Станавіся, народ, ў “Жодзішкаўскі карагод”, або Як на Смаргоншчыне адраджаюць побытавыя танцы

Культура
12.06.2019 10:24
811
Фестываль побытавых танцаў “Жодзішкаўскі карагод” – брэндавае мерапрыемства аграгарадка Жодзішкі. Упершыню яно прайшло ў мінулым годзе. Сёлета на мерапрыемстве акрамя смаргонскіх прымалі ўдзел творчыя калектывы з Валожыншчыны, Астравеччыны і Маладзечаншчыны.

Як адзначылі арганізатары, калі задумвалася гэтае свята, то перш за ўсё бралася пад увагу мэта - папулярызаваць простыя побытавыя беларускія танцы, якія калісьці танцавалі нашыя продкі.

IMG_9060.jpg

Адметнай рысай сёлетняга фестывалю стаў танцавальны конкурс “Вуліца на вуліцу”, удзел у якім прынялі восем пар – жыхары Жодзішак. Убачыць, як праходзіць гэтае свята, прыехалі нават госці з Мінска - загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат культуралогіі, дацэнт, сябра Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Калацэй; эксперт міжурадавага камітэта па пытаннях аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, член Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА, старшыня фонду “Культурная спадчына і сучаснасць” Ала Сташкевіч; збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры, этнахарэограф, этнапедагог, арганізатар фальклорных фестываляў “Беларуская полька”, “Берагіня”, “Мяцеліца” Мікалай Козенка; вядучы спецыяліст па пытаннях аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, член Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь Алена Каліноўская, начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражэва. На суд журы, у склад якога ўвайшлі вышэйназваныя госці, удзельнікі конкурсу прадставілі “Польку–матылёк”, “Какетку” “Ойру” і танец “Лысы”.

IMG_9223.jpg

IMG_9068.jpg

IMG_9129.jpg

IMG_9108.jpg

IMG_9156.jpg

IMG_9083.jpg

Як адзначыла Таццяна Ражэва, журы было складана выбраць пераможцаў, таму што сярод танцораў не было ні воднага, хто б займаўся танцамі прафесійна. Аднак лепшай стала пара маці і сына Раісы і Сяргея Мізулаў з вуліцы Камсамольскай.

IMG_9385.jpg

Раіса і Сяргей МІЗУЛЫ


Асаблівасцю фестывалю “Жодзішкаўскі карагод” стала прэзентацыя ўзорным ансамблем народнай музыкі “Гулянок” найгрышаў (народных інструментальных мелодый), якія на працягу апошніх 15 - 20 гадоў кіраўнік ансамбля Чэслаў Жых збіраў у нашага земляка Уладзіслава Буцько. 

IMG_9356.jpg

IMG_9275.jpg

IMG_9345.jpg

На Смаргоншчыне існавала вялікае мноства слынных народных музыкантаў, сярод якіх быў і гэты чалавек. У першай палове ХХ стагоддзя шляхам вуснага пераймання ён навучыўся ад розных народных  музыкаў іграць найгрышы “Ліцьвін”, вальс “Вішанька”, марш “Вясельны”, польку “Шабасоўку”, “Нарэчаньку”, польку “На кажухі”, вальс “Златыя горы”, а таксама імправізацыі на тэму полькі, вальса, танга, факстрота, кракавяка, абэрака. Цяпер частка з іх актыўна выкарыстоўваецца носьбітамі, частка захавалася ў форме аўдыёзапісаў, якія знаходзяцца ў стадыі расшыфроўкі і асваення ў рамках работы па захаванню, распаўсюджванню і папулярызацыі.

Па заканчэнні свята адбыўся круглы стол на тэму “Формы захавання элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыйны музычна-інструментальны выканальніцкі стыль Смаргонскага міжрэчча Віліі і Гальшанкі”. Удзел у ім прынялі супрацоўнікаў аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама, раённага Цэнтра культуры, а таксама госці з Мінска. Было вырашана распрацаваць праграму захавання элемента на бліжэйшыя пяць год, прапанаваны шэраг ідэй для арганізацыі мерапрыемстваў па папулярызацыі, захаванні і развіцці традыцыйнага музычна-інструментальнага выканальніцкага стылю Смаргонскага міжрэчча Віліі і Гальшанкі, акрэслены пытанні падрыхтоўкі матэрыялаў для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Смаргонскай традыцыйнай музыцы.

- Наша краіна адна з першых падпісала канвенцыю па ахове культурнай спадчыны. З таго часу гэтаму пытанню надаецца вельмі шмат увагі. Тыя найгрышы, якія мы сёння пачулі ў Жодзішках, маюць права жыць, - адзначыў Вячаслаў Калацэй.

IMG_9436.jpg

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ


Варта адзначыць, што такі элемент, як традыцыйная інструментальная музыка, будзе падавацца ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь упершыню. Ёсць у інвентары жывой спадчыны Беларусі і спеўныя, і танцавальныя, і кулінарныя, і ткацкія, і разнастайныя абрадавыя традыцыі. Але з інструментальнай музыкай Смаргонскі раён выступіць першым.

Сяргей ЮРЭВІЧ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений