Да Дня беларускага письменства: Успаміны пісьменніка

 

Да Дня беларускага письменства: Успаміны пісьменніка

Культура
14.08.2019
1072
Свята беларускага пісьменства заўжды чакаюз радасцю: харошы момант, каб сустрэцца з калегамі па пяру, абмеркаваць літаратурны працэс у Беларусі, што новага з’явілася ў друку, пагаварыць пра тэмы, што ўздымае ў сваіх творах моладзь.

На першае свята трапіў у сталіцу кніжнай дзяржаўнасці і першую сталіцу нашай краіны - у Полацк у 1994 годзе. Праз тры гады быў у Нясвіжы, дзе са старажытнасці віравала надзвычай змястоўнае духоўнае жыццё, дзейнічаў адзін з лепшых у Еўропе тэатраў.

Тут знаходзілася рэзідэнцыя князёў Радзівілаў, якія актыўна спрыялі развіццю кнігадрукавання. Крэўнымі ніткамі з горадам быў звязаны знакаміты дзеяч беларускай культуры, гуманіст, філосаф, асветнік, гісторык Сымон Будны. Вельмі хацелася яшчэ раз дакрануцца да гістарычных муроў культурнай спадчыны, дзе выдадзена першая  беларускамоўная кніга на тэрыторыі Беларусі “Катэхізіс”, надрукаваная кірылічным шрыфтам. Дарэчы, менавіта ў Нясвіжы ў свой час я паўгода асвойваў школу маладога байца войскаў Урадавай сувязі.

У 2000 быў на свяце ў Заслаўі. У 2009 – у Смаргоні, у горадзе, які праславіўся папяровай мануфактурай, абаранкамі (ці правільней - абваранкамі). З горадам майго юнацтва звязана імя нацыянальнага паэта ХІХ стагоддзя Францішка Багушэвіча, які абудзіў наш сапраўдны голас і годнасць роднай мовы.

Больш за ўсё запомнілася першае свята. Няхай яно было, на мой погляд, перанасычана рознымі мерапрыемствамі, калі прысутныя нават не паспявалі наведаць асобныя пляцоўкі. Але задавальненне ад розных імпрэзаў засталося больш, чым у 2017-м (свята зноў было ў Полацку), калі пляцоўка “Слова пісьменніка” была ў ражку культурнай прасторы горада. Усе імкнуліся на галоўны пляц - туды, дзе танчаць, дзе музыка. І абавязкова на такім свяце павінна давацца больш інфармацыі пра пісьменнікаў-землякоў, бо не ўсе шырока вядомыя.

Па-першае, выдацца ў дзяржаўным выдавецтве нялёгка. Па-другое, крытыка можа і не заўважыць вашу кнігу. Па-трэцяе, рэкламу таксама сам пісьменнік павінен сабе рабіць. Музыкі і спевакі павесяляць народ, а пра тое, што на свята Роднага слова прыйшлі многія, нават не датумкаюць. Лічу, што галоўны герой такіх святаў павінен быць усё ж  пісьменнік, а не музыка ці спявак.

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ, член Саюза пісьменнікаўБеларусі.

Статьи по теме: