Лесу таксама патрэбны майстры

Природа и экология
02.11.2014 16:40
1001
Падчас наведвання гадавальніка.
Сёлета Смаргонскаму доследнаму лясгасу споўнілася 75 гадоў. У 1961 годзе яго цэнтральная сядзіба перамясцілася ў Смаргонь, а праз восем гадоў пасля гэтага быў заснаваны рэгіянальны базісны гадавальнік. Сёння гэта адзін з буйнейшых у рэспубліцы цэнтраў па вырошчванні лесапасадачнага матэрыялу і дэкаратыўных культур. У рэйтынгу гадавальнікаў, што ладзяцца штогод...
Падчас наведвання гадавальніка. Падчас наведвання гадавальніка.

Сёлета Смаргонскаму доследнаму лясгасу споўнілася 75 гадоў. У 1961 годзе яго цэнтральная сядзіба перамясцілася ў Смаргонь, а праз восем гадоў пасля гэтага быў заснаваны рэгіянальны базісны гадавальнік. Сёння гэта адзін з буйнейшых у рэспубліцы цэнтраў па вырошчванні лесапасадачнага матэрыялу і дэкаратыўных культур. У рэйтынгу гадавальнікаў, што ладзяцца штогод Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, смаргонцы занялі летась першае месца, а іх прадпрыемства атрымала ганаровае званне “Узорны гадавальнік”. У гэты чароўны куток пад Смаргонню часта наведваюцца не толькі пакупнікі саджанцаў, прафесіяналы і аматары-дызайнеры, але і цікаўныя экскурсанты. А на мінулым тыдні сюды завіталі спецыялісты-лесаводы, праўда, не на экскурсію, а па вопыт.


На абласны семінар “Сучасныя тэхналогіі вырошчвання пасадачнага матэрыялу. Асноўныя кірункі развіцця гадавальных гаспадарак” былі запрошаны галоўныя ляснічыя, інжынеры па лесааднаўленні, кіраўнікі гадавальнікаў іншых лясгасаў Гродзеншчыны. Галоўны ляснічы лясной гаспадаркі вобласці Эдуард Лігер пасля кароткага ўступнага слова прапанаваў “семінарыстам” наведацца ў Смаргонскі базісны гадавальнік, каб на свае вочы пабачыць вынікі і маштабы дзейнасці спецыялістаў і працаўнікоў лясгаса па вырошчванні пасадачнага матэрыялу, азнаёміцца з новымі прагрэсіўнымі тэхналогіямі, якія тут выкарыстоўваюцца.
Начальнік гадавальніка Аляксей Грышкевіч расказаў гасцям пра сённяшні дзень і перспектывы развіцця гэтага структурнага падраздзялення лясгаса. Прысутных уразілі шырокія “плантацыі” саджанцаў елак, сасны, некаторых лісцевых парод дрэў, а найбольш - прыгожыя пасадкі дэкаратыўных раслін: туі, кіпарыса, ядлоўцу, кустоў для жывой агароджы. Аляксей Францавіч падзяліўся вопытам вырошчвання гэтых спецыфічных раслін, асаблівасцямі прымянення мінеральных і арганічных удабрэнняў, метадамі абароны насення і саджанцаў ад хвароб і шкоднікаў. Агульная плошча гадавальніка - амаль 44 га. Тут вырошчваецца, акрамя лясных раслін і такой запатрабаванай у суседняй Расіі бярозы, больш за сотню відаў і формаў дэкаратыўных саджанцаў. Сёлета ад рэалізацыі пасадачнага матэрыялу атрымалі 827,6 млн. рублёў.
У семінары бралі ўдзел прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта: загадчык кафедры лясных культур і глебаведання Вадзім Носнікаў і старшы выкладчык кафедры Андрэй Юрэня. Яны выказвалі шмат карысных парад і адначасова цікавіліся вынікамі прымянення ўдабрэнняў і прэпаратаў супраць лічынак шкодных насякомых у тых, хто мае практычны вопыт дзейнасці на такіх буйных пляцоўках па вырошчванні лясных і паркавых саджанцаў.
Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з экспанатамі на разгорнутых тут жа выставах сучасных матэрыялаў для цяпліц і спецыяльнай лясной тэхнікі. Самыя дасціпныя паспяшылі праверыць на справе прапаноўваемыя прылады працы (на фота). Хтосьці браў дзеля ўзору кавалачкі навейшага полікарбанату для пакрыцця парнікоў і цяпліц.
У другой палове дня ўдзельнікі абласнога семінара заслухалі справаздачу вядучага інжынера па лесааднаўленні і меліярацыі І. В'юновай аб выкананні праграмы развіцця лясных гадавальнікаў і задачах на 2015 год. Галоўнымі практычнымі кірункамі супрацоўніцтва ў галіне лесагадавльнай гаспадаркі падзяліўся В. Носнікаў.


Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений