ФОТАРЭПАРТАЖ: Ашмянскі раён гасцінна прымаў журналістаў Гродзеншчыны

Культура
12.06.2017 16:29
На мінулым тыдні Ашмянскі раён гасцінна прымаў журналістаў Гродзеншчыны, якія завіталі сюды, каб паўдзельнічаць у прэс-туры па знакавых мясцінах, які быў арганізаваны раённай газетай “Ашмянскі веснік”. На запрашэнне калег з суседняга раёна смаргонскія журналісты ветліва адгукнуліся. Па-першае, было цікава ўласнаручна дакрануцца да гісторыі суседняга раёна, якая так удала дапаўняе гісторыю Смаргоншчыны і цесна з ёй пераплятаецца. Па-другое, прэс-аўтапрабег, арганізаваны ашмянцамі, – гэта працяг традыцыі, пачынальнікамі якой у мінулым годзе стала рэдакцыя газеты “Светлы шлях”. Нагадаю, што ў маі 2016-га па Смаргонскаму раёну пракаціўся доўгі картэж машын с журналістамі, якія прынялі ўдзел у прэс-туры “Ад Кушлянаў да Залесся”.

Праграма, падрыхтаваная арганізатарамі, была вельмі разнастайнай і насычанай. Журналісты пабывалі ў тых мясцінах, аповед пра якія не проста ўвайшоў у летапіс Ашмянскай гісторыі. Некаторыя падзеі, якія тут калісьці адбываліся, сталі лёсавызначальнымі для гэтага кутка Гродзеншчыны.

Музей

“Ашмянская гісторыя – гэта таксама наша гісторыя,” – падобныя думкі не маглі не ўзнікнуць падчас наведвання “Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф. К. Багушэвіча”. Знакамітага паэта і актыўнага грамадскага дзеяча сваім лічаць не толькі ў Смаргоні, але і ў Ашмянах. Тэма яго творчасці чырвонай ніццю праходзіць праз многія залы музея, у кожнай з якіх на сценах напісаны радкі з верша Багушэвіча “Мая дудка”. У музеі сабраны калекцыі, прысвечаныя жыццю і творчасці паэта-дэмакрата. Тут можна ўбачыць яго выданні твораў і асабістыя рэчы: вазу, гадзіннік, кансоль і многае іншае.

Цікавую экскурсію па залах музея правяла яго дырэктар Настасся Навіцкая, якая, дарэчы, была нашым гідам на працягу ўсёй вандроўкі па Ашмяншчыне і вяла цікавейшы аповед пра гіторыю гэтага краю.

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_25.jpg

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_24.jpg

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_22.jpg

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_23.jpg

Сінагога

Недалёка ад музея знаходзіцца сінагога 19 стагоддзя. У параўнанні з іншымі яўрэйскімі храмамі, якія раскіданы па тэрыторыі Беларусі, гэты будынак нядрэнна захаваў свой першапачатковы інтэр’ер. Сёння тут можна ўбачыць багаты роспіс сцен і зводаў.

Сінагога была зачынена ў 1940 годзе і доўгі час выкарыстоўвалася як склад. Дакументальнае пацверджанне таго, што ў Ашмянах былі яўрэі, датуецца яшчэ 17 стагоддзем. Ёсць дадзеныя, што ў 1880 годзе іх было каля дзвюх з паловай тысяч. Тут працавалі 4 сінагогі і 1 хедар (яўрэйская школа).

Нам пашчасціла з экскурсаводам. Настасся Васільеўна расказала не толькі пра сінагогу, але і пра людзей – сучаснікаў гэтага будынка. Адно з самых легендарных імёнаў таго часу - Мардэхай Разенблат, які ў канцы 19 стагоддзя з’яўляўся ашмянскім равінам. Гэты чалавек валодаў небывалай працаздольнасцю і настойлівасцю. Людзі лічылі яго мудрацом і цудатворцам, таму многія звярталіся да яго за парадай і нават благаслаўленнем. Вядома, што ў 1904 годзе равін прыняў запрашэнне ад дэлегацыі са Слоніма ўзначаліць абшчыну гэтага горада. Жыхары тагачасных Ашмянаў стараліся перашкодзіць пераезду Мардэхая Разенблата, а таму вакол яго дома выстраілі варту. Але ў дажджлівую ноч равіна ўсё ж  выкралі і перавезлі ў Слонім. А на Ашмяншчыне і сёння прыгадваюць мноства легендаў, звязаных з імем гэтага чалавека.

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_21.jpg

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_20.jpg

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_19.jpg

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_18.jpg

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_17.jpg

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_16.jpg

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_15.jpg

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_13.jpg

Баруны

Аграгарадок Баруны вядомы касцёлам Святых Апосталаў Пятра і Паўла, пабудаваны ў 1757 годзе. Храм – яркае ўвасабленне архітэктуры так званага «віленскага» барока. Касцёл вядомы далёка за межамі нашай краіны дзякуючы сваім двум унікальным адметнасцям. Па-першае, пад магутнымі зводамі храма знаходзіцца цудатворны абраз Божай Маці, створаны ў 17-м стагоддзі. Абраз Маці Божай Барунскай - адзін з шырока шанаваных каталіцкіх святынь Беларусі. Ад мясцовых жыхароў можна пачуць нямала рэальных пацверджанняў таго, як малітвы, складзеныя ля цудатворнага абраза, дапамагалі людзям, загартоўвалі раны і вылечвалі ад многіх хвароб. І пацверджаннем гэтага з’яўляюцца шматлікія воты – залатыя і срэбраныя медальёны, пакінутыя вернікамі як падзяку за вылячэнне.

Другая адметнасць храма – наяўнасць святой крыніцы. Прыхаджанка храма паведала нам, што па хімічнаму саставу гэта вада не мае аналагаў на тэрыторыі постсавецкай прасторы. Кожны, хто хоць аднойчы яе набіраў, мог заўважыць, што вада доўгі час не псуецца і можа захоўвацца каля года.

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_14.jpg

Цюпішкі

Недалёка ад вёскі Цюпішкі знаходзіцца пункт геадэзічнай Дугі Струве. Гэта дуга складаецца з 265 пунктаў, якія ўяўляюць сабой закладзеныя ў зямлю каменныя кубы. Агульная яе працягласць – каля 3000 км, і праходзіць яна праз мноства Еўрапейскіх краін. У 19 стагоддзі Дуга Струве стваралася для таго, каб дакладна ўстанавіць памеры і вызначыць форму Зямлі. Пагорак, на якім знаходзіцца пункт геадэзічнай дугі, з’яўляецца адной з самых высокіх кропак Беларусі. Сёння пункт Цюпішкі занесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_12.jpg

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_9.jpg

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_8.jpg

Гальшаны

Аграгарадок Гальшаны стаў апошняй кропкай нашага маршруту. Тут нам давялося наведаць адразу некалькі цікавых помнікаў архітэктуры: касцёл Св. Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў, Свята-Георгіеўскую царкву і замак Паўла Стэфана Сапегі.

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_7.jpg

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_3.jpg

Напэўна, няма на карце Беларусі месца больш таямнічага і загадкавага, чым Гальшаны. Легенды пра Белую панну і Чорнага манаха, якія быццам і сёння тут блукаюць, сталі неад’емнай часткай беларускай літаратуры і культуры ў цэлым. Гісторыя пра панну звязана з кляштарам, падчас будаўніцтва якога, згодна паданню, увесь час разбуралася адна сцяна. І тады будаўнікі вырашылі прынесці чалавечую ахвяру і замуравалі ў сцяне жонку самага маладога з іх. Лічыцца, што з той пары Белая панна блукае па Гальшанах. І яна – не адзіны прывід, якога трэба баяцца ўначы. Калі верыць паданням, то напаткаць тут можна і Чорнага манаха, і старога млынара.

Белую панну і Чорнага манаха мы насамрэч сустрэлі. Ля сцен замка было арганізавана цікавае прадстаўленне, падчас якога мясцовыя прывіды быццам ажылі і расказалі нам пра свой горкі і няшчасны лёс.

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_2.jpg

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_1.jpg

Асобным радком хочацца сказаць яшчэ і пра Гальшанскі касцёл францысканцаў, пабудаваны ў 1618 годзе ў стылі барока. У параўнанні з касцёлам у Барунах, гэты храм знаходзіцца ў менш прывабным выглядзе і патрабуе рамонту. Айцец Багуслаў – адзіны святар, які сёння служыць у касцёле, робіць усё магчымае, каб адрамантаваць храм і кляштар. Сродкаў патрэбна нямала, а ўсе работы праводзяцца толькі за сродкі прыхаджан. У наступным годзе гэты храм будзе адзначаць сваё 400-годдзе. Для кожнага, хто яшчэ ні разу не быў у Гальшанах, – гэта цудоўная нагода наведаць самы таямнічы куток нашай вялікай Радзімы.

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_6.jpg

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_5.jpg

Айцец Багуслаў.

Сморгонь_Ошмяны_пресс_тур_4.jpg

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений