Параўноўваючы мовы

Культура
31.07.2015 09:04
1156
Падчас майго нядаўняга гасцявання ў Маскве сярод іншых гаспадыніных кніг я ўбачыла малітоўнік для праваслаўных хрысціянаў і збольшага пазнаёмілася з літургічнымі і рэлігійнымі тэкстамі, змешчанымі ў ім. Знайшла шмат падобнага, як і адрознага, з каталіцкімі малітвамі. Але гутарка цяпер не аб тым – мяне зацікавіла іншае.

У канцы малітоўніка надрукаваны невялікі...
Падчас майго нядаўняга гасцявання ў Маскве сярод іншых гаспадыніных кніг я ўбачыла малітоўнік для праваслаўных хрысціянаў і збольшага пазнаёмілася з літургічнымі і рэлігійнымі тэкстамі, змешчанымі ў ім. Знайшла шмат падобнага, як і адрознага, з каталіцкімі малітвамі. Але гутарка цяпер не аб тым – мяне зацікавіла іншае.

У канцы малітоўніка надрукаваны невялікі перакладны слоўнік з царкоўнаславянскай мовы на сучасную рускую. Як вядома, царкоўнаславянская – гэта літаратурная мова, пашыраная ў большасці славянскіх народаў у 11-17 стагоддзях. Утварылася яна ў выніку пра-нікнення ў стараславянскую мову 10-11 стагоддзяў фанетычных, граматычных і лексічных элементаў жывых славянскіх моў, таму была больш зразумелая ў параўнанні са стараславянскай.
Але з таго часу многія словы таксама ўстарэлі, і на змену ім прыйшлі сучасныя рускія. Прывяду некалькі прыкладаў з таго слоўніка:
Бо – ибо, потому что.
Деля – для.
Неделя – воскресенье, когда «не делают» обычных работ, во исполнение четвертой заповеди.
Ниц – вниз, лицом в землю.
Тыя – те.
Як бачым, малазразумелыя словы ў сучаснай рускай мове добра зразумелыя ў сучаснай жывой, народнай і літаратурнай беларускай мове, захаваліся да нашых дзён і не ўстарэлі. Яны ўзніклі не пазней як у 11-17 стагоддзях, што пацвярджае старажытнасць паходжання беларускай мовы.
І яшчэ цікавы факт. Чытаючы ў арыгінале аповесць польскага пісьменніка Генрыка Сянкевіча “Патоп” (напісана ў 1884-1886 гадах), я натрапіла на слова “пасОка” (pasoka), што значыць “кроў”: “…вымазаныя людской пасокай твары”. Слова “пасока” можна было пачуць у маёй роднай вёсцы ад старых людзей нават у сямідзясятыя гады ХХ стагоддзя. Мой дзядзька Станіслаў 1899 года нара-джэння казаў: “Жонка напякла бліноў-цыганоў з пасокі” – цёмна-карычневых бліноў з дабаўленнем у іх крыві. Або: “Люблю поліўку са свіной пасокі.”
У польскім арфаграфічным слоўніку 1959 года выдання і ў руска-польскім слоўніку 1968 года слова “пасока” адсутнічае. Значыць яно малаўжывальнае, устарэлае ці дыялектнае. Але дажыло ў беларускай мясцовай гаворцы маіх землякоў амаль да канца мінулага стагоддзя, калі яго носьбіты яшчэ жылі.
Параўноўваць, супастаўляць словы з розных моў, даведвацца пра іх паходжанне, будову – гэта мой любімы занятак.
Параўнальна-гістарычнае даследаванне моў прыносіць вялікую карысць мовазнаўчай навуцы і шырока праводзіцца як нашымі, так і замежнымі мовазнаўцамі.
Веданне адной мовы спрыяе вывучэнню другой, а страта адной мовы наносіць шкоду ўсёй навуцы аб мовах, чаго нельга дапусціць.

Леанарда АЛЯШЭВІЧ,
былая настаўніца беларускай
мовы і літаратуры.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений