Вершы пра галоўнае
Культура
31.07.2015 08:56
Калі загаловак гэтага матэрыяла ў вас выклікае асацыяцыі, напрамую прасякнутыя каханнем, бо існуе цыкл “Песень пра галоўнае”, то я вас расчарую. Не пацвярджае, а адвяргае такія высновы тэма творчай сустрэчы, пазначаная як “Летняя рапсодыя любові”. Бо, як вядома, у беларускай мове “любоў” і “каханне” – розныя паняцці: кахаць можна жанчыну,...
Ініцыятарам сустрэчы творчых людзей выступілі ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы”. Яго кіраўнік Людміла Кухарэвіч расказала, што доўгі час суполка існавала пры рэдакцыі раённай газеты “Астравецкая праўда”, а кіравала ёй рэдактар і таленавітая пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў і Саюза журналістаў Ніна Рыбік. З яе дапамогай мясцовыя аўтары выдалі літаратурны альманах. Апошнім часам астравецкія пісьменнікі перайшлі, што называецца, пад крыло раённай бібліятэкі. Людмілу Іванаўну вельмі непакоіць, што цяперашняя моладзь мала цікавіцца літаратурным працэсам, а што да спробы сваіх сіл на гэтым полі дзейнасці, то тут жадаючых усё менш. Таму і ладзіцца з дапамогай яе аднадумцаў шмат мера-прыемстваў, сустрэч у школах, бібліятэках раёна, на якіх прапагандуецца беларуская літаратура, папулярызуюцца творы сучасных аўтараў і тых, хто заняў пачэснае месца класікаў.
У Варняны да аматараў прыгожага слова завітаў вядомы беларускі паэт Мікола Мятліцкі, які на Астравеччыне мае лецішча, і па яго асабістаму шчыраму прызнанню, менавіта гэта зямля дае яму апошнім часам натхненне для напісання новых вершаў. Майстар слова выказаў шмат слушных парад прысутным, прачытаў свае творы, пераважна грамадзянскай лірыкі. Уразілі сваёй творчасцю ашмянскія госці: Ядзвіга Чаплінская, Галіна Даўгашэй, Дзмітрый Радкевіч, Аліна Санюк. А пасля
таго, як прачытала свой верш смаргонская паэтка Вера Вайцюль, уражаны Мікола Мятліцкі яшчэ раз узяў слова, каб падзяліцца з прысутнымі апанаваўшымі яго душу эмоцыямі і пачуццямі.
Гучалі каля старажытнай вежы і песні. Нават вецер сціх, калі заспявала гімн сваёй вёсачцы, “якая ляціць над зямлёю”, галасістая настаўніца з Вароны Марыя Пяшко. Не пакінулі нікога раўнадушнымі паэтычныя радкі Святланы Бацюлевай, настаўніцы з Астраўца, і многіх іншых. Кранулі душу вельмі актуальныя для сённяшняга дня вершы супрацоўніка газеты “Астравецкая праўда” Аляксандра Марозава, якога лёс закінуў у Беларусь з сумна вядомага Дэбальцава.
Спрыяльную для творчых людзей атмасферу дапамагалі ствараць і супрацоўнікі раённага аддзела культуры.
Ала КЛЕМЯНОК.
Фота Яўгена СТРАШЫНСКАГА.
Оставить комментарий
Войти через соцсети