прыязджаюць людзі з розных краін свету, своеасаблівая цішыня, якую парушаюць жалобныя хатынскія званы. Яны адначасова кожныя трыццаць секунд нагадваюць усім прысутным пра зверствы фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Адразу нашу ўвагу прыцягнула бронзавая скульптура «Няскораны чалавек». Скульптура была ўстаноўлена ў памяць пра жыхара вёскі Iосіфа Камінскага, які, нягледзячы на страшныя раны, выжыў, але не змог выратаваць сына, які памёр у яго на руках. Апошняе, што спытаў сын у бацькі: «Што з мамай?» Дарэчы, Камінскі пражыў пасля вайны трыццаць год. Ён не адзін раз наведваўся на папялішча роднай вёскі.

Непадалёку ад скульптуры знаходзіцца дах гумна, у якім згарэлі хатынцы, і брацкая магіла.

Жудасна выглядаюць месцы, дзе некалі было 26 хат, а зараз – толькі шэрыя коміны са званамі ў версе. Увогуле, тут паўсюль – шэры колер, колер попелу, колер вайны.

А яшчэ мы даведаліся, што на тэрыторыі комплексу знаходзіцца адзіны ў свеце могільнік вёсак, якія былі знішчаны гітлераўцамі і не адбудаваны пасля вайны. Розныя назвы вёсак, але аднолькавы іх лёс.

Слёзы спачування і болю былі бачны на вачах дзяцей і дарослых, калі экскурсавод расказвала пра лагеры смерці. Ніхто не застаўся раўнадушным да аповеду пра тое, як у адным з такіх лагераў хлопчыкаў і дзяўчынак выкарыстоўвалі ў якасці донараў для фашысцкіх салдат. За кусочак цукру дзеці плацілі ўласным жыццём.

Напрыканцы падышлі да Вечнага агню, які з’яўляецца сімвалам загінуўшых жыхароў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Стоячы тут, мы ўсе, і дарослыя, і дзеці, яшчэ раз аддалі даніну памяці ўсім ахвярам вайны.

Пакуль мы, нашчадкі, будзем помніць пра ўсе жахі вайны, пакуль будзем наведваць гэтыя святыя мясціны, не будзе «ніхто не забыты, нішто не забыта… » І ў нашых сілах зрабіць усё, каб больш такая жудасная трагедыя не паўтарылася.

Валянціна ВАЙНІЛКА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №7 г.Смаргоні.

Фота аўтара.

Поделиться:

0
Вайнілка Валянціна
Вялікі дзякуй
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений