Жыццё… Такое кароткае і такое насычанае

 

Жыццё… Такое кароткае і такое насычанае

Культура
18.08.2019
1073
Калі прыгадваць вядомыя імёны Слонімшчыны, то тут нельга прапусціць Валянціна Таўлая. Паэта, крытыка, перакладчыка, даследчыка літаратуры, грамадска-палітычнага дзеяча, можна сказаць, і нашага газетнага калегу.

У студэнцкія гады жыццёвы і творчы шлях Валянціна Таўлая сталі тэмай для маёй курсавой работы. Калі я яе пісала, увесь час здзіўлялася: наколькі развіты (не па гадах), таленавіты, нераўнадушны, працаздольны быў гэты хлопец. Некалькі разоў ён хадзіў па лязе брытвы, але заставаўся жывы.

Нарадзіўся Валянцін у 1914 годзе ў Баранавічах. Маці яго рана памерла, таму бацька перавёз сына на Слонімшчыну, дзе яго выхоўвала бабуля. Талент паэта ў хлопчыку праявіўся рана. Ён пачаў пісаць вершы яшчэ ў пачатковай школе. І ўжо тады настаўніца прадказвала, што Валянцін будзе паэтам.

У трынаццацігадовым узросце ён стаў навучэнцам Віленскай беларускай гімназіі. Разам са сваім земляком Анатолем Іверсам пачалі выдаваць вучнёўскі часопіс “Золак”. У час вучобы ў Вільні юнак уступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, удзельнічаў у дэманстрацыях, распаўсюджваў лістоўкі і пісаў вершы рэвалюцыйнага зместу, якія здзіўлялі сваёй даросласцю.

У 1929 годзе падпольшчык Таўлай (15-гадовы!) быў арыштаваны і дзесяць месяцаў правёў за кратамі. Дзякуючы абароне адваката, выйшаў на волю.

Напрыканцы 1930 года нелегальна перайшоў мяжу ў Савецкую Беларусь. Апынуўся ў Мінску і ў 17-гадовым узросце ўладкаваўся на работу ў рэдакцыю газеты “Звязда”: пісаў артыкулы, аналізаваў замежную прэсу, чытаў лекцыі пра Заходнюю Беларусь. Вучыўся ў БДУ. Пазнаёміўся з класікамі беларускай літаратуры, у тым ліку з Купалам і Коласам.

Напрыканцы 1932 года юнака накіравалі на падпольную работу ў Варшаву, дзе ён выдаваў “Беларускую газету” і сабраў вакол яе таленавітую моладзь.

Па яго ініцыятыве адбыўся першы з’езд пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Кіраўніцтва падполля вырашыла вярнуць яго ў Мінск, але, пераходзячы мяжу, Таўлая зноў арыштавалі. Пяць гадоў ён адсядзеў за кратамі.

Незадоўга да далучэння Заходняй Беларусі да Савецкай Беларусі Валянціна прыгаварылі да расстрэлу.

Але хутка Гродна (дзе хлопец сядзеў у турме) перай шоў у рукі Чырвонай Арміі, і прыгавор не прывялі ў выкананне.

Два перадваенныя гады Валянцін пражыў у Лідзе: там бацька пабудаваў дом. Хлопец пачаў працаваць у лідскай раённай газеце “Уперад”.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Валянцін арганізаваў антыфашысцкае падполле на Навагрудчыне, стварыў разведвальную групу “Буравеснік”. Пісаў вершы ў партызанскую прэсу. У верасні 1943 года фашысты арыштавалі хлопца, а таксама яго бацьку і мачыху, калі Валянцін зайшоў да іх пераначаваць, вяртаючыся з Вільні. Яго родных адправілі ў Асвенцым, дзе яны і загінулі, а Таўлая вызвалілі з турмы віленскія сябры-паэты.

Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сустрэў у Навагрудку. У першыя ж пасляваенныя дні ўзяўся за аднаўленне гарадской друкарні. Стаў працаваць у рэдакцыі раённай газеты. Неўзабаве жонка Янкі Купалы запрасіла яго ў Мінск – яна пачала ствараць музей песняра. Валянціна чакаў вельмі радасны час: Таўлай заняўся даследчай работай, а таксама пачаў рыхтаваць да выдання сваю кнігу вершаў “Шляхі і краты” , стаў бацькам (у яго нарадзілася дачка, мая цёзка). Але радасць была нядоўгай. Хвароба сэрца забрала паэта на той свет у чэрвені 1947 г. Ён пражыў вельмі насычанае падзеямі жыццё. На жаль, нядоўга.

Галіна АНТОНАВА.

Статьи по теме: